Першы раз — і ў яблычак

- 11:32Адукацыйная прастора

У канцы чэрвеня ў Клайпедзе (Літва) прайшла IV Міжнародная геаграфічная алімпіяда школьнікаў краін Балтыйскага рэгіёна (Baltic iGeo — 2017), у якой прынялі ўдзел каманды Латвіі, Літвы, Эстоніі, Польшчы, Расіі і Беларусі.

Каманда школьнікаў нашай краіны прымала ўдзел у Baltic iGeo ўпершыню. У склад беларускай каманды ўваходзілі сем удзельнікаў і два кіраўнікі. Гэта загадчык кафедры эканамічнай геаграфіі Беларусі і дзяржаў Садружнасці геаграфічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта кандыдат геаграфічных навук Генадзь Озем і дацэнт кафедры міжнароднага турызму факультэта міжнародных адносін Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта кандыдат геаграфічных навук Людміла Факеева.

Па выніках алімпіяды навучэнцы 10 класа гімназіі № 3 Магілёва Павел Стульнікаў і гімназіі № 1 Брэста Антон Засімук заваявалі сярэбраныя медалі, а навучэнец 10 класа гімназіі № 2 Віцебска Антон Жыльцоў стаў уладальнікам бронзавага медаля.

Удзельнікі алімпіяды былі адабраны па выніках Рэспубліканскай алімпіяды па геаграфіі і англамоўнага тура, які дапамагае адабраць школьнікаў для ўдзелу ў міжнароднай алімпіядзе. Дарэчы, алімпіяда ў Клайпедзе, як міжнародная, таксама была англамоўнай.

Удзелу ў міжнароднай алімпіядзе папярэднічала спецыяльная падрыхтоўка. Міністэрства адукацыі арганізоўвае падрыхтоўчыя зборы, якія праходзяць на працягу месяца. Сёлета яны ўпершыню былі арганізаваны на базе Мінскага гарадскога адукацыйна-аздараўленчага цэнтра “Лідар”. Як адзначыў Генадзь Зянонавіч Озем, медалі беларускія школьнікі заваявалі дзякуючы сумеснай працы школьных настаўнікаў, педагогаў “Лідара” і ўніверсітэцкіх выкладчыкаў.

Балтыйская алімпіяда была арганізавана краінамі, якія з’яўляюцца топавымі па выніках міжнароднай алімпіяды па геаграфіі. Каманды Польшчы і Расіі ў свой час станавіліся неаднаразовымі пераможцамі iGeo. Штогод добра выступае каманда Літвы. Не адстаюць Латвія і Эстонія. Канкурэнтамі ў нашых школьнікаў на Балтыйскай алімпіядзе былі прадстаўнікі тых краін, якія штогод намініруюцца на дыпломы Міжнароднай алімпіяды па геаграфіі.

“Спецыфіка гэтай алімпіяды — не адно палявое практычнае заданне, а два. І расстаўляліся яны па ходзе алімпіяды досыць арыгінальна. Мы прыехалі, і пасля невялікага адкрыцця адразу быў палявы этап № 1. Удзельнікі алімпіяды абследавалі цэнтральную гістарычную частку Клайпеды, па выніках чаго праводзілі функцыянальнае заніраванне і аналітыку магчымай трансфармацыі забудовы ў гэтай частцы горада.

Палявы этап № 2 уключаў у сябе аналіз развіцця зоны гарадскога пляжа Клайпеды. Школьнікам прапаноўвалася заніраванне пляжа па асаблівасцях яго функцыянальнага выкарыстання, затым неабходна было вызначыць асобныя праблемы развіцця пляжа, тую інфраструктуру, якая аформілася побач, і як яна трансфармуецца ў кантэксце прыбліжэння да зоны масавага адпачынку горада (там была прыватная забудова).

Што датычыцца тэарэтычнага этапу, то ён быў стандартным для ўзроўню міжнароднай алімпіяды і ўключаў мультымедыйнае тэсціраванне. Праўда, яно было ўскладненае: замест 30 пытанняў на 40 хвілін было 50 пытанняў на гадзіну.

Хачу падзякаваць сваім калегам з Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта аспірантам Паўлу Баравікову, Аксане Графутка, якія дапамагалі нашым школьнікам удасканальваць сваю англійскую мову. Удзельнікам алімпіяды пры адказах на пытанні трэба пісаць звязныя і ёмістыя тэксты на англійскай, якія адлюстроўваюць сутнасць адказу.

Існуюць у нашых дзяцей некаторыя цяжкасці з практыка-арыентаванымі заданнямі, што ў большасці сваёй звязана з недахопамі школьнай праграмы па геаграфіі, якая больш затэарэтызавана, чым практыка-арыентавана. Нашы школьнікі не вывучаюць гарадское заніраванне і прасторава-функцыянальную структуру горада, таму пры падрыхтоўцы да алімпіяды трэба рабіць упор на практыку, пачынаючы з трывіяльнага ўмення назіраць, апісваць назіраемае і г.д.

Разам з тым з кожным годам якасць работы школьных настаўнікаў у гэтым кірунку павышаецца. Пераможцы балтыйскай алімпіяды — пацвярджэнне гэтага. Іх матывацыя да вывучэння геаграфіі, добрая тэарэтычная падрыхтоўка — заслуга школьных педагогаў”, — адзначыў Генадзь Зянонавіч.

IV Міжнародная геаграфічная алімпіяда школьнікаў краін Балтыйскага рэгіёна для каманды беларускіх удзельнікаў стала не толькі пераможнай, але і трэніровачнай. Гэтыя навучэнцы будуць прадстаўляць нашу краіну на Міжнароднай алімпіядзе па геаграфіі, якая пройдзе з 2 па 8 жніўня ў Бялградзе (Сербія). Віншуем і поспехаў у жніўні!

Вольга ДУБОЎСКАЯ.