Мадэрнізацыя эканомікі — справа маладых

- 7:30Інфармацыйная гадзіна

Грамадства ўваходзіць у прынцыпова новую стадыю тэхналагічнага развіцця, калі на першае месца выходзяць інавацыі, якія з’яўляюцца адным з эфектыўных інструментаў сацыяльна-эканамічнага развіцця.

У лістападзе ў Маскве прайшла Усерасійская навукова-практычная канферэнцыя расійскіх і замежных студэнтаў, аспірантаў, маладых вучоных і спецыялістаў па праблемах практычнай рэалізацыі распрацовак па прыярытэтных напрамках праграмы “Даследаванні і распрацоўкі па прыярытэтных напрамках развіцця навукова-тэхналагічнага комплексу Расіі на 2014—2020 гады”.

Арганізатарам канферэнцыі выступіла Міністэрства адукацыі і навукі Расійскай Федэрацыі. У прывітальным слове міністра адукацыі і навукі Расійскай Федэрацыі Вольгі Юр’еўны Васільевай да ўдзельнікаў і гасцей канферэнцыі, у прыватнасці, было адзначана: “Міністэрства адукацыі і навукі Расійскай Федэрацыі надае асаблівую значнасць інтэграцыі навукі ў працэсы мадэрнізацыі і інавацыйнага развіцця навукаёмістых галін эканомікі. Гэтая глабальная работа магчыма толькі ў аб’яднанні намаганняў — дзяржавы, грамадства, бізнес-структур, вядучых ВНУ, даследчых цэнтраў і, канечне, таленавітых маладых вучоных”.

Для ўдзельнікаў канферэнцыі арганізатарамі была падрыхтавана вялікая дзелавая праграма ў фармаце пленарнага пасяджэння і тэматычных секцый з прадстаўленнем дакладаў удзельнікаў. Усяго за два дні работы канферэнцыі былі прадстаўлены 53 вусныя і 25 стэндавых дакладаў.

Канферэнцыю адкрыла пленарнае пасяджэнне, у якім прынялі ўдзел прадстаўнікі, вядучыя вучоныя і кіраўнікі інавацыйных прадпрыемстваў Расіі.

У рамках секцыі “Ад ідэі да практыкі — стаўка на маладых” удзельнікі сфакусіравалі сваю ўвагу на ролі маладога пакалення ў павышэнні выніковасці навукова-тэхнічнай дзейнасці, на секцыі “Інфраструктура падтрымкі сістэмы самарэалізацыі маладых вучоных” абмеркавалі перспектыўныя тэхналогіі маладзёжнага прадпрымальніцтва ў навуковай сферы, а на секцыі “Камерцыялізацыя навукова-тэхнічных распрацовак маладых вучоных” былі разгледжаны інструменты, з дапамогай якіх маладыя вучоныя з расійскіх ВНУ і навуковых цэнтраў могуць зарабіць на выніках сваёй дзейнасці. Цікавасць удзельнікаў таксама выклікалі даклады і прэзентацыі, падстаўленыя на секцыях “Праграмы Фонду садзейнічання інавацыям. Падтрымка маладых наватараў і малых інавацыйных прадпрыемстваў” і “Прадстаўленне работ маладых вучоных. Экспертнае меркаванне”. Зборнікі ўсіх дакладаў, якія прагучалі на канферэнцыі, прадстаўлены на сайце мерапрыемства www.minobr-nauka.ru.

На заканчэнне работы канферэнцыі адбылося падвядзенне вынікаў пасяджэння секцый і прыняцце рэзалюцыі на аснове прапаноў, якія паступілі ад удзельнікаў падчас мерапрыемства.

Падрыхтаваў Уладзімір ФАЛАЛЕЕЎ.