Поспех навучання — у супрацоўніцтве з бацькамі

- 10:46Адукацыйная прастора

Шосты школьны дзень у сталічнай гімназі № 5 сапраўды школьны. Нягледзячы на суботу, у калідорах, кабінетах, спартыўнай, актавай залах — дзеці, настаўнікі, бацькі. І пра тое, што на календары ўсё ж такі субота, сведчыла дзіцячая мітусня і атмасфера пэўнай разняволенасці — урокаў не было. А атмасферу сямейнасці стваралі бацькі. Хоць яны і прыйшлі ў гімназію з некаторымі пытаннямі і клопатам пра сваіх сыноў і дачок, але ж на тварах былі ўсмешкі — быццам у сваё дзяцінства трапілі.

На маё “Ой, як у вас шматлюдна!” дырэктар навучальнай установы Лада Іванаўна Захарава спакойна адказала: “А ў нас кожную суботу так”. У гімназіі № 5 па суботах праводзяцца факультатыўныя заняткі, працуюць аб’яднанні па інтарэсах, рэпеціруюць і выступаюць два ўзорныя ансамблі (харэаграфічны і інструментальны), праводзяцца падтрымліваючыя і стымулюючыя заняткі. Як заўважыла Лада Іванаўна, апошняе было зроблена для таго, каб не перагружаць дзяцей сярод тыдня.

“Мы склалі адпаведны графік, і калі ў навучэнца ўзнікаюць цяжкасці па пэўным прадмеце, то ён прыходзіць да настаўніка на падтрымліваючыя заняткі. А на стымулюючых занятках ідзе падрыхтоўка да рэспубліканскіх алімпіяд, навукова-практычных канферэнцый, прадметы вывучаюцца на павышаным узроўні.

Акрамя таго, у суботу настаўнікі заўсёды сустракаюцца з бацькамі. Сустрэчы праходзяць у форме кансультацыі ці проста гутаркі. Мы праводзілі і кансультацыйныя бацькоўскія сходы, калі таты і мамы маглі пагаварыць з тымі настаўнікамі-прадметнікамі, да якіх былі пытанні. Такія сходы ў нас праходзілі раз у чвэрць. Цяпер мы будзем прапаноўваць прыйсці да настаўніка-прадметніка кожную суботу. Сярод бацькоў настаўніцкія кансультацыі вельмі запатрабаваны, таму ў гімназіі будзе створаны графік іх наведванняў”, — расказала Лада Іванаўна.

Дырэктар адзначыла, што, як правіла, больш за ўсё пытанняў узнікае ў бацькоў, чые дзеці вучацца ў пачатковай школе. Хлопчыкі і дзяўчынкі адаптуюцца да новых умоў жыцця, патрабаванняў, таму ім неабходна дапамога і падтрымка. Акрамя таго, як заўважаюць педагогі, на гэтым этапе ад бацькоў патрабуецца кантроль за выкананнем дамашняга задання. Але па меры сталення навучэнец павінен разумець, што калі ў яго нешта не атрымліваецца, то найперш па дапамогу ён павінен звярнуцца да настаўніка. Арыенцірам для бацькоў з’яўляюцца вынікі навучання дзіцяці. А калі ўзнікаюць пытанні, то зноў трэба звяртацца да настаўніка, які падкажа, чым і як дапамагчы.

“Некаторым дзецям патрэбна дапамога ў арганізацыі выканання дамашняга задання, напрыклад, кантроль за паўнатой яго выканання, або стварэнне працоўнай атмасферы. Авось рашаць за сваё дзіця задачу не трэба, бо такія дзеянні з боку бацькоў не гарантуюць вырашэння праблемы няведання. Дзіця павінна рашаць само, магчыма, з памылкамі, але так, як разумее. А ўжо на ўроку, падчас праверкі дамашняга задання разам з настаўнікам, навучэнец зразумее, дзе і чаму ён памыліўся”, — адзначыла дырэктар.

Бацькі навучэнцаў пятай сталічнай гімназіі за кансультацыямі да настаўнікаў звяртаюцца часта. Формы ўзаемадзеяння сучасныя: з дапамогай электроннай пошты, вайбера, груп у сацыяльных сетках. Можна пагутарыць з настаўнікам, пакуль дзіця займаецца ў секцыі ці ў ансамблі. Калі няма настаўніка, можна паразмаўляць з намеснікам дырэктара, паглядзець журнал, спытаць, калі можна сустрэцца з патрэбным педагогам.

“У нас уважлівыя класныя кіраўнікі, якія пільна сочаць за поспехамі сваіх навучэнцаў. І калі настаўнікі бачаць, што могуць узнікнуць праблемы, то адразу тэлефануюць бацькам”, — працягвала Лада Іванаўна.

Тыя бацькі, у якіх узніклі цяжкасці ва ўзаемаадносінах з дзецьмі, могуць звярнуцца ў псіхалагічную службу гімназіі. У навучальнай установе працуюць два псіхолагі. Яны прапаноўваюць не толькі кансультацыі, але і трэнінгі. Спецыялісты працуюць па вечарах, таму бацькам зручна прыйсці да іх пасля работы. Узаемадзейнічаюць з псіхолагамі і класныя кіраўнікі, па просьбе якіх праводзяцца неабходныя трэнінгі ў класе або для часткі класа. Усе працуюць на павышэнне матывацыі гімназістаў, на стварэнне спрыяльнага мікраклімату ў класе і ў гімназіі.

Асаблівая ўвага ўдзяляецца старшакласнікам. У гімназіі рэалізоўваюцца два профілі: фізіка-матэматычны і філалагічны. Яны былі адкрыты зыходзячы з адукацыйных запытаў вучняў, а таксама педагагічных і матэрыяльна-тэхнічных магчымасцей установы. У мінулым годзе гімназія № 5 атрымала кубак пераможцы па выніках гарадской алімпіяды па фізіцы. І сёлета гімназісты паказалі высокія вынікі — рыхтуюцца да Рэспубліканскай алімпіяды па фізіцы. Выпускнік установы Марыуш Сарока быў удастоены нагруднага знака спецыяльнага фонду прэзідэнта па падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў. Канечне, гэтыя поспехі немагчымы без падтрымкі бацькоў.

Маму адзінаццацікласніцы Ганны Таццяну Валер’еўну Канцавую хвалюе, як дачка падрыхтуецца да выпускнога экзамену па гісторыі Беларусі. Са сваімі сумненнямі і перажываннямі жанчына прыйшла да настаўніка гісторыі гімназіі № 5 Дзмітрыя Васільевіча Пратасевіча.

“Я спецыяльна прыйшла да Дзмітрыя Васільевіча, бо мне трэба было пагутарыць пра паспяховасць дачкі па прадмеце, удакладніць, над чым трэба папрацаваць больш, каб лепш падрыхтавацца да выпускнога экзамену па гісторыі Беларусі, спытаць, якім настаўнік бачыць наша далейшае супрацоўніцтва. Дачка вучыцца ў фізіка-матэматычным класе, таму яна больш схільна да дакладных навук, а гісторыю трэба здаваць вусна, матэрыял аб’ёмны. Для мяне было важна абмеркаваць з педагогам, як дазіраваць інфармацыю і правільна размяркоўваць час пры падрыхтоўцы да экзамену”, — падзялілася мама.

Таццяна Валер’еўна адзначыла, што да падобных кансультацый з настаўнікамі-прадметнікамі яна звяртаецца рэдка, але ёй вельмі падабаецца, што такая работа арганізавана ў гімназіі і што бацькі своечасова атрымліваць неабходную інфармацыю. “У нас пастаянна праводзяцца бацькоўскія сходы, вельмі добра працуюць класныя кіраўнікі. Мы карыстаемся сучаснымі сродкамі камунікацыі, напрыклад, створаны групы ў вайберы, таму інфармацыю атрымліваем хутка”, — працягвала мама адзі-наццацікласніцы.

Дзмітрый Васільевіч, у сваю чаргу, адзначыў, што цеснае супрацоўніцтва з бацькамі старшакласнікаў — адзін са складнікаў поспеху выпускніка гімназіі. “Важна разумець, што і навучэнцы, і педагогі, і бацькі — гэта адна каманда. І калі педагогі будуць працаваць у тандэме з бацькамі, то пастаўленыя мэты будуць дасягацца больш эфектыўна.

Па суботах у нас праходзіць факультатыў па падрыхтоўцы да экзамену па гісторыі Беларусі. У гэты дзень прадугледжаны і кансультацыі з бацькамі. Не ўсе пытанні можна вырашыць з дапамогай тэлефона. Падчас такіх кансультацый мы не проста абмяркоўваем нейкія бягучыя пытанні, а, напрыклад, можам скласці індывідуальны план падрыхтоўкі да выпускнога экзамену. Дзеці ж розныя і з розным узроўнем падрыхтоўкі, а экзамен абавязковы і ён вусны. Акрамя таго, адзінаццацікласнікаў чакае цэнтралізаванае тэсціраванне, таму вельмі важна пры падрыхтоўцы да выпрабаванняў пазбегнуць перагрузкі, інакш на экзамене, а пасля і на ЦТ навучэнец будзе не на піку сваёй падрыхтоўкі, а зусім у іншым стане.

Сёння мы з Таццянай Валер’еўнай узгаднілі напрамак работы з Ганнай, каб аптымізаваць яе падрыхтоўку да выпускнога экзамену па гісторыі Беларусі. І мне, дарэчы, лягчэй прыйсці на сустрэчу з бацькамі і навучэнцамі менавіта ў суботу, бо гэта такі дзень, у які можна спакойна абмеркаваць набалелае і скласці план далейшых сумесных дзеянняў”, — адзначыў настаўнік гісторыі.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота аўтара.