Першая настаўніца ва ўсім павінна быць першай

- 11:00Адукацыйная прастора

Першая настаўніца ва ўсім павінна быць першай. Думаю, са мной пагодзяцца вучні 4 класа гімназіі з беларускай мовай навучання № 23 Мінска, бо іх настаўніца заўсёды на перадавой. Яна не выпадае з сучаснага кантэксту навучання і выхавання. Яна яго стварае. Нядаўна Святлана Пятроўна Луцкая атрымала грамату Міністэрства адукацыі за актыўную работу па напаўненні адзінага инфармацыйна-адукацыйнага рэсурсу, створанага па ініцыятыве профільнага ведамства. Настаўніца стварала кантэнт па беларускай мове для 3 класа, а яе вучні ёй дапамагалі — былі першымі і галоўнымі спажыўцамі новага фармату навучання. Дзецям спадабалася. А як жа інакш! Святлана Пятроўна ўклала ў гэтую работу не толькі свае веды і вопыт, але і частку душы.

Па-іншаму яна не можа. Канечне, хвалявалася і перажывала, бо, па сутнасці, была першапраходцам. Калі па іншых прадметах пэўны кантэнт быў створаны, то па беларускай мове ў інтэрнеце вы асабліва нічога не знойдзеце. Дапамагаў вопыт і жаданне рухацца наперад у цікавым напрамку. Канечне, значнай стала падтрымка і дапамога калег у гімназіі, асабліва дырэктара Ірыны Леанідаўны Пасюкевіч і намесніка дырэктара па вучэбнай рабоце Галіны Сафронаўны Полудзень. У рэжыме нон-стоп працавалі з педагогамі метадысты Нацыянальнага інстытута адукацыі і Мінскага гарадскога інстытута адукацыі.

“Мінулай вясной усім нам давялося падстройвацца пад новыя рэаліі. Калі пачалася пандэмія, мы перайшлі на дыстанцыйнае навучанне. Але ў выніку нам у гімназіі ўдалося арганізаваць эфектыўнае навучанне на адлегласці, хоць спачатку і было крыху трывожна, бо ў мяне быў 3 клас. Аднак, як гавораць, у страху вочы вялікія. Анлайну я не баялася. Акрамя таго, у мяне былі дзеці, якія прыхо­дзілі ў клас, і былі тыя, хто вучыўся з дому. Таму ўрок даводзілася будаваць для анлайну і афлайну. З тымі, хто быў дома, мы працавалі ў Skype. Вядома, спачатку яны не ведалі, што гэта і як гэта можна выкарыстоўваць. Але ў выніку мы разабраліся, і мае трэцякласнікі захапіліся працэсам. Велізарная падзяка бацькам, якія падтрымлівалі і дапамагалі”, — пачала гаворку Святлана Пятроўна.

Дзеці хутка ўсё асвоілі, яны ведалі, як і калі трэба падключацца да анлайн-урока, разабраліся з магчымасцямі Skype. Вельмі ім падабалася, што можна было не толькі слухаць педагога, але і задаваць пытанні. Увогуле, тады яшчэ трэцякласнікі хутка асвоілі новыя тэхналогіі і, што вельмі важна, навучыліся культуры зносін у сетцы. “У класе было 20 чалавек, якія вучыліся з дому. У гімназіі ў класе сядзелі 6 чалавек. Мы змаглі арганізаваць паўнавартасны вучэбны працэс, у ходзе якога дзеці набылі і зусім новыя навыкі. Напрыклад, я рассылала заданні ў Word. Нехта выконваў іх у сшытку, фатаграфаваў і дасылаў у Viber, а хтосьці рабіў заданні прама ў Word і дасылаў мне назад.

Яшчэ рэгулярна давала спасылкі на вучэбнае відэа, адукацыйныя мульцікі. Спачатку перажывала, ці змогуць яны іх адкрыць. Але, як аказалася, дарэмна. І гэта пры тым, што спасылкі дасылала ў Viber, а адкрываць іх трэба было на сваім камп’ютары або планшэце”, — працягвае Святлана Пятроўна.

Вядома, каб падрыхтавацца да такіх урокаў, трэба было самой перагледзець і перачытаць шмат крыніц, адабраць патрэбны матэрыял, падабраць да яго заданні, а ў дадатак — спасылкі. Але дапамагаў назапашаны вопыт і цікавасць да новага. Да нечага педагог звярталася раней. Напрыклад, да інтэрнэт-рэсурсаў па матэматыцы ці рускай мове. Міністэрства па надзвычайных сітуа­цыях зрабіла выдатную серыю міні-мульцікаў для АБЖ “Чароўная кніга МНС”. Кожны мульцік — мноства карыснай інфармацыі. Складаней за ўсё было з беларускай мовай. Тут ужо даводзілася ўсё рабіць самой.

Святлана Пятроўна Луцкая ўваходзіць у склад творчай групы па распрацоўцы модуляў па вучэбным прадмеце “Беларуская мова” для 3 класа ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі для адзінай адукацыйнай платформы Міністэрства адукацыі. Распрацавала 17 вучэбных модуляў. У 2019/2020 навучальным годзе падрыхтавала відэаўрокі па арганізацыі адукацыйнага працэсу па вучэбным прадмеце “Беларуская мова” ў 3 класе для размяшчэння на сайце Мінскага гарадскога інстытута развіцця адукацыі ў раздзеле “Дамашняя школа”.

У 2019 годзе прыняла ўдзел у Рэспубліканскім круглым стале па стварэнні новага буквара, арганізаваным Нацыянальным інстытутам адукацыі. Святлана Пятроўна правяла майстар-клас у рамках гарадскога семінара-практыкуму для настаўнікаў пачатковых класаў “Выкарыстанне метаду мадэлявання на вучэбных занятках па матэматыцы”. Актыўна ўдзельнічае ў пасяджэннях раённага метадычнага аб’яднання настаўнікаў пачатковых класаў, дэманструе педагагічны вопыт на пастаянна дзеючым майстар-класе для настаўнікаў пачатковых класаў Мінска ўстаноў адукацыі з беларускай мовай навучання.

Акрамя таго, С.П.Луцкая супрацоўнічае з Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэтам імя Максіма Танка. З’яўляецца ўдзельнікам праекта “Ад культуры чытання — да культуры асобы”, які распрацаваны і рэалізуецца на факультэце пачатковай адукацыі. Святлана Пятроўна праводзіць практыка-арыентаваныя вучэбныя заняткі для студэнтаў факультэта.

“А затым па прапанове Мінскага гарадскога інстытута развіцця адукацыі мы ў гімназіі зрабілі некалькі відэаўрокаў па беларускай мове. Беларускамоўнага кантэнту ў інтэрнэце няма, таму рабілі самі з нуля. Тое, што зараз з’явіўся рэсурс Міністэрства адукацыі, на якім акумуляваны відэаўрокі па розных прадметах для розных класаў, вельмі добра. Для многіх настаўнікаў гэта вялікая дапамога, асабліва для маладых”, — адзначыла настаўніца.

На гэтым рэсурсе можна знайсці вучэбныя модулі па беларускай мове для 3 класа (тэмы 3, 4 чвэрці), якія распрацавала Святлана Пятроўна. У вучэбныя модулі ўвахо­дзяць відэафрагменты ўрокаў з тлумачэннем новага матэрыялу і невялікім кропкавым замацаваннем, у якім даюцца творчыя заданні. Рэкамендуецца паставіць відэа на паўзу, выканаць заданне, а потым зверыць яго з эталонам. Адпрацоўваецца схема: пачуў — даведаўся — выканаў — праверыў. У модуль уваходзяць і тэсты для першаснага замацавання вучэбнага матэрыялу.

“Мне падабаецца тое, што атрымалася. Усе відэаўрокі метадычна вывераныя. Увесь матэрыял пададзены згодна з вучэбнай праграмай, улічваюцца ўзроставыя асаб­лівасці дзяцей. Мы ўважліва сачылі за храналогіяй урока, за будовай фраз, за паслядоўнасцю дзейнасці. Натуральна, усе ўрокі абапіраюцца на падручнікі. Вядома, гэты адукацыйны рэсурс не заменіць настаўніка, але дапаможа, калі па нейкіх прычынах дзіця прапусціла ўрокі.

Я, дарэчы, азнаёміла сваіх вучняў з гэтым рэсурсам. Зрабіла гэта мэтанакіравана. Цяпер, калі яны нешта прапусцілі па хваробе альбо проста не разабраліся, яны ве­даюць, куды можна зайсці, каб разабрацца з узнік­лымі пытаннямі. І мае вучні заходзяць, каб праверыць свае веды, для чаго выконваюць кантрольныя тэсты. Увогуле, для дзяцей гэта зразумелы кантэнт, яны прымаюць і разумеюць прапанаваныя заданні, таму перыядычна заходзяць на гэты сэрвіс.

Увогуле, уся гэтая работа ўзбагаціла і мяне, і дзяцей, зрабіла нас больш мабільнымі і гнуткімі. Разам з тым мы адчулі каштоўнасць вочнага навучання, калі важна бачыць вочы адно аднаго, адчуваць настрой, атрымліваць зваротную сувязь, кантраляваць дзейнасць, што вельмі важна. Дзецям у пачатковай школе абавязкова патрэбен настаўнік, які дапаможа і падтрымае. Акрамя таго, ім неабходны жывыя зносіны, сяброўскія кантакты. Усё гэта аказвае ўплыў на іх развіццё і сацыялізацыю”, — лічыць Святлана Пят­роўна.

Безумоўна, першая настаўніца — важны чалавек у жыцці кожнага дзіцяці. Менавіта яна задае тон далейшаму навучанню і выхаванню маленькага чалавека, фарміруючы яго як асобу. Настаўнікі пачатковых класаў сапраўды асаблівыя людзі, бо іх праца вельмі далікатная. Яны вучаць вучыцца, верыць у сябе. А апошняму можа навучыць толькі ўпэўнены ў сабе педагог.
З дзецьмі Святлана Пятроўна працуе больш за 20 гадоў. Калі паўстала пытанне выбару прафесіі, то мая сённяшняя гераіня не задумваючыся выбрала педагогіку. Чаму? Адказ просты: вырасла ў сям’і педагогаў, таму разумела, што такое школа, што значыць рыхтавацца да ўрокаў. Не адну га­дзіну правяла ў лабаранцкай, пакуль мама праводзіла ўрок. Да таго ж і цётка была настаўніцай пачатковых класаў. Святлане Пятроўне заўсёды цікава і камфортна працаваць з дзецьмі. Настаўніцтва — тая сфера, дзе ўвесь час нешта адкрываеш у сабе, чарговы раз пераконваючыся, што знаходзішся на сваім месцы.

Напрыклад, калі ўдзельнічала ў гарадскім конкурсе прафесійнага майстэрства “Панарама інавацыйных адукацыйных практык “Акадэмія ўрока”, то ўсвядоміла свой метадычны вопыт і тыя магчымасці, які ён дае.

“Калі ты разумееш, што за ноч можаш прыдумаць урок для зусім незнаёмых дзяцей, прагназуючы іх вучэбныя інтарэсы і магчымасці, то гэта дае сілы і ўпэўненасць у сабе. Я яшчэ раз пераканалася, што знахо­джуся ў той прафесіі, у якой і павінна знахо­дзіцца ў гэтым жыцці. Акрамя таго, конкурс дапамог не толькі зразумець сваю ролю, але і шмат чаму навучыў. У тым ліку і прэзента­ваць сябе, паказваць свае настаўніцкія здольнасці ў сістэме. Ключавую ролю ў паспяховым выступленні на конкурсе адыграла педагагічная інтуіцыя.

Калі гаварыць пра конкурсныя ўрокі, то ў памяці застаўся ўрок матэматыкі. Я прыйшла ў незнаёмы клас да дзяцей, якіх зусім не ведала, не разумела іх вучэбных магчымасцей, але ўрок атрымаўся. Ён спадабаўся і мне, і дзецям. Магчыма, таму, што ў некаторай ступені быў урокам-імправізацыяй. Вядома, я ішла з планам, з выразнымі контурамі этапаў урока, але па ходзе зразумела, што трэба хутка ўсё мяняць, інакш нічога не атрымаецца. У выніку мне ўдалося паказаць членам журы, што мае змены пайшлі толькі на карысць уроку.

Быў яшчэ адзін цікавы конкурсны ўрок рускай мовы. Зразумела, што гэта быў урок у незнаёмым класе і я ведала толькі яго тэму. Складанасць была ў тым, што працаваць давялося ў інтэграваным класе з невялікай колькасцю дзяцей. Калі ты прызвычаіўся працаваць мінімум з 25 вучнямі, то перастроіцца бывае няпроста.

Калі гаварыць пра метады, прыёмы і формы работы, то ў незнаёмым класе акцэнт рабіла на парнай рабоце, бо ў пары дзеці адно аднаго ведаюць. Яны ж сядзяць за адной партай, таму не проста знаёмы, але ўжо, напэўна, працавалі разам. Навучанне ў пары заўсёды эфектыўнае. Прыём “Роўны вучыць роўнага” добра спрацоўвае, бо часам дзеці чуюць і разумеюць адно аднаго лепш, чым настаўніка. Тым больш, калі ля дошкі стаіць зусім незнаёмы для іх педагог”, — расказала настаўніца.

У сваёй урочнай дзейнасці Святлана Пятроўна звяртаецца да самых розных форм узаемадзеяння з вучнямі. Ёй цікава, калі складана. Цікава, калі дзеці задаюць тэмп, калі падхопліваюць настрой педагога і рвуцца наперад. Гэта натхняе і матывуе на асобасны рост і развіццё.

“Заўсёды стараюся давяраць сваім дзецям, яны шмат працуюць самастойна, асабліва ў 3—4 класе. Правяраюць адно ў аднаго заданні, тлумачаць, што незразумела. Ацэньваюць адно аднаго. І калі я магу дзесьці патураць, то ў іх усё павінна адпавядаць прапанаваным крытэрыям.

Часта звяртаемся да групавой работы. Дзецям вельмі падабаецца працаваць у камандзе. Каб зрабіць гэтую работу больш цікавай, звяртаюся, напрыклад, да латарэі, якая дапамагае вызначыць лідара ў групе. А лідар — гэта адказнасць, якой вучацца ў выніку ўсе. На ўроку ёсць магчымасць прымерыць на сябе розныя сацыяльныя ролі, што, безумоўна, вельмі важна.

Яшчэ стараюся не даваць гатовых адказаў на пытанні. На сучасных дзяцей лепш дзейнічае пэўная недаказанасць, калі яны могуць самі дадумаць адказ на пытанне. Калі адказ не знахо­дзіцца за час урока, то даю заданне на дом. Як правіла, самыя цікаўныя пойдуць да канца: перагледзяць падручнікі, энцыклапедыі, зазір­нуць у інтэрнэт, але знойдуць адказ на пытанне. Дарэчы, паралельна вучу іх правілам работы з гаджэтамі, вучу, як і дзе шукаць інфармацыю. Сёння гэта вельмі патрэбныя і карысныя навыкі”, — зазначае Святлана Пятроўна.

Разам з тым у кабінеце вельмі шмат слоўнікаў, і настаўніца ўдзяляе шмат увагі рабоце з імі. Напрыклад, прапануе слова і два слоўнікі: арфаграфічны і тлумачальны. Дзеці разбіраюць сэнсавае значэнне слова і робяць арфаграфічны аналіз. Акрамя таго, у гэты час яны працуюць з папяровымі крыніцамі, што таксама важна ў разрэзе іх віртуаль­нага жыцця.
“Эфектыўны ўрок — гэта ўрок, які прыносіць радасць, калі дзеці не заўважаюць часу, таму што яны чымсьці занятыя. Эфектыўны ўрок заўсёды напоўнены дзейнасцю, якая прыносіць карысць. Дзеці любяць разнастайнасць у дзейнасці і эфект нечаканасці. Таму, каб ісці да мэты ўрока, бывае, на хаду карэкцірую некаторыя яго элементы”, — падсумае настаўніца.

Запаволіць імклівы час Святлане Пятроўне дапамагаюць родныя і сям’я, якія, безумоўна, падтрымліваюць яе ва ўсіх пачынаннях, але і сочаць, каб мама і дачка своечасова адпачывала. А яна ў сваю чаргу любіць пабалаваць іх смачненькім. Паколькі наша гаворка адбывалася напярэдадні свята 8 Сакавіка, то не магла не пажадаць сваёй гераіні заставацца такой жа ўсмешлівай і пазітыўнай.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.