Першы аграрны клас у сталічнай школе: асаблівасці адукацыйнага працэсу

- 10:09Главная, Образование

Падчас асенніх канікул навучэнцы 10 класа аграрнай накіраванасці сярэдняй школы № 210 Мінска наведалі Беларускі дзяржаўны аграрны тэхнічны ўніверсітэт, дзе азнаёміліся з яго інфраструктурай, са спецыяльнасцямі, якія прапануюцца абітурыентам, і правіламі прыёму. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Мерапрыемства было арганізавана ў межах дамоўленасці, заключанай паміж сярэдняй школай і
БДАТУ аб дзейнасці класаў аграрнай накіраванасці. Планам прадугледжаны таксама правя­дзенне ва ўніверсітэце заняткаў з навучэнцамі па найбольш складаных тэмах факультатыўнага курса “Уводзіны ў аграрныя прафесіі”, вучэбных курсаў па профільных прадметах уступных выпрабаванняў, аказанне вучэбна-метадычнай дапамогі педагогу, які працуе ў агракласе, правядзенне ва ўніверсітэце тэматычнага мера­прыемства “Стань на адзін дзень студэнтам БДАТУ”, а таксама арганізацыя экскурсіі ў перадавую базавую арганізацыю АПК і наладжванне сустрэчы прадстаўнікоў заказчыкаў кадраў з навучэнцамі і іх баць­камі па пытаннях заключэння мэтавых дагавораў. 

— Профільнае навучанне садзейнічае выяўленню і развіццю ў навучэнцаў неабходных якасцей асобы і каштоўнасных арыентацый, ведаў, уменняў, навыкаў, вопыту, звязаных з будучай прафесійнай дзейнасцю, — адзначае намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы № 210 Рыта Угрын. — Чацвёрты год у нашай установе адукацыі дзейнічаюць педагагічныя класы, а з гэтага навучальнага года па запытах дзевяцікласнікаў і іх законных прадстаўнікоў мы адкрылі 10 “Б” клас аграрнай накіраванасці.

Ініцыятыва па адкрыцці такога класа зыходзіла ад начальніка ўпраўлення па адукацыі адміністрацыі Заводскага раёна Алены Цыпыловай. Рэсурсы (кадравыя, матэрыяльна-тэхнічныя, метадычныя) для арганізацыі навучання былі. Падмуркам паслужыў і паспяховы ўдзел навучэнцаў школы ў навукова-даследчай дзейнасці. Дзевяцікласніцы Ксенія Швед і Віялета Давідовіч пад кіраўніц­твам настаўніцы хіміі Юліі Кашыравай правялі работу “Карысны незнаёмец на нашым стале” (у цэнтры ўвагі былі ёгурты з агароднінным напаўняльнікам). У пазамінулым годзе навучэнец 5 класа Віктар Акуліч пад кіраўніц­твам настаўніцы біялогіі Вольгі Царыковіч правёў даследаванне “Мядзведка: таямнічы цвыркун-крот”, летась хлопец даследаваў няпарнага шаўкапрада. Дарэчы, работы Віктара былі адзна­чаны на гарадскім конкурсе “Пазнанне. Твор­часць. Адкрыццё” ў намінацыях “Лепшае палявое даследаванне” і “За захаванне навакольнага асяроддзя”. Сёлета юнак право­дзіць даследаванне па выяўленні натуральных кансервантаў. Поспех навучэнцаў у даследчай дзейнас­ці матывуе да гэтай работы і іх аднакласнікаў. 

У выніку быў адкрыты профільны клас — мадэль 1 — аграрнай накіраванасці, у якім на павышаным узроўні школьнікі вывучаюць матэматыку (6 га­дзін на тыдзень) і фізіку (4 гадзіны на тыдзень), а таксама наведваюць факультатыўныя заняткі “Уводзіны ў аграрныя прафесіі”, праграма якіх зацверджана Міністэрс­твам адукацыі і разлічана на 140 гадзін. Змест праграмы курса структураваны ў два блокі: “Уво­дзіны ў аграрную вытворчасць” і “Асновы аграрнай вытворчасці”, кожны з якіх змяшчае 4 модулі.

Агракласы з’явіліся ў беларускіх школах у 2018/2019 навучальным годзе для папулярызацыі сельскагаспадарчых прафесій. Па краіне класы і групы аграрнай накіраванасці адкрыты ў больш чым 400 установах агульнай сярэдняй адукацыі.

Для залічэння ў клас аграрнай накіраванасці навучэнцам неабходна было мець адзнакі па профільных вучэбных прадметах не ніжэй за 6 балаў, а сярэдні бал пасведчання аб агульнай базавай адукацыі — не ніжэй за 5 балаў.

— Наша задача — дапамагчы школьнікам вызначыцца з прафесійным выбарам. Данесці да навучэнцаў і іх законных прадстаўнікоў простую думку: сфера АПК далёка не такая, як 20, 30 гадоў назад. На змену цяжкай фізічнай працы прыходзяць механізацыя і аўтаматызацыя. Робаты на фермах, аўтасістэма кіравання статкам, дакладнае земляробства, калі палявыя работы праходзяць пад кантролем камп’ютара і спадарожніка, і інш. А значыць, галіне патрэбны спецыя­лісты, якія будуць гаспадарыць па-новаму. Важна таксама патлумачыць, што АПК — гэта мноства прафесій і магчымасцей, тым больш для спецыяліста з профільнай вышэйшай адукацыяй. З гэтай мэтай у рэкрэацыі школы каля агралабараторыі з дапамогай інфармацыйных стэндаў створана прастора, у якой навучэнцы могуць азнаёміцца з сучаснымі прафесіямі і структурай аграпрамысловага комп­лексу краіны, — заўважае Рыта Станіславаўна.

Навучанне ў профільных класах сельскагаспадарчай накіраванасці заклікана сфарміраваць цікавасць да аграрных прафесій, азнаёміць школьнікаў з тэхналогіямі вытворчасці сельгаспрадукцыі, даць веды аб узроўні тэхнічнага і энергетычнага забеспячэння сельскагаспадарчай вытворчасці, а таксама азнаё­міць з дзяржаўнай палітыкай развіцця аграпрамысловага комплексу краіны. На факультатыўных занятках, якія праводзіць у агралабараторыі Вольга Царыковіч, школьнікі вывуча­юць свет сельскагаспадарчых раслін і жывёл, атрымліваюць уяўленні аб тэхналогіях вытворчасці і ўмовах захоўвання сельгаспрадукцыі, селекцыі, біятэхналогіях, экалогіі, ветэрынарыі, генетыцы, а таксама аб тэхналагічным забеспячэнні сельгасвытворчасці. Для правядзення заняткаў педагог выкарыстоўвае нестандартныя формы: дыскусіі, дзелавыя гульні, праекты, творчыя заданні і інш.

— Наша лабараторыя аснашчана абсталяваннем, якое дазваляе зра­біць заняткі больш прадукцыйнымі і цікавымі. У распараджэнні навучэнцаў ёсць два электронныя мікраскопы: светлавы манакулярны мікраскоп, які дазваляе разглядаць мікраскапічныя аб’екты пры вялікім павелічэнні да 1000 разоў, і стэрэаскапічны мікраскоп, з дапамогай якога разглядаюцца як тонкія плёначныя празрыстыя аб’екты, так і аб’ёмныя. Гэты мікраскоп можна выкарыстоў­ваць не толькі на ўроках біялогіі, але і хіміі, фізікі, геаграфіі. Мікраскопы спалучаюцца з камерай, што дазваляе выводзіць выявы на экран камп’ютара ці мультыборда, — расказвае Вольга Аляксандраўна. —  Для вырошчвання раслін, правядзення даследаванняў з расліннымі арганізмамі лабараторыя аснашчана гідрапоннымі ўстаноўкамі. Іх прызначэнне — вырошч­ванне раслін без выкарыстання глебагрунта ў водных растворах рэчываў. Для складання раствораў розных канцэнтрацый, для вывучэння ўбывання іонаў у розных фазах росту раслін у лабараторыі ёсць нітратааналізатар і іонамер.

На думку настаўніцы, наяў­насць лабараторнага абсталявання дазваляе зрабіць заняткі больш практыка-арыентаванымі, сфарміраваць у навучэнцаў шэраг кампетэнцый, у тым ліку інфармацыйныя і даследчыя, тым самым закласці фундамент будучай мабільнасці, сацыяльнай адаптаванасці, паспяховасці. 

Узмацніць практычны складнік навучання дазволіць і супрацоўніцтва з Інстытутам мяса-малочнай прамысловасці Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, у межах якога прадуг­леджаны праф­арыентацыйныя мерапрыемствы з мэтай знаёмства з тэхналогіяй малочнай і мясной вытворчасці, правядзенне навукова-даследчай дзейнас­ці навучэнцаў з выкарыстаннем абсталявання лабараторый інсты­тута.

Педагогі школы спадзяюцца, што навучэнцы агракласа зробяць усвядомлены выбар будучай прафесіі, а многія скарыстаюцца магчымасцю паступіць у аграрныя УВА па выніках субяседавання. Для гэтага ім неабходна мець у атэстаце адзнакі па профільных прадметах не ніжэй за 7 балаў і атры­маць мэтавае накіраванне.

Наталля КАЛЯДЗІЧ