Поўным ходам сістэма адукацыі Брэстчыны рыхтуецца да новага навучальнага года

- 11:07Новости

Поўным ходам сістэма адукацыі Брэстчыны рыхтуецца да новага навучальнага года. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

— Першага верасня 467 устаноў адукацыі вобласці сустрэнуць больш за 172 тысячы вучняў, — паведаміла першы намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення па адукацыі Брэсцкага аблвыканкама Таццяна Савіч. — У выніку аптымізацыі былі закрыты 5 малакамплектных школ. У параўнанні з мінулым годам колькасць першакласнікаў не зменшылася (16,5 тысячы), а вось колькасць адзінаццацікласнікаў крыху павялічылася (звыш 10 тысяч). 

На развіццё матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў адукацыі (бягучыя і капітальныя рамонты, вучэбнае і тэхналагічнае абсталяванне) выдаткавана амаль 90 млн рублёў, што на 25 млн больш, чым летась. З іх асвоена каля 42%.

Капітальныя рамонты (з улікам праектавання) ажыццяўляюцца сёлета ў 79 установах. У 22 школах яны дакладна завершацца да 1 верасня. На гэтыя мэты ў абласным бюджэце зарэзервавана звыш 24 млн рублёў. У першую чаргу рамантуюцца дахі, цепласеткі і іншыя камунікацыі, праводзіцца цеплавая рэабілітацыя будынкаў, замяняюцца дзвярныя і аконныя блокі, добраўпарадкоўваюцца тэрыторыі, набываюць сучасны выгляд стадыёны і спартыўныя пляцоўкі.

На бягучыя рамонты ў 1209 установах адукацыі з абласнога бюджэту выдаткавана амаль 50 млн рублёў. У маі закуплены 25 школьных аўтобусаў, да канца года школьны аўтапарк рэгіёна папоўняць яшчэ 23 машыны.

Па словах Таццяны Савіч, пытанні, звязаныя з падрыхтоўкай устаноў адукацыі да новага навучальнага года і арганізацыяй у іх бяспечных умоў, знаходзяцца на пастаянным кантролі органаў улады. Ход выканання запланаваных рамонтных работ штотыдзень заслухоўваецца на адпаведных нарадах у аблвыканкаме і рай(гар)выканкамах. Сітуацыя па кожным аб’екце ўважліва аналізуецца, аператыўна вырашаюцца бягучыя праблемы.

Акрамя капітальных рамонтаў, у рамках абласной інвестыцыйнай праграмы да 1 верасня завершыцца рэканструкцыя Ляснянскай сярэдняй школы Баранавіцкага раёна, басейна ў сярэдняй школе № 9 імя А.Ф.Наганава Брэста, харчаблокаў у сярэдніх школах №№ 5, 15 і 28 Брэста і інш. Будуецца школа-сад на 471 месца ў Пінску, пачалося ўзвя­дзенне прыбудовы да сярэдняй школы № 1 Лунінца з рэканструкцыяй дзеючага будынка. Па ўсіх аб’ектах забяспечана стабільнае фінансаванне, прымаюцца меры па своечасовым завяршэнні рамонтных работ.

Таццяна Савіч расказала, што ў новым навучальным го­дзе 567 устаноў, якія рэалізу­юць праграмы дашкольнай адукацыі, будуць наведваць звыш 54 тысяч выхаванцаў. Іх матэрыяльна-тэхнічная база таксама актыўна абнаўляецца. Больш за тое, завяршаецца будаўніцтва новага дзіцячага сада № 13 на 350 месцаў у Брэсце, праектуецца школа-­сад на 471 месца ў вёсцы Тэльмы Брэсцкага раёна і дзіцячы сад на 280 месцаў у Баранавічах.

Працягваецца закупка тэхналагічнага, халадзільнага, дапаможнага і іншага абсталявання для харчаблокаў. Праведзена гігіенічная ацэнка рацыёнаў харчавання для дзяцей рознага ўзросту, распрацаваны па 2 і больш рацыёнаў з улікам іх практычнага прымянення (з супамі і без іх, з розным наборам страў). У гэтыя рацыёны ўключаны стравы з мяса, у тым ліку з курыцы і рыбы, салаты, мучныя вырабы, напіткі, гарніры, супы. Школьнікам прыйшліся даспадобы курыныя шашлычкі, нагетсы і мясныя гнёзды. Дзякуючы новай сістэме харчавання, колькасць адходаў у харчаблоках зменшылася на 15—17%.

Па словах Таццяны Савіч, вывучаць прадметы на павышаным узроўні ў новым навучальным годзе будуць 62,5% старшакласнікаў.

Павялічыцца колькасць профільных класаў (груп) прафесійнай накіраванасці: педагагічных (90 школ), ваенна-патрыятычных (34), спартыўна-педагагічных (6) і аграрных (80). Асабліва радуе, што ў педагагічных класах стане амаль на 400 вучняў больш. Акрамя таго, істотна пашырыцца сетка інжынерных класаў (49 школ).

Што да кадраў, то органы выканаўчай улады право­дзяць вялікую работу з арганізацыямі па мэтавай падрыхтоўцы спецыялістаў. Сёлета былі сфарміраваны 139 адпаведных заявак на будучых педагогаў. У новым навучальным годзе педагагічную сям’ю Брэстчыны павінны папоўніць звыш 600 маладых спецыялістаў.

 Сяргей ГРЫШКЕВІЧ