Плённая работа з адоранымі дзецьмі: сакрэтамі поспеху дзеліцца сярэдняя школа № 1 Клічава

- 13:07Пресс-тур «Настаўніцкай»

Незабыўнай атрымалася паездка ў Маскву вясной гэтага года для чатырох шасцікласнікаў сярэдняй школы № 1 Клічава, якія ўпершыню пабывалі ў расійскай сталіцы. Юныя даследчыкі і іх кіраўнік прывезлі дадому не толькі шмат яркіх уражанняў і станоўчых эмоцый, але і прэстыжныя ўзнагароды. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Клічаўскія разумніцы і разумнікі

“Старт у навуцы” — так называўся XVIII Міжнародны конкурс навукова-даследчых і творчых работ навучэнцаў, які праходзіў з 9 па 13 красавіка ў расійскай сталіцы. Запрашэнне на яго атрымалі і юныя вынаходнікі з Клічава, навучэнцы 6 “А” класа сярэдняй школы № 1 імя Героя Савецкага Саюза П.А.Крываноса Максім Мацюшонак, Цімафей Кніга, Веста Юркавец, Арцём Базылеў і іх навуковы кіраўнік настаўніца матэматыкі і фізікі Настасся Альшэўская. Дарэчы, яна прыняла ўдзел і ў выніковым пасяджэнні педагогаў вышэйшай і сярэдняй школ у рамках навукова-практычнай канферэнцыі “Перспектывы развіцця школьнай адукацыі”.

— Навукова-даследчай дзейнасці навучэнцаў у нас удзяляецца вялікая ўвага, — расказвае Настасся Альшэўская. — Вось і гэтыя крэатыўныя, вынаходлівыя, вельмі матываваныя дзеці пастаянна нешта прыдумляюць, ім падабаецца канструяваць, увасабляць у жыццё свае ідэі. Усе чацвёра прапанавалі на міжнародны конкурс цікавыя і карысныя праекты. У вольны час яны знаёміліся са славутасцямі Белакаменнай. Увогуле, паездка атрымалася цудоўнай.

Варта адзначыць, што ў за­ключным, вочным, этапе конкурсу прымалі ўдзел каля 4000 чалавек з прыкладна 100 гарадоў, розных мясцін Расіі і блізкага замежжа. Школьнікі з Беларусі былі ўзнагароджаны дыпломамі пераможцаў у секцыі “Фізіка. Матэматыка” і “Надзея расійскай навукі” Расійскай акадэміі прыродазнаўства. Журы адзначыла высокі ўзровень падрыхтоўкі клічаўскіх дзяцей, за што ўсе яны былі ўдастоены дыплома “За лепшы вусны даклад”.

У рамках навукова-практычнай канферэнцыі “Перспектывы развіцця школьнай адукацыі” са сваімі дакладамі выступілі 57 кіраўнікоў лепшых школьных навуковых работ, пераможцаў завочнага этапу конкурсу. Усе педагогі таксама ўзнагароджаны дыпломамі, адзначаны падзячнымі пісьмамі Акадэміі прыродазнаўства за кіраўніцтва навуковай работай навучэнцаў. Ганаровае званне “Выдатнік народнай асветы” з уручэннем нагруднага знака было прысвоена дванаццаці выкладчыкам, у тым ліку настаўніцы фізікі і матэматыкі сярэдняй школы № 1 Клічава Настассі Альшэўскай, удастоенай таксама яшчэ некалькіх узнагарод.

STEM-цэнтр

— У 2007 годзе наша школа пераехала ў новы, сучасны будынак (у старым цяпер размяшчаецца Цэнтр дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі), у нас створаны максімальна камфортныя ўмовы для прафесійнага росту настаўнікаў і павышэння адукацыйнага ўзроўню вучняў, развіцця іх творчага і фізічнага патэнцыялу. Займаюцца дзеці ў адну змену, балазе дазваляе праектная магутнасць, разлічаная на 720 навучэнцаў, — тлумачыць дырэктар установы адукацыі Наталля Кніга. — Праект будынка па-свойму ўнікальны — такіх у Беларусі рэалізавана, калі не памыляюся, толькі два — у Клічаве і ў Гродзенскай вобласці.

Адукацыйны працэс у школе ажыццяўляюць 57 педагогаў, абсалютная большасць з якіх ма­юць вышэйшую педагагічную адукацыю. Многія, што немалаважна, у мінулым самі вучыліся тут ці ў іншых навучальных установах Клічаўскага раёна і ахвотна вярнуліся ў родныя мясціны.

Школе, бясспрэчна, ёсць чым ганарыцца, у першую чаргу плённай і мэтанакіраванай работай з адоранымі і высокаматываванымі дзецьмі, профільнай падрыхтоўкай старшакласнікаў. У прыватнасці, тут на працягу шасці гадоў дзеці вучацца ў педагагічным класе, а з пачатку гэтага навучальнага года адкрыты і інжынерны клас, мэта якога — сарыентаваць дзяцей на выбар прафесій тэхнічнага і тэхналагічнага напрамкаў. Дарэчы, ужо сёння многія выпускнікі клічаўскай школы № 1 з’яўляюцца студэнтамі такіх прэстыжных сталічных устаноў, як БНТУ, БДУ, БДУІР.

У школе паспяхова прымяняецца канцэпцыя STEM-адукацыі, у якой спалучаюцца тэарэтычныя веды і практычныя навыкі па прыродазнаўчых навуках, тэхналогіях, інжынерыі і матэматыцы. STEM-цэнтр адкрыты на базе кабінета інфарматыкі і дадаткова аснашчаны сямю наборамі “РОББО” і 3D-прынтарам, што дазваляе ажыццяўляць адукацыйны працэс на сучасным узроўні.

— Вучыцца ў нашай школе вельмі цікава, — лічыць сямікласніца Паліна Аляксеева, юны аўтар даследчага праекта “Скарбонка беларускіх слоў”. — Мы жывём у Беларусі, я люблю родную мову і ў будучыні цалкам магу сябе ўявіць настаўніцай беларускай мовы і літаратуры.

А вось яе равеснік Арцём Базылеў бачыць сябе тэхнаром. Прапанаваны ім энергазберагальны праект з выкарыстаннем устаноўленай у класе сонечнай панэлі ўжо атрымаў пахвальную ацэнку спецыя­лістаў. Трэба заўважыць, што цікавых ідэй у хлопца і яго аднакласнікаў нямала. Нядзіўна, што даследчыя работы навучэнцаў школы пастаянна займа­юць высокія месцы на шматлікіх, у тым ліку рэспубліканскіх і міжнародных, конкурсах, ды і перамогі на прадметных алімпіядах рознага ўзроўню для іх, што называецца, справа звычайная.

Пінг-понг на фізкультуры

Уваходзячы ў вялікую спартыўную залу школы, пабудаванай, нагадаем, па арыгінальным праекце, адразу звяртаеш увагу на столь: яна зашклёная.

— Гэта энергазберагальны варыянт, — удакладняе Наталля Кніга. — Шкло трывалае і абаронена сеткай. Наогул жа ў нас дзве спартзалы: вялікая і малая. Акрамя таго, ёсць яшчэ харэаграфічная зала і невялікая гімнастычная. На вуліцы — футбольнае поле і некалькі пляцовак. Так што ўмовы для заняткаў фізкультурай і спортам, пагадзіцеся, нядрэнныя. На працягу шэрага гадоў нашы навучэнцы займаюць прызавыя месцы ў раённай школьнай спартакіядзе, паспяхова выступаюць на абласных спаборніцтвах. Працуюць з імі тры выкладчыкі фізічнай культуры і здароўя, дзейнічаюць аб’яднанні па інтарэсах, факультатывы, дзеці з задавальненнем займаюцца гандболам, валейболам, баскетболам, лёгкай атлетыкай, футболам. На базе школы ўжо больш як восем гадоў функцыянуе спартыўны клас, у якім дзяцей вучыць трэнер мясцовай ДЮСШ, кандыдат у майстры спорту па настольным тэнісе і вялікі энтузіяст Юрый Чыжонак. І трэба сказаць, у яго ёсць вельмі здольныя вучні.

Пераканацца ў справядлівасці слоў дырэктара мне ўдаецца вельмі хутка. Падчас урока фізкультуры, які праходзіў у малой спартыўнай зале, за трыма тэніснымі сталамі, нібы белыя маланкі, мільгалі маленькія мячыкі, якія ўмела пасылалі на бок саперніка будучыя майстры пінг-понга.

Знаёмімся з адным з іх. Багдан Шыдлоўскі нядрэнна валодае ракеткай, хлопчык вучыцца ў 4 класе, і ў яго скарбонцы ўжо ёсць 5-е месца на абласных спаборніцтвах, прычым сярод дзяцей, старэйшых за яго па ўзросце. Так што, бу­дзем спадзявацца, хлопчык калі-небудзь праславіць родную школу і Клічаўшчыну. Як, напрыклад, Аляксандра Чыжонак і Дзіяна Каралёк, чые фатаграфіі ўпрыгожваюць школьную Дошку гонару “Знакамітыя землякі” па суседстве з партрэтам сярэбранага прызёра Алімпіяды ў Рыа штангісткі Дар’і Навумавай.

Уладзімір ПІСАРАЎ
Фота Алега ІГНАТОВІЧА