«Стогны і смерць паўсюль…» Горкую праўду аб Шталагу-337 расказвае музейная экспазіцыя ў Ляснянскай школе

- 17:09Новости

“Плач, стогны, смерць паўсюль, жыццё як суцэльны кашмар…” Нядаўна адкрытая ў Ляснянскай сярэдняй школе Баранавіцкага раёна музейная экспазіцыя расказвае горкую праўду аб пакутах ваеннапалонных і мірных жыхароў у фашысцкім Шталагу­-337. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Фабрыка смерці 

У верасні 1941 года жыхары вёскі Лясная даведаліся, што недалёка ад яе ў лясным масіве нямецкія акупанты размясцілі канцлагер для савецкіх ваеннапалонных. Там былі спехам пабудаваны вялікія баракі, ахоўныя і іншыя збудаванні. У Шталаг-337 пачалі тысячамі зганяць байцоў Чырвонай Арміі, якія трапілі ў палон. Цяжка ўявіць, якія невыносныя пакуты выпалі на іх лёс. Жыхары вёскі ўспаміналі, як нават у мароз на чыгуначную станцыю ваеннапалонных прывозілі ў летняй форме. Тых, хто атрымаў ­моц­нае абмаражэнне, адразу прыстрэльвалі і прымушалі сялян хаваць іх у вялізных ямах каля станцыі. Астатніх гналі ў канц­лагер. Баракі не былі прыгодныя для пражывання ў зімовы перыяд, там не было печаў, праз шчыліны ў сценах і дахах унутр трапляў снег.

Самае жудаснае — месца ў памяшканнях хапала не ўсім, пакінутыя пад адкрытым небам людзі замярзалі насмерць.

Ваеннапалонных амаль не кармілі — у дзень давалі не больш як 120 грамаў хлеба і крыху баланды. Знясіленых людзей прымушалі працаваць на лесанарыхтоўках і іншых фізічна цяжкіх работах. А тых, хто ад холаду і ператамлення падаў, без жалю расстрэльвалі. Медыцынская дапамога не аказвалася, людзі масава хварэлі і паміралі. Але і гэтага фашыстам было мала, яны праводзілі бесчалавечныя эксперыменты. Напрыклад, наўмысна давалі мяса з напаўзгнілых трупаў жывёл, каб выклікаць пакутлівую смяротную хваробу, а потым лекары, якія спецыяльна прыязджалі з Германіі, вывучалі яе цячэнне. Таксама вядома аб існаванні камеры, якая поўнасцю запаўнялася вадой, і вязні там гінулі, аб выкарыстанні газавых душагубак. Па сутнасці, Шталаг-337 быў фабрыкай смерці, якая бязлітасна забрала жыцці дзясяткаў тысяч чалавек.

З 1943 года ў канцлагер пачалі змяшчаць і мірных жыхароў, якія ў нечым правініліся перад акупацыйнай уладай. Былы малалетні вязень Шталага-337 Мая Еўдакіменка, якая трапіла туды разам з маці, успамінае: “Нас ахоплівалі рос­пач і смяротны страх. Спраба­ваць уцячы не мела сэнсу — кожны бу­дзе злоўлены і расстраляны. Не было чыстага адзення, ежы амаль не давалі, вады таксама. У лагеры лютавалі адзёр і дызентэрыя. Плач, стогны, смерць паўсюль, жыццё як суцэльны кашмар…”

Лагер праіснаваў да 1944 года. Перад прыходам Чырвонай Арміі вораг пастараўся схаваць сляды сваіх злачынстваў: шматлікія равы і траншэі, запоўненыя трупамі, раўняліся з паверхняй зямлі, а побач рабіліся лжывыя адзі­ночныя магільныя ўзгоркі. Але жудасная праўда нам вядомая. І мы не маем ніякага маральнага права яе забыць.

На тэрыторыі былога шталага пахавана каля 88 тысяч ваеннапалонных, партызан і мірных жыхароў, знішчаных нямецка-фашысцкімі захопнікамі.

Памяць і боль

Па словах дырэктара Ляснянскай сярэдняй школы Андрэя Харытонава, трагічныя старонкі існавання Шталага-337 з’яўляюцца ядром іх музейнай экспазіцыі “Памяць і боль беларускай зямлі”. Акрамя таго, у ёй расказваецца аб знішчэнні вёскі Застарынне — сястры Хатыні, Баранавіцкага гета, іншых злачынствах фашысцкіх акупантаў. Асобнае месца адве­дзена інфармацыі аб расследаванні фактаў генацыду насельніцтва Беларусі падчас Вялікай Айчыннай вайны, якое право­дзіцца пракуратурай.

Музейны пакой адкрылі ў школе ў маі гэтага года. Цяпер ён займае значнае месца ў важнай справе выхавання падрастаючага пакалення. Тут праводзяцца экскурсіі для вучняў розных узростаў, класныя гадзіны, урокі мужнасці, выхаваўчыя мерапрыемствы. Трэба адзначыць, што ў ліку наведвальнікаў экспазіцыі не толькі навучэнцы Ляснянскай і іншых школ раёна, але і дарослыя з працоўных калектываў.

Як адзначыў адзін са стваральнікаў музейнага пакоя настаўнік гісторыі Вячаслаў Шабан, дакументы, фотаздымкі і экспанаты для яго збіралі не адзін год. Зрабіць гэта атрымалася сумеснымі намаганнямі ўстановы адукацыі, Баранавіцкай міжраённай пракуратуры, краязнаўчага музея, мясцовых жыхароў, прыватных калекцыянераў. Вялікую даследчую работу правялі вучні школы. Іх даследаванні не раз пас­пяхова ўдзельнічалі ў конкурсах, у тым ліку міжнародных.

Трэба адзначыць, што музейная экспазіцыя атрымалася змястоўнай і запамінальнай, размешчаныя тут экспанаты нікога не пакінуць абыякавым. Адзін з фотаздымкаў паказвае, у якіх непрыстасаваных для перавозкі людзей вагонах без дахаў звозілі сюды ваеннапалонных — яны ехалі стоячы, шчыльна прыціснутыя адзін да аднаго. На другім здымку бачна, як, кінутыя на голую зямлю, яны збіваліся ў групкі, каб хоць неяк сагрэцца. На трэцім — ахвяры канцлагера, падобныя на чалавечыя шкілеты…

Мемарыяльны комплекс на месцы Шталага-337

А ці можа не зашчыміць сэрца, калі бачыш рэшткі дзіцячага і жаночага абутку, знойдзеныя супрацоўнікамі пракуратуры падчас раскопак на месцы забойства акупантамі сям’і вясковага каваля? Гледзячы на нямецкі патэфон 30-х гадоў, на які выпадкова натк­нуліся на гарышчы аднаго вяс­ковага дома, ці не зловіш сябе на горкай думцы, як прыгожа, з музыкай бавілі час акупанты, пакуль пакутавалі нашы людзі?.. Ці не задумаешся пра тое, сведкам якіх пакут быў кавалак калючага дроту, знойдзенага на тэрыторыі канц­лагера?..

Старшакласнікі разам з настаўнікам вывучалі кожны экспанат, рыхтавалі да размяшчэння на стэндах, фармулявалі подпісы.

Прадстаўленыя ў экспазіцыі фотаздымкі і рэчы ўражваюць дзяцей, яны хочуць даведацца больш, задаюць шмат пытанняў. Цікавяцца, напрыклад, ці праўда, што ваеннапалонных апраналі ў паласатае адзенне. Расказваю, што нічога ім у канцлагеры не давалі, пакідалі ў сваёй форме, яшчэ і абутак забіралі. Барак уяўляецца сучасным дзецям як сённяшні інтэрнат, таму я тлумачу, што на самай справе гэта былі драўляныя будынкі без вокнаў, з нарамі ў тры-чатыры паверхі, цёмныя, брудныя, халодныя. Бачу, дзеці задумваюцца, пачынаюць пераасэнсоўваць свае ўяўленні, — дзеліцца настаўнік.

Вялікі ўплыў на вучняў аказваюць і сустрэчы са сведкамі тых далёкіх падзей, а такія яшчэ жывуць у аграгарадку. У вайну яны былі дзецьмі, але ўбачанае і перажытае назаўсёды захавалася ў іх памяці. Дарагога варты і сабраныя ў розныя гады пісьмовыя ўспаміны былых сведкаў. Можна быць упэўненымі, што іх эмацыянальныя аповеды навучэнцы не забу­дуць. Ні гісторыю аб тым, як падлетак даў ваеннапалоннаму кавалачак хлеба і яго за гэта пабілі, а вязня расстралялі на месцы. Ні словы аднаго з акупантаў, якія былі сказаны бацькам мясцовай дзяўчынкі: “Калі мы заваюем вас, то на кожнага з нас будуць працаваць 10 чалавек, а калі не заваюем, пушчу сабе кулю ў лоб”…

Па словах Вячаслава Шабана, адкрыццё музея найлепшым чынам паўплывала на цікавасць вучняў да краязнаўчай работы. Старшакласнікі разам з настаўнікам вывучалі кожны экспанат, рыхтавалі да размяшчэння на стэндах, фармулявалі подпісы. Некаторыя з навучэнцаў так паглыбіліся ў тэму, што цяпер ужо самі праводзяць экскурсіі для наведвальнікаў музейнага пакоя. Хлопцы і дзяўчаты з энтузіязмам прапаноўваюць тэмы для новых даследаванняў. Іх шлях у будучыню ляжыць праз памяць аб мінулым — і гэта выдатна!..

Аксана МЫЦЬКО
Фота аўтара і  з архіва Ляснянскай сярэдняй школы