Платформа ўстойлівасці для еўразійскага бізнесу

- 10:22Інфармацыйная гадзіна

У Еўразійскім эканамічным саюзе з’явіўся новы інструмент для развіцця міждзяржаўнай кааперацыі — еўразійскія тэхналагічныя платформы. Аб тым, як гэтая ідэя будзе рэалізоўвацца, паведаміў саветнік члена Калегіі (міністра) па прамысловасці і аграпрамысловым комплексе ЕЭК Уладзімір Мальцаў.

Савет Еўразійскай эканамічнай камісіі ўжо зацвердзіў адзінаццаць прыярытэтных тэхплатформ па васьмі напрамках: космас, медыцына, інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі, фатоніка, здабыча прыродных рэсурсаў, экалогія, сельская гаспадарка і прамысловыя тэхналогіі.

Платформы прызначаны забяспечыць сістэмную работу па акумуляванні перадавых нацыянальных і сусветных дасягненняў навукова-тэхнічнага прагрэсу і мабілізацыі навуковага патэнцыялу краін саюза.

“Такі механізм, як тэхналагічныя платформы, не новы, мы нічога не вынайшлі. Ён пачаў прымяняцца ў Расіі яшчэ ў 2008 годзе. А сама ідэя была скапіравана ў Еўрапейскага саюза: яна ўзнікла тады, калі ў ЕС прысутнічалі граніцы, саюза яшчэ самога не было, але ўжо развіваліся кааперацыйныя ланцужкі. Самая вядомая з іх — самалётны канцэрн Airbus, камплектуючыя для якога рабіліся ў розных краінах, дзе заканадаўча замацаваны розныя меры падтрымкі. У сувязі з гэтым узнікла пытанне: калі робіцца агульны прадукт, то для ўсіх партнёраў, хоць яны і знаходзяцца ў розных дзяржавах, павінны прымяняцца меры дзяржпадтрымкі. Па сутнасці, вось што такое тэхналагічная платформа”, — патлумачыў субяседнік.

Пры гэтым Уладзімір Мальцаў падкрэсліў, што размова не ідзе пра аднолькавыя меры дзяржпадтрымкі. “Пакуль інтэграцыя ў ЕАЭС не дасягнула такой ступені, каб уніфікаваць узровень дзяржпадтрымкі. Але перавагі нашых тэхналагічных платформ усё роўна істотныя: калі ты ўваходзіш у гэты кааперацыйны ланцужок, тады табе ў тваёй дзяржаве ў прыярытэтным парадку павінны прадастаўляцца нейкія прэферэнцыі. Прычым тэхналагічная платформа можа ахопліваць працэс ад вытворчасці сыравіны да стварэння канечнага прадукту”, — падкрэсліў саветнік міністра.

“Тыя тэхналагічныя платформы, аб стварэнні якіх мы аб’явілі, — сказаў спецыяліст, — яны ўсе ўжо з канкрэтнымі ўдзельнікамі. Самі прадпрыемствы падпісваюць паміж сабой пагадненні”. Інакш кажучы, канкрэтныя ўдзельнікі ўжо заявілі, што ўваходзяць у гэтую тэхналагічную платформу і гатовы ствараць нейкі прадукт. Уладзімір Мальцаў выказаў спадзяванне, што да сярэдзіны 2017 года ўжо з’явяцца пэўныя праекты, якія могуць фінансавацца ў тым ліку Еўразійскім банкам развіцця і падтрымлівацца на нацыянальным узроўні.