Платформа для развіцця адносін па лініі прафсаюзаў і іншых аб’яднанняў, якія забяспечваюць абарону правоў працоўных, створана

- 10:40Інфармацыйная гадзіна

У Беларусі і Міжнароднай арганізацыі працы (МАП) ёсць шмат перспектыўных напрамкаў для ўзаемадзеяння ў сферы развіцця сацыяльнага партнёрства. Гэта было адзначана на сустрэчы намесніка кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Валерыя Міцкевіча са спецыяльным саветнікам генеральнага дырэктара Міжнароднага бюро працы (МБП) Кары Тапіёлам і пастаянным каардынатарам ААН у Беларусі Санакам Самарасінхам.

У якасці эксперта Міжнароднай арганізацыі працы (МАП) Кары Тапіёла доўгі час супрацоўнічае з Беларуссю і добра ведае яе спецыфіку. Ён прыбыў у Мінск у рамках рэалізацыі чацвёртага напрамку дзейнасці місіі прамых кантактаў па правядзенні вучэбнага курса для суддзяў і юрыстаў. Валерый Міцкевіч адзначыў, што Беларусь заўсёды ставілася і ставіцца з глыбокай павагай да работы, якую праводзіць МАП.

“Усе рэкамендацыі Міжнароднай арганізацыі працы ўважліва прапрацоўваюцца пры прыняцці кіраўніцкіх рашэнняў. Развіццё сацыяльнага партнёрства, фарміраванне паўнацэнных прафсаюзаў і захаванне бяспечных умоў працы на прадпрыемствах рэспублікі адносяцца да найважнейшых задач пры рэалізацыі дзяржаўнай палітыкі як у сферы працоўных, так і эканамічных адносін”, — падкрэсліў намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта.

У сваю чаргу Кары Тапіёла адзначыў работу па забеспячэнні абароны правоў працоўных і станоўча ахарактарызаваў развіццё прафсаюзнага руху. “У Беларусі сёння створана нармальная платформа для развіцця адносін па лініі прафсаюзаў і іншых аб’яднанняў, якія забяспечваюць абарону правоў працоўных. Беларускія прафсаюзы актыўна развіваюць супрацоўніцтва з прафсаюзнымі органамі іншых краін, уключаючы прыбалтыйскія дзяржавы, што не можа не радаваць”, — лічыць эксперт.

Кары Тапіёла адзначыў плённы характар адносін, які склаўся ў Міжнароднай арганізацыі працы з Федэрацыяй прафсаюзаў Беларусі і Міністэрствам працы і сацыяльнай абароны. “У той жа час устанаўленне цесных рабочых кантактаў юрыстаў-прафесіяналаў пры распрацоўцы праектаў нарматыўных прававых актаў дазволіла б выйсці адносінам па супрацоўніцтве на больш высокі ўзровень узаемадзеяння”, — заявіў эксперт.
Гэтая прапанова была падтрымана Валерыем Міцкевічам, які падкрэсліў, што ў Беларусі і Міжнароднай арганізацыі працы ёсць шмат перспектыўных напрамкаў для ўзаемадзеяння ў сферы развіцця сацыяльнага партнёрства і прафсаюзнага руху і забеспячэння абароны правоў працоўных. “Адным з такіх напрамкаў з’яўляецца рэалізацыя сумеснага з Праграмай развіцця ААН праекта ў галіне вяршэнства права”, — дадаў ён.