Піянерскі тыдзень

- 11:20Адукацыйная прастора

Надзвычай цікава ў нашай школе прайшоў піянерскі тыдзень, у рамках якога члены піянерскай дружыны сталі актыўнымі ўдзельнікамі розных тэматычных мерапрыемстваў. Так, актыў піянерскага атрада імя Люсі Герасіменка ў складзе Вікторыі Касьянюк, Дар’і Праліска і Ягора Сацука арганізаваў выступленне агітбрыгады “Мы — нашчадкі піянерыі” для пяцікласнікаў. А вось актывісты пярвічнай арганізацыі БРПА падрыхтавалі відэаролікі пра добрыя справы піянерскай дружыны імя А.М.Кіжаватава.

Вучні 5—6 класаў прынялі ўдзел у зборы-старце “Падарожжа па краіне Піянерыі”, дзе паспяхова праходзілі станцыі “Піянерская азбука”, “Дружба”, “Разумны піянер”, “Я і мая Беларусь” і “Песенная”. На кожнай з іх удзельнікаў сустракалі старшыя піянеры, якія давалі розныя заданні. Так, на станцыі “Піянерская азбука” хлопчыкі і дзяўчынкі паказалі выдатнае веданне піянерскіх сімвалаў, традыцый і законаў, на станцыі “Дружба” пераканалі, што добра ведаюць прымаўкі пра сяброўства, а на станцыі “Я і мая Беларусь” даказалі, што ведаюць гісторыю роднага краю. Бадай, самай складанай аказалася станцыя “Разумны піянер”, дзе вучні падбіралі на кожную літару слова “піянер” слова пэўнай тэматыкі (птушка, ежа, транспарт і інш.). На станцыі “Песенная” ўдзельнікі спявалі песні пра сяброўства, Беларусь і піянерыю. Па выніках спаборніцтваў 1-е месца заваявалі вучні 5 “В” класа (класны кіраўнік С.С.Філіпава).

У рамках тыдня пяцікласнікі наведалі школьны музей баявой славы “Памяць не маўчыць”, дзе паабяцалі актыўна ўдзельнічаць у грамадскім жыцці школы, горада і краіны, прадэманстравалі веданне дэвіза піянерскай арганізацыі, яе законаў і традыцый. Пасля ўрачыстага сходу лепшыя прадстаўнікі арганізацыі на чале са старшынёй піянерскай дружыны імя А.М.Кіжаватава Ганнай Арабейка завязалі вучням піянерскія гальштукі. У выніку піянерская сям’я школы стала большай і ўжо налічвае 276 членаў. Праз некалькі дзён у мемарыяльным комплексе “Брэсцкая крэпасць-герой” адбыўся ўрачысты прыём у піянеры астатніх пяцікласнікаў.

Рыта ПАДЛЕСКАЯ,
педагог-арганізатар сярэдняй школы № 2 Камянца.