Плённа, творча і актыўна!

- 14:34Адукацыйная прастора

Школа — гэта дзяржава, якая будзе  квітнець толькі тады, калі кожны яе жыхар навучыцца несці адказнасць за агульную справу. Сучасная школа імкнецца стварыць усе ўмовы для развіцця кожнага вучня, яго творчых здольнасцей, вучыць арыентавацца ў нестандартных, экстрэмальных сітуацыях.   Ключавая роля ў вырашэнні гэтай  задачы  належыць класнаму кіраўніку, які з’яўляецца пасрэднікам паміж грамадствам і вучнем.

Кожны класны кіраўнік хоча бачыць сваіх навучэнцаў у будучыні людзьмі паспяховымі, а таму ўсю сваю выхаваўчую  работу накіроўвае на гэта. Як жа нала­дзіць узаемаадносіны з вучнямі, каб развіваць ініцыятыву, творчыя здольнасці, актыўную пазіцыю, неардынарнае мысленне? Для гэтага неабходна  цікавая і захапляючая пазакласная работа.

Працуючы  з 1997 года ў сярэдняй школе № 17 Ліды, я была класным кіраўніком у розных класных калектывах. Але самыя актыўныя і творчыя вучні — тыя, з якім я працую з 2013 года (цяпер 11“Б” клас).

Кожны вучнёўскі калектыў, як і гэты, не быў для мяне простым этапам. Паражэнні, няўдачы, памылкі, але галоўнае — пошукі шляхоў, якія мы знаходзілі  разам, шляхоў для фарміравання ў кожнага навучэнца творчасці, ініцыятывы, таленту, умення адстаяць сваю думку, умення слухаць і быць пачутым.

Абапіраючыся на вопыт работы ў 11“Б”, вопыт калег, я прыйшла да высновы, што для развіцця творчасці неабходна ўмець бачыць непаўторнасць кожнага вучня, арганізоў­ваць дзейнасць у калектыве на аснове індывідуальных здольнасцей дзяцей, даваць навучэнцу свабоду ў выбары праяўлення сваёй актыўнасці, творчасці, ствараць творчую атмасферу. 

Фарміраванне творчай асобы праяўляецца ў пазаўрочнай дзейнасці, якая ў нашай установе адукацыі шматбаковая. Традыцыйнымі сталі мерапрыемствы, што праходзяць  у шосты школьны дзень. Сумесная падрыхтоўка  да іх дазволіла сфарміраваць дружны, згуртаваны, захоплены калектыў. Так, пры падрыхтоўцы да мерапрыемства “Сямнаццатая ў мініяцюры” вучням прыйшлося быць і сцэнарыстамі, і рэжысёрамі, і акцёрамі. Па-майстэрску падрыхтаваныя відэафільмы  штогод становяцца лепшымі. Вакальна-харэаграфічнымі здольнасцямі нашы дзеці ўразілі ўсіх прысутных пры правядзенні конкурсаў “Пра маці гавару з любоўю…”, “Сузор’е талентаў”. Прадэмастравалі свае творчыя  здольнасці, бліснулі  інтэлектам, яркімі прыкладамі адлюстравалі свой удзел у валанцёрскім руху “Добрае сэрца” вучні сярэдняй школы № 17 Ліды ў конкурсе “Лідар-старшакласнік”.

Мы рыхтуем класныя мерапрыемствы, вечарыны, літаратурныя гасцёўні. Напярэдадні Дня маці сумесна арганізавалі канцэртную праграму “Самым родным пры­свячаецца…”. Мерапрыемства прайшло на высокім узроўні, у атмасферы цяпла, любові. Бацькі атрымалі асалоду і задавальненне ад прадстаўленых нумароў.  Менавіта на такіх святах адчуваецца еднасць бацькоў і дзяцей! Навучэнцаў майго класа адрознівае дапытлівасць, высокі ўзровень інтэлекту, імкненне да самастойнасці, здольнасць да творчасці.

Развіццё творчай асобы цесна звязана і з навучаннем у сістэме дадатковай адукацыі. Дзеці займаюцца ў музычным гуртку, вучацца танцам, з задавальненнем наведваюць спартыўныя секцыі, ­удзельнічаюць у раённых  конкурсах. На працягу многіх гадоў з’яўляюцца пераможцамі раённых конкурсаў: з 2013 па 2019 класны калектыў быў пераможцам у 11 раённых конкурсах (конкурс агітбрыгад “Энергамарафон-2013” — 1-е месца; конкурс “Зарніца”, 2014 год — 1-е месца; конкурс агітбрыгад “Энергамарафон-2015” — 2-е месца;  конкурс дзіцячых ініцыятыў і сацыяльных праектаў “Твой час”, праект  “Эканом і памнажай”, красавік 2016 года — 2-е месца; Рэспубліканскі конкурс праектаў устаноў адукацыі па эканоміі і беражлівасці “Энергамарафон-2016”, праект “Мы — за энергазберажэнне“, 2016 год — 2-е месца; конкурс “Піянер-лідар”, 2016 год — 2-е месца; конкурс “Жывая класіка” — 3-е месца; конкурс арт-тэатральных прэзентацый “Прафілактыка і мы”, 2017 год — 2-е месца; конкурс ві­дэаролікаў сацыяльнай рэкламы антынаркатычнай накіраванасці “ВЕК”, 2017 год — 1-е месца; раённы этап Рэспубліканскага  конкурсу  праектаў па энергаэфектыўнасці “Энергія і асяроддзе пражывання”, 2018 год — 2-е месца; Рэспубліканскі конкурс праектаў устаноў адукацыі па эканоміі і беражлівасці “Энергамарафон-2018” — 2-е месца). Акрамя таго, з 2014 па 2017 год яны пераможцы конкурсу “Клас года”.

Як класнаму кіраўніку мне хочацца не толькі бачыць сённяшніх адзінаццаці­класнікаў творчымі, паспяховымі, але і каб урокі міласэрнасці, дабрыні, чуласці, добра­зычлівасці, любові  прайшлі з імі праз усё жыццё і навучылі годна пераадоль­ваць цяжкасці.

Ілона МАКРЫЦКАЯ,
класны кіраўнік 11 “Б” класа сярэдняй школы № 17 Ліды.