Навучэнцы нарацкай сярэдняй школы № 2 адзначылі 1 верасня адразу два святы — Дзень ведаў і адкрыццё новага будынка школы. Павіншаваць іх, а таксама педагогаў і жыхароў курортнага пасёлка Нарач прыехалі Прэм’ер-міністр Рэспублікі Беларусь Андрэй Уладзіміравіч Кабякоў і кіраўнік Мінскай вобласці Сямён Барысавіч Шапіра.
Сказаць, што з’яўленне новага будынка школы — свята для ўсяго пасёлка — зусім не перабольшанне. Нарацкая сярэдняя школа № 2 дзейнічала з 1978 года, вучні пачатковай школы займаліся ў асобным прыстасаваным будынку, што размяшчаецца на значнай адлегласці, навучанне вялося ў дзве змены. А між тым у пасёлку назіраецца тэндэнцыя росту насельніцтва. Таму ў Дзяржаўнай праграме развіцця курортнай зоны Нарачанскага рэгіёна на 2011—2015 гады было запланавана будаўніцтва школы. І калі ў мікрараёне новабудоўлі пачала “расці” школа, жыхары пасёлка не маглі нарадавацца.
— Пачатак навучальнага года ніхто не адмяняў і патрэбна было да 1 верасня школу пабудаваць, — расказвае Сяргей Іванавіч Трусаў, старшыня камітэта па архітэктуры і будаўніцтве Мінаблвыканкама. — Мы пабудавалі яе за 8 месяцаў. Перад намі стаяла задача — стварыць такую школу, у якую дзецям хацелася б хадзіць. Думаю, нам гэта ўдалося.
У новым трохпавярховым будынку, які разлічаны на 510 месцаў, няма ніводнага аднолькавага кабінета ці памяшкання — у кожным створаны асаблівы дызайн. Кабінеты па-сучаснаму абсталяваны, працуе лінгафонны кабінет, бібліятэка, актавая, спартыўная і трэнажорная залы. Дзейнічаюць майстэрні па кулінарыі і апрацоўцы тканін, па апрацоўцы металу, драўніны. Школьны стадыён — гэта комплекс з 10 пляцовак: футбольнае поле з газонным пакрыццём, бегавая дарожка, пляцоўкі для валейбола і баскетбола, хакейная каробка, гульнявыя і гімнастычныя пляцоўкі, пляцоўка для вывучэння Правіл дарожнага руху. На будаўніцтва было затрачана 109 млрд недэнамінаваных беларускіх рублёў.
Асаблівая ўвага — бяспецы навучэнцаў: у школе працуе электронная сістэма пропуску па пластыкавых картках, унутры і звонку размешчана 51 камера відэаназірання. Побач з установай па ініцыятыве ДАІ Мінскай вобласці ўсталяваны эксперыментальныя індыкатары хуткасці з дысплэем, якія нагадваюць вадзіцелям аўтатранспарту аб неабходнасці быць дысцыплінаванымі і ўважлівымі пры праездзе пешаходных пераходаў паблізу школ. Апарат фіксуе хуткасць, з якой рухаецца аўтамабіль, і паказвае яе на дысплэі. Калі хуткасць дапушчальная — лічбы на дысплэі зялёныя, калі ёсць перавышэнне — чырвоныя.
На ўрачыстай лінейцы і цырымоніі адкрыцця школы педагогаў, навучэнцаў і іх бацькоў з Днём ведаў павіншаваў прэм’ер-міністр нашай краіны і адзначыў, што да гэтага свята дзеці атрымалі цудоўны падарунак.
— Гэта ўтульная, прыгожая, шматфункцыянальная, добра пабудаваная школа. Упэўнены, што ў гэтых класах, на спартыўных пляцоўках вы раскрыеце ўсе свае таленты. У Беларусі ўдзяляецца вялікая ўвага стварэнню матэрыяльна-тэхнічнай базы адукацыі. За два дзесяцігоддзі пабудавана больш за 300 школ і 150 дзіцячых садоў. Сёлета адрамантавана больш за 4 тысячы школ, — адзначыў Андрэй Уладзіміравіч Кабякоў і нагадаў, што сістэма адукацыі Беларусі па ацэнцы ААН уваходзіць у трыццатку лепшых у свеце. — Мы разумеем, што ядром сістэмы адукацыі з’яўляецца школа, і менавіта тут закладваецца фундамент тых ведаў і поспехаў, якімі ганарыцца наша краіна.
Прэм’ер-міністр перадаў у падарунак школе 2 мультыборды і звярнуўся да першакласнікаў з пажаданнямі атрымліваць веды, вучыцца любіць сваю краіну і паступова ўсведамляць адказнасць за яе лёс. Навучэнцам выпускных класаў Андрэй Уладзіміравіч пажадаў зрабіць правільны выбар прафесіі і запэўніў, што краіна разлічвае на працоўныя рукі і інтэлект моладзі. Педагогам прэм’ер-міністр выказаў шчырую падзяку за самаадданую і высокапрафесійную працу.
— Педагог — цэнтральная фігура ў адукацыі, і мы разлічваем, што наша адукацыя, якая трымаецца на такіх педагогах, будзе адной з лепшых у свеце, — выказаў меркаванне А.У.Кабякоў.
У надышоўшым навучальным годзе ў 2-й нарацкай сярэдняй школе 62 педагогі будуць даваць веды 558 хлопчыкам і дзяўчынкам. Навучэнцы школы і раней мелі добрыя поспехі, напрыклад, Піліп Путра стаў стыпендыятам спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў, а Ганна Кацягова атрымала пасведчанне “Вучань года Мінскай вобласці”. Верагодна, новыя ўмовы, створаныя для дзяцей у школе, стануць цудоўнай глебай, на якой вырастуць новыя дасягненні.
Дар’я РЭВА.