Ганаровы статус прысвоены ўстанове адукацыі за шматгадовае плённае супрацоўніцтва з Гомельскім аддзяленнем Беларускага фонду міру і рэалізацыю шматлікіх сумесных мерапрыемстваў і акцый, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.
Акрамя таго, ва ўстанове на высокім узроўні наладжана грамадская работа, якая дазваляе акцэнтаваць увагу на ідэях каштоўнасці міру, грамадзянска-патрыятычным і маральным выхаванні моладзі.
Дарэчы, Гомельскі дзяржаўны педагагічны каледж імя Л.С.Выгоцкага — адна з найстарэйшых устаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі педагагічнага профілю краіны: у снежні каледж адзначыць 108 гадоў з дня заснавання.
Па словах яго дырэктара Ірыны Казіміравай, ва ўстанове рыхтуюць педагагічныя кадры па трох спецыяльнасцях: “Пачатковая адукацыя”, “Дашкольная адукацыя”, “Музычная адукацыя”. Маладыя спецыялісты — выпускнікі каледжа працуюць ва ўсіх кутках рэгіёна.
— Асабліва прыемна, што наш каледж стаў першай установай прафесійнай адукацыі ў Гомельскай вобласці (і другой у краіне пасля Мінскага каледжа электронікі), якой прысвоены такі высокі статус, — адзначыла Ірына Раманаўна. — Галоўным багаццем навучальнай установы былі і застаюцца высокакваліфікаваныя педагагічныя кадры, якія здольны запаліць сваёй творчасцю і любоўю да дзяцей сэрцы будучых педагогаў і выхаваць дастойных грамадзян краіны, якія паважаюць гісторыю беларускага народа.
Праект Беларускага фонду міру і Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь “Сетка Школ міру” паспяхова рэалізуецца, ужо больш за сто школ краіны атрымалі гэты ганаровы міратворчы статус.
Прысваенне ўстанове статусу “Каледж міру” — выдатная магчымасць адзначыць неверагодны ўклад педагагічнага калектыву і навучэнцаў у агульную справу па згуртаванні беларускага грамадства на прыкладах міру і ўзаемаразумення.
Таксама ў каледжы адбылося ўрачыстае адкрыццё кабінета гісторыі беларускай дзяржаўнасці, створанага пры ўдзеле Гомельскага абласнога аддзялення Беларускага фонду міру і Гомельскай абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі.
Алена КАСЬЯН-ПАЎЛЯНКОВА