Пляцоўка для канструктыўных сустрэч і перагавораў

- 11:54Інфармацыйная гадзіна

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на палях форуму “Адзін пояс і адзін шлях”, што прайшоў у Пекіне, правёў перагаворы з кіраўніцтвам шэрага краін Афрыкі, Азіі, Еўропы і Лацінскай Амерыкі.

Адбыліся вельмі грунтоўныя абмены думкамі і перагаворы з Прэм’ер-міністрам Пакістана і Прэзідэнтам Турцыі.

Акрамя гэтага, быў шэраг кантактаў на палях форуму з кіраўнікамі дзяржаў з Азіі, Афрыкі і Лацінскай Амерыкі. Прэзідэнт сустрэўся і з прадстаўнікамі некаторых еўрапейскіх краін. Вельмі добрая размова адбылася з кіраўніцтвам Кеніі, Камбоджы, Эфіопіі, з кіраўніцтвам В’етнама.

У час сустрэчы з Прэм’ер-міністрам Пакістана Навазам Шарыфам Аляксандр Лукашэнка запрасіў яго наведаць разам з сям’ёй Беларусь.

“У нас будзе што абмеркаваць у час вашага візіту”, — заўважыў прэзідэнт.

У сваю чаргу Прэм’ер-міністр Пакістана падкрэсліў, што рады чарговы раз сустрэцца з Аляксандрам Лукашэнкам, а апошні візіт у беларускую сталіцу выклікае ў яго толькі самыя цёплыя ўспаміны. “За вельмі кароткі прамежак часу нам удалося ўзняць узаемаадносіны Беларусі і Пакістана на вельмі высокі ўзровень. Безумоўна, такіх тэмпаў мы дасягнулі дзякуючы нашым асабістым адносінам. Вы з’яўляецеся фундаментам гэтых адносін, і мы можам па праве гэтым ганарыцца”, — заявіў ён.

Наваз Шарыф прызнаўся, што з нецярпеннем чакае чарговага візіту ў Беларусь. “Дзякуй за асобнае запрашэнне для маёй сям’і. Безумоўна, яна далучыцца да мяне, і нарэшце дзве сям’і сустрэнуцца ў поўным складзе”, — дадаў ён.

Кіраўнікі дзвюх краін сышліся на думцы, што рэгулярны абмен візітамі на вышэйшым і высокім узроўнях дасць магчымасць зрабіць прарыў у двухбаковых адносінах. Трывалыя палітычныя сувязі, упэўнены яны, павінны даць штуршок і дынамічнаму развіццю эканамічнага ўзаемадзеяння.

Таксама Аляксандр Лукашэнка і Наваз Шарыф канстатавалі паглыбленне парламенцкага ўзаемадзеяння і дамовіліся развіваць яго яшчэ больш эфектыўна. Асабліва была адзначана дзейнасць пакістанска-беларускіх груп дружбы, якія служаць важнымі звёнамі ў наладжванні кантактаў паміж людзьмі.

На сустрэчы абмяркоўвалася развіццё прамысловай кааперацыі, існуючыя праекты і перспектывы стварэння новых сумесных прадпрыемстваў у Пакістане. Беларусь заклікае больш актыўна праводзіць работу ў гэтым напрамку. Яшчэ адной тэмай перагавораў сталі пастаўкі беларускіх прадуктаў на пакістанскі рынак, дзе яны вельмі запатрабаваны.

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў ходзе сустрэчы на палях саміту з Прэзідэнтам Турцыі Рэджэпам Таіпам Эрдаганам абмеркаваў рэалізацыю дасягнутых раней дамоўленасцей, а таксама перспектывы развіцця супрацоўніцтва паміж дзвюма краінамі ў розных сферах.

Аб выніках сустрэчы расказаў міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей. Паводле яго слоў, перагаворы лідараў дзвюх краін былі вельмі насычанымі і плённымі. “Нягледзячы на пагаршэнне эканамічнай сітуацыі ў свеце, наш тавараабарот расце. Пакуль мы не дасягнулі той планкі, якая была пастаўлена прэзідэнтамі, у памеры $1 млрд, але мы рухаемся да гэтай мэты. У мінулым годзе, напрыклад, было $814 млн, у гэтым — рост на 36 працэнтаў”, — звярнуў увагу дыпламат.

Бакі маюць намер актывізаваць работу па стварэнні сумесных вытворчасцей па зборцы камбайнаў і аўтамабільнай тэхнікі. Таксама Аляксандр Лукашэнка і Рэджэп Таіп Эрдаган грунтоўна разгледзелі развіццё сітуацыі ў рэгіёне ў сферы бяспекі.

“Прэзідэнты дамовіліся, што ў найбліжэйшы час будзе праведзена пасяджэнне сумеснай міжурадавай камісіі, якое адкладвалася ў сувязі з унутранай сітуацыяй у Турцыі на даволі працяглы тэрмін. У найбліжэйшыя, думаю, паўтара-два месяцы мы правядзём гэтае пасяджэнне і абмяркуем канкрэтны план нашых дзеянняў на перспектыву. Прэзідэнт Эрдаган даў адпаведныя даручэнні наконт гэтага”, — падкрэсліў міністр.

Уладзімір Макей адзначыў, што, дзякуючы асабістым адносінам кіраўнікоў дзяржаў, супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Турцыяй знаходзіцца на ўздыме. “Асабістыя адносіны з’яўляюцца прыкладам не толькі для ўсёй дзяржаўнай вертыкалі ў краінах, але і для бізнес-супольнасці. Цяпер задача ў тым, каб трансфармаваць узровень гэтых палітычных адносін у эканамічнае супрацоўніцтва. Канкрэтныя задачы пастаўлены. Думаю, мы з імі справімся”, — сказаў ён на заканчэнне.