Першай сусветнай акопы. Жалезабетон… Бліндажы…

- 11:11Краязнаўства

Адной з адметнасцей Пастаўскага раёна з’яўляецца вялікая колькасць аб’ектаў, звязаных з падзеямі Першай сусветнай вайны. Гэта акопы, траншэі, жалезабетонныя ўмацаванні, чыгуначныя насыпы, магілы салдат, патроны, гільзы, вайсковы рыштунак, рэшткі зброі, калючага дроту. Такое “багацце” звязана з тым, што амаль тры гады праз Паставы праходзіла лінія фронту, а ў сакавіку 1916 года ў ваколіцах горада адбываліся найбольш жорсткія баі Нарацкай аперацыі. Усе гэтыя “сведкі” вартыя вывучэння і ўпарадкавання.

У канцы сакавіка адзначаецца 100-годдзе з часу правядзення Нарацкай аперацыі — адной з самых крывавых падзей Першай сусветнай вайны. З гэтай нагоды ў Паставах Віцебскай вобласці і ў Нарачы Мядзельскага раёна Мінскай вобласці адбыліся міжнародныя навуковыя канферэнцыі з удзелам спецыялістаў і даследчыкаў, якія распрацоўваюць тэму Вялікай вайны. На іх з дакладам выступіў і настаўнік геаграфіі Пастаўскай гімназіі Ігар Міхайлавіч Пракаповіч, які на працягу ўжо амаль 30 гадоў даследуе з навучэнцамі памяткі той вайны, арганізоўвае вандроўкі і экспедыцыі, рыхтуе даследчыя работы, артыкулы, выдае кнігі.

У другой палове 80-х гадоў, калі толькі пачынаў займацца турызмам і краязнаўствам, сутыкнуўся з праблемай адсутнасці інфармацыі пра падзеі і аб’екты тых далёкіх крывавых часоў. Арганізоўваючы вандроўкі і экспедыцыі, мы з вучнямі пастаўскай сярэдняй школы № 1 (удзельнікамі навуковага краязнаўчага таварыства школьнікаў “Ювента”) разам з іншымі прыроднымі, гістарычнымі і культурнымі з’явамі збіралі і апісвалі памяткі імперыялістычнай вайны. Першую сістэматызацыю назапашаных матэрыялаў зрабілі ў сярэдзіне 90-х, калі сталі ўдзельнікамі I этапу Усебеларускай турыстычна-краязнаўчай экспедыцыі навучэнцаў “Наш край”. Тады адзін з найбольш зацікаўленых вучняў-даследчыкаў Яўген Петракоў за матэрыялы па даследаванні лініі фронту Першай сусветнай вайны атрымаў 1-е месца на абласным і рэспубліканскім конкурсах і быў узнагароджаны прызам “Крышталёвы яблык” на агульнабеларускай канферэнцыі школьнікаў, што прайшла ў НДЦ “Зубраня” ў 1997 годзе.
У той час у друку з’явіліся і першыя аўтарскія публікацыі па гэтай тэме: артыкулы “Сляды Першай сусветнай…” (часопіс “Беларуская мінуўшчына”, 1996 год), “Эхо далёкой войны…” (газета “Туризм и отдых”, 1995 год), “Нямецкія чыгункі на Пастаўшчыне” (газета “Пастаўскі край”, 1996 год). Крыху пазней, у 2003 годзе, матэрыял пра чыгункі быў змешчаны ў брашуры “Крыжы і камяні: нарысы па гісторыі Пастаўскага краю”.
Вучні заканчвалі школу, станавіліся студэнтамі, ім на змену прыходзілі новыя юныя даследчыкі, якія пашыралі і паглыблялі абсягі пошукаў. Шэраг адметных экспедыцый быў праведзены ў 2003—2004 гадах, калі з удзельнікамі школьнага навуковага таварыства на веласіпедах аб’ехалі і даследавалі амаль усе цікавыя аб’екты на адлегласці 8—10 км ад раённага цэнтра. Сабраныя матэрыялы склалі аснову брашуры-даведніка “Ваколіцы Паставаў”, у якой утрымліваюцца звесткі пра памяткі Першай сусветнай вайны з маршрутамі краязнаўчых вандровак. Некаторыя выпускнікі і пасля заканчэння школы бралі актыўны ўдзел у даследаваннях гісторыі і геаграфіі раёна. Так, у 2006 годзе з Ірынай Заяц, на той час студэнткай журфака БДУ, мы напісалі кнігу “Мястэчка над возерам”, у якой пададзены матэрыялы пра паселішча Задзеўе, якое апынулася на перадавых пазіцыях германскіх войск і было амаль поўнасцю знішчана. Надрукаваны там і ўспаміны ўраджэнкі суседняй вёскі Дукі В.Лазікевіч-Лубнеўскай пра пачатак супрацьстаяння і гаротны стан людзей, якіх вайна пазбавіла роднай хаты і роднай зямлі.
Важнай навуковай падзеяй стала правядзенне 28—29 лістапада 2008 года ў Паставах Міжнароднай канферэнцыі “Першая сусветная вайна: трагедыя, гераізм, памяць, прымірэнне”, для ўдзелу ў якой прыехалі навукоўцы і даследчыкі з Санкт-Пецярбурга, Мінска, Вілейкі, Смаргоні, Мядзела: Г.Лянькевіч, А.Семікаў, Г.Малышаў, Ю.Папоў, У.Багданаў, В.Тадра, А.Вавілаў, Б.Цітовіч, А.Рогач, У.Прыхач, У.Лігута, В.Праўдзюк, К.Аляксандраў. Аўтар гэтых радкоў выступіў з дакладам “Помнікі Першай сусветнай вайны на тэрыторыі Пастаўшчыны”, а дачка Юлія, вучаніца 11 класа сярэдняй школы № 1, актыўная ўдзельніца краязнаўчага руху, — з дакладам “Магчымасці выкарыстання помнікаў Першай сусветнай у турыстычных мэтах”.
Канферэнцыя ставіла за мэту звярнуць увагу грамадскасці на Першую сусветную вайну як на глабальную еўрапейскую трагедыю, вынікі якой і цяпер з’яўляюцца важным урокам у развіцці чалавечай цывілізацыі. Гісторыя паказвае: калі не адбываецца асэнсавання прычын і наступстваў трагічных падзей у грамадзянскай супольнасці, гэта можа прывесці да іх паўтарэння ў больш страшных формах, як гэта адбылося ў часы Другой сусветнай вайны. Ініцыятарамі і арганізатарамі правядзення форуму сталі Пастаўскі райвыканкам і раённы краязнаўчы музей. Канферэнцыя дазволіла не толькі падвесці некаторыя вынікі вывучэння падзей Першай сусветнай вайны, але і акрэсліць многія белыя плямы, якія яшчэ існуюць пры распрацоўцы гэтай тэмы. Канферэнцыя стала штуршком для далейшых пошукаў матэрыялаў пра падзеі той вайны.
У 2009—2014 гадах аўтару разам з вучнямі навуковага таварыства “Глорыя” Пастаўскай гімназіі ўдалося правесці шэраг грунтоўных экспедыцый па былой лініі фронту на тэрыторыі Пастаўскага і Мядзельскага раёнаў. Найбольш каштоўныя звесткі і экспанаты ўдалося выявіць падчас даследавання волакаў паміж азёрамі Мядзел, Мястра і Нарач (2009—2010 гады), пры правядзенні вандроўкі на германскі ўмацаваны раён паміж азёрамі Задзеўскае і Дукі (2011 год), двухдзённай экспедыцыі ў раён азёр Чэцверць і Споры (2012 год), трохдзённых экспедыцый у ваколіцы вёсак Ярэва (2012 год) і Дзеравянкі — Манькавічы — Сарочына (2013 год). Падчас наведвання ваколіц вёсак Задзеўе і Дукі было выяўлена і абследавана 20 германскіх жалезабетонных умацаванняў. Частка збудаванняў пашкоджана, але большасць знаходзіцца ў даволі добрым стане. Некаторыя з іх узвышаюцца над зямлёй, іншыя поўнасцю засыпаны. Таксама адбылася сустрэча з мясцовым жыхаром, які расказаў пра некаторыя эпізоды, звязаныя з часамі Першай сусветнай вайны. Удзельнікі экспедыцыі выявілі і агледзелі тагачасныя пахаванні на могілках у вёсцы Дукі. Пры вывучэнні раёна было знойдзена некалькі гільз, кавалкі ад снарадаў, пераносная печка. Па выніках даследавання вучні гімназіі Ілья Мачанскі і Раман Чыпко падрыхтавалі навуковую работу “Вывучэнне германскага ўмацаванага раёна Першай сусветнай вайны паміж азёрамі Задзеўскае і Дукі”, з якой выступалі на раённай і абласной канферэнцыях, дзе атрымалі дыпломы І ступені.
Падчас трохдзённай экспедыцыі ў ваколіцы вёскі Ярэва ўдалося выявіць месцазнаходжанне помніка прускаму генерал-фельдмаршалу графу Барфусу, які быў пастаўлены ў часы Першай сусветнай вайны амаль у цэнтры вёскі. Імя гэтага вядомага военачальніка насіў 17-ы пяхотны полк (4-ы Вестфальскі), які размяшчаўся на пазіцыях у тутэйшай мясцовасці. Таксама былі абследаваны шматлікія ўмацаванні і могілкі каля вёсак Свілэлі, Лясныя Муляры, Цаліно, Ярэва, дзе адбываліся найбольш жорсткія баі падчас Нарацкай аперацыі.
Трэба адзначыць, што вывучэнне падзей Першай сусветнай вайны на Пастаўшчыне адбываецца ва ўзаемадзеянні з дасведчанымі і зацікаўленымі знаўцамі гісторыі, у першую чаргу з Уладзімірам Багданавым, які шчодра дзеліцца сваімі матэрыяламі, з’яўляецца выдатным кансультантам. Разам з ім, а таксама з супрацоўнікам Пастаўскага краязнаўчага музея Вадзімам Шышко, фатографам Антонам Чалеем удалося правесці шэраг паездак па месцах баявых дзеянняў даўняй вайны.
Нязначную частку сабраных звестак разам з дачкой Юліяй сістэматызавалі і выдалі ў фармаце невялікай кнігі “Памяткі Першай сусветнай вайны на Пастаўшчыне” ў 2012 годзе. У кнізе “Чароўны край — Пастаўшчына” асобны параграф прысвечаны падзеям той Вялікай вайны, ёсць матэрыялы і ў дадатках — дыску прэзентацый і сшытку “Ці ведаеце вы Пастаўскі край?”.
У мінулым годзе федэрацыя прафсаюзаў краіны праводзіла конкурс турыстычных праектаў “Беларусь у новым абліччы”. Па заказе Пастаўскага райкама прафсаюзаў мной быў распрацаваны маршрут “Ад Мядзела да Паставаў па лініі фронту Першай сусветнай вайны”. Ён праходзіць праз вёскі Баяры, Расохі, Маўчаны, Мікіткі, Пятроўшчына, Дзеравянкі, Манькавічы, Сарочына. Па маршруце можна праехаць на веласіпедах або на аўтамабілях і ўбачыць шматлікія аб’екты, звязаныя як з падзеямі вайны, так і з прыроднымі асаблівасцямі нашай мясцовасці.
Вельмі добра, што апошнім часам на Пастаўшчыне і Мядзельшчыне паступова пашыраецца кола людзей, якія цікавяцца падзеямі і помнікамі той вайны, упарадкоўваюцца вайсковыя пахаванні, вывучаецца і апісваецца тое, што адбывалася ў пачатку ХХ стагоддзя. Але давайце глядзець на падзеі той вайны не вачыма імператараў і военачальнікаў, якія ставілі перад сабой пэўныя геапалітычныя мэты, а вачыма мясцовых жыхароў, якія воляй лёсу апынуліся ў эпіцэнтры крывавай бойні, якая разбурыла спрадвечны лад жыцця, прынесла смерць, рабаўніцтва, здзекі, гвалт. Прыкра, але да сённяшняга часу так і не вызначана колькасць загінуўшых тутэйшых жыхароў, колькасць спаленых хат і вёсак, колькасць сем’яў, якія сталі бежанцамі. На маю думку, варта стварыць мемарыял памяці мясцовых жыхароў, якія сталі ахвярамі той вайны.

Ігар ПРАКАПОВІЧ,
настаўнік геаграфіі Пастаўскай гімназіі.