Першыя крокі ў навуку

- 11:01Адукацыйная прастора

У гімназіі № 10 Гомеля трынаццаты раз прайшла адкрытая канферэнцыя вучэбна-даследчых работ навучэнцаў “Свабодны выбар”, якая сабрала юных даследчыкаў з розных устаноў адукацыі Гомельшчыны.

У рамках канферэнцыі працавалі 9 секцый, у кожную з якіх уваходзілі розныя школьныя прадметы, а таксама краязнаўства, культуралогія, сацыялогія, этыка, псіхалогія, здаровы лад жыцця. У розных з іх навучэнцы з 58 устаноў адукацыі Гомеля, Гомельскага, Жлобінскага, Добрушскага і Рэчыцкага раёнаў прадстаўлялі 206 даследчых работ. Варта адзначыць, што юнакам і дзяўчатам прыйшлося добра і сур’ёзна папрацаваць, паколькі актуальнасць, практычную значнасць праведзеных даследаванняў, важнасць атрыманых вынікаў ацэньвала экспертная камісія, у склад якой уваходзілі як метадысты гарадскога вучэбна-метадычнага кабінета, педагогі ўстаноў адукацыі Гомеля, так і выкладчыкі Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны, Гомельскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта.

Дзецям такая канферэнцыя спадабалася, — гаворыць намеснік дырэктара гомельскай гімназіі № 10 Наталля Васіленка. — Яна не толькі дазваляе ім развівацца, займацца даследчай дзейнасцю, але яшчэ ў многім дапамагае вызначыцца з будучай прафесіяй, наладзіць творчыя сувязі з даследчымі калектывамі і ўзаемадзейнічаць з выкладчыкамі ўстаноў вышэйшай адукацыі.

Аб зацікаўленасці дзяцей даследчай работай гаворыць і тэматыка дакладаў. Юныя навукоўцы не шукаюць сабе лёгкіх шляхоў, наадварот, спрабуюць разабрацца ў складаных тэмах. “Сем смяротных грахоў у адлюстраванні рускіх пісьменнікаў XIX стагоддзя”, “Асаблівасці і ўзаемасувязь грашовага абароту ў палітычным жыцці ВКЛ”, “Генеалагічныя дрэвы ў матэматыцы”, “PEE POWER — генератар электрычнай энергіі”, “Наш Скарына — наш герой!”.

Як адзначыла Наталля Фёдараўна, сёлета навучэнцы ў сваіх работах вялікую ўвагу ўдзялілі псіхалагічным аспектам, а таксама праблемам практычнага прымянення вынікаў сваіх даследаванняў. А ў цэлым канферэнцыя гарманічна сумясціла ў сабе публічныя выступленні ўдзельнікаў, сустрэчы вучняў і настаўнікаў з вядучымі навукоўцамі Гомельскага дзяржуніверсітэта, дыскусіі, прэзентацыі і іншыя формы навукова-педагагічнага ўзаемадзеяння.

Наталля ЛУТЧАНКА.