Саміт губернатараў Еўразійскага эканамічнага саюза (ЕАЭС) плануецца правесці 25 жніўня ў Астане ў час форуму “Еўразійскі тыдзень”, паведамілі ў аргкамітэце форуму.
Плануецца, што на саміт губернатараў збяруцца больш як 20 кіраўнікоў рэгіёнаў Беларусі, Расіі, Казахстана, Арменіі і Кыргызстана. Яны абмяркуюць магчымасці міжрэгіянальнага супрацоўніцтва, фарміраванне інвестыцыйнага клімату, крос-фінансаванне, развіццё міжрэгіянальных інфраструктурных праектаў, падтрымку малога і сярэдняга прадпрымальніцтва.
Форум “Еўразійскі тыдзень” пройдзе 24—26 жніўня ў Астане на пляцоўцы сусветнай выстаўкі “ЭКСПА-2017”. Мерапрыемства збярэ больш як 2 тысячы ўдзельнікаў з 25 краін і стане пляцоўкай для сумеснай работы над стратэгіяй развіцця ЕАЭС ва ўмовах глабальных выклікаў, для павышэння канкурэнтаздольнасці эканомікі саюза, фарміравання міжнародных кааперацыйных праектаў. Дзелавая праграма ўключае ў сябе тры асноўныя напрамкі, кожнаму з якіх прысвечаны асобны дзень. Тэма першага дня — “Канкурэнтаздольнасць у сучасных эканамічных умовах: пункты росту”. Другі дзень будзе прысвечаны тэме чатырох свабод — свабоднага перамяшчэння тавараў, паслуг, капіталу, рабочай сілы і аб’яднанню інфармацыйных патокаў на прасторы ЕАЭС. Трэці дзень “Еўразійскага тыдня” аддадзены прадпрымальнікам.