Пра адметныя практыкі па энергазберажэнні – дырэктар школы № 12 Віцебска Святлана Траццякова

- 13:00Интервью, Образование, Приложение, Школа управления

Як у звычайнай школе ўзгадаваць пераможцаў рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах, конкурсаў “Энергамарафон”, “100 ідэй для Беларусі”, “Лідар года” і лепшых у вобласці маладых настаўнікаў? Вопытам работы з карэспандэнтам “Настаўніцкай газеты” падзялілася дырэктар сярэдняй школы № 12 Віцебска імя Л.М.Філіпенкі Святлана Траццякова.

— Святлана Аляксандраўна, дзе трэба вучыцца, каб стаць дырэктарам адной з самых паспяховых школ рэгіёна?

— Універсальнага алгарытму няма. Калі гаварыць асабіста пра мяне, то я выпускніца ВДУ імя П.М.Машэрава. Дарэчы, як і многія з маіх калег і кіраўнікоў сістэмы адукацыі Віцебшчыны. Разам з тым для педагога выбар спецыяльнасці, месца вучобы вельмі важны і адказны, але ўсяго толькі крок на доўгім шляху. Вытокі майго на Аршаншчыне: усё пачалося з педагагічнай сям’і, у якой бацька быў дырэктарам школы, з урокаў любімых настаўнікаў. Па размеркаванні выпаў Віцебск, сярэдняя школа № 20 (гімназія № 4). Паколькі ў біёлагаў не надта высокая вучэбная нагрузка, мне нечакана прапанавалі паспрабаваць сілы яшчэ і ў якасці педагога-арганізатара. Шчыра прызнацца, сумнявалася, ці варта. Аднак потым гэтая справа захапіла мяне не менш, чым выкладанне прадмета. Літаральна праз 3 гады я была прызначана намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце. І з 2000 года, з перапынкамі на дэкрэтны водпуск (у мяне дачка і сын), працавала завучам. У 2017 годзе атрымала новую прапанову: узначаліць калектыў сярэдняй школы № 12.  

— Якую першачарговую задачу вы ставілі перад сабой?

— Школа № 12 заўсёды знаходзілася ў ліку ўстаноў, якія ў вучэбнай дзейнасці, выхаванні падрастаючага пакалення зада­юць тон у вобласці. Высокую планку трэба было, як мінімум, утрымаць. Мая папярэдніца Марына Уладзіміраўна Навіцкая (зараз яна кіруе галоўным упраўленнем ідэалагічнай работы і па справах моладзі аблвыканкама) у свой час прайшла тут усе прыступкі росту ад настаўніцы да дырэктара. Давяраючы мне калектыў, яна, бе­зумоўна, спадзявалася, што дасягнутае мы захаваем і прымножым. Гэтага ад мяне чакалі, да гэтага я і сама імкнулася.

— Многія добрыя традыцыі ўстановы адукацыі звязаны з энергазберажэннем…

— За 10 гадоў у нашай школе стварылі, а затым паспяхова ўкаранілі шэраг адметных ма­дэлей і практык па эфектыўным выкарыстанні энергарэсурсаў. У 2013 годзе калектыў далучыўся да рэспубліканскага інавацыйнага праекта “Укараненне мадэлі арганізацыі дзейнасці ўстановы адукацыі як школы рацыянальнага рэсурсаспажывання”. Праз год атрымаў першую значную перамогу на рэспубліканскім конкурсе “Энергамарафон”: 3-е месца ў намінацыі “Культурна-відовішчнае мерапрыемства па прапагандзе эфектыўнага і рацыянальнага выкарыстання энергарэсурсаў”. У сакавіку 2015 года на базе школы адкрылі першы на Віцебшчыне вучэбна-дэманстрацыйны рэсурсны цэнтр па энергазберажэнні. Па багацці магчымасцей для работы з сучасным энерга­эфектыўным абсталяваннем ён і сёння застаецца вядучым. З 2017 го­да школа ўваходзіць у Асацыяцыю “Адукацыя для ўстойлівага развіцця”. Адной з прыярытэтных мэт мы выбралі 7-ю — “Недарагая і чыстая энергія”, што, у сваю чаргу, дало імпульс для новых энергазберагальных ініцыятыў, высока ацэненых прафесійнымі экспертамі рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў.

— У “Энергамарафоне” працягваеце ўдзельнічаць?

— Па сутнасці, гэта частка адукацыйнага працэсу. І вынікі паступова нарошчваем. У 2019 го­дзе наша агітбрыгада перамагла ў фінале ў намінацыі “Культурна-відовішчнае мерапрыемства”. Цесная ўзаемасувязь: у 2021-м атрымалі дыплом І ступені Рэспубліканскага конкурсу экалагічных праектаў, а ўстанова набыла статус “зялёнай школы”. У мінулым годзе на “Энергамарафоне” мы былі прызнаны лепшымі ў самай прэстыжнай і складанай намінацыі “Сістэма адукацыйнага працэсу і інфармацыйна-прапагандысцкай работы ў сферы энергазберажэння ва ўстанове адукацыі”. Нядаўна прымалі ў сябе заключны этап сёлетняга конкурсу, знаёмілі з нашым вопытам і здабыткамі.

— Гэтыя здабыткі, акрамя ін­тэлектуальнага і выхаваўчага, маюць канкрэтнае матэрыяльнае напаўненне?

— Не стамляюся ра­іць калегам: спрабуйце і вы, да дыпломаў прыкладаюцца значныя мэтавыя грашовыя сертыфікаты! Дзякуючы “Энергамарафону”, наша школа поўнасцю абсталявана энергазберагальнымі вокнамі. Акрамя таго, мы ўстанавілі энергаэфектыўнае асвятленне, замянілі 15 дзвярэй запасных выхадаў, набылі энергазберагальнае абсталяванне ў харчаблок. Установа забяспечана элементамі SMART-школы. На аснове назапашанага вопыту распрацавана і рэалізуецца праграма “Прыдзвінская акадэмія энерга­зберажэння”, якая выконвае функцыі адзінай інфармацыйна-адукацыйнай прасторы. Важным яе складнікам з’яўляецца аднайменны тэматычны сайт.

— А з пункту погляду кіравання як арганізаваны пра­цэс?

— Поўнасцю давяраю сваёй камандзе, без сумненняў дэлегую паўнамоцтвы. Зразумела, гэта не выключае кантролю: руку на пульсе трымаць неабходна. Праграмы па асобных напрамках, што курыруюць мае намеснікі, распрацоўваюцца з далёкім прыцэлам: не на навучальны год, а на пяцігодку і больш, у працэсе іх крыху карэкціруем. Калі чакаецца вялікае мерапрыемства, патрэбна нестандартная ідэя для новага праекта — складаем ініцыятыўную групу, затым да мазгавога штурму і работы далучаюцца ўсе, ад кіраўніцтва школы да настаўнікаў, навучэнцаў, іх бацькоў, сацыяльных партнёраў. Ніхто не застаецца ўбаку, бо кожны перажывае за вынік, разумеючы яго значнасць для сябе і школы.

— Каштоўнае разуменне. Відаць, складана яго дасягнуць?

— Нашы педагогі, старшакласнікі ўмеюць гэта данесці малодшым навучэнцам. Напрыклад, па здароўезберажэнні мы лепшыя ў горадзе. З 2018 года ў нас дзейнічае раённы рэсурсны цэнтр “Школа — тэрыторыя здароўя”. Работа сістэмная і шматузроўневая: адпаведная праграма, праекты, спартыўныя спаборніцтвы, турызм, тэматычныя семінары і педсаветы, маніторынгі здароўя, аналітыка… Асобна варта адзна­чыць пачатковую школу, дзе класы штораз прыдумляюць розныя цікавыя рэчы. У рэкрэацыі створана інтэрактыўная пляцоўка для навучэнцаў. Мяк­кія модулі, з якімі дзеці з вялікім задавальненнем гуляюць, не менш папулярныя спартыўныя трэнажоры, насценныя шахматы, панэлі для развіцця дробнай маторыкі — у свабодным доступе. З моманту ўстаноўкі абсталявання мінула каля трох гадоў, яно актыўна выкарыстоўваецца – але ж і зберагаецца акуратна. Проста дзеці з першага класа літаральна ўпітва­юць адчуванне, што яны ў школе не выпадковыя карыстальнікі даброт, а руплівыя і ашчадныя гаспадары.

— Сёлета сустрэчу з вашымі навучэнцамі і педагогамі правялі прадстаўнікі Выдавецкага дома “Педагагічная прэса” на чале з яго дырэктарам Кацярынай Дубінскай. Вядомыя людзі ў вас нярэдкія госці?

— У выхаванні моладзі важны станоўчы асабісты прыклад. Кожны педагог тут задзейнічаны. Але як паветра неабходны вопыт паспяховых бацькоў і прадстаўнікоў розных сфер жыцця грамадства, меркаванню якіх школьнікі схільныя давяраць. У рамках праекта “Школа актыўнага грамадзяніна” мы часта запрашаем такіх лю­дзей. Прыемна, што нам ­ідуць насустрач. Экспертамі школьных дыялогавых пляцовак у фармаце “100 пытанняў да дарослага” сталі ў тым ліку намеснік Прэм’ер-міністра Рэс­пуб­лікі Беларусь Ігар Петрышэнка і намеснік міністра адукацыі Аляксандр Кадлубай, дэпутаты Нацыянальнага сходу, начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі аблвыканкама Дзмітрый Хома, прадстаўнікі прадпрыемстваў, устаноў прафесійнай адукацыі, сілавых структур, СМІ, грамадскіх арганізацый.

— Якімі дасягненнямі навучэнцаў у грамадскай і праектнай дзейнасці, творчасці школа ганарыцца?

— Любы крок наперад, калі чалавек становіцца лепшым за сябе ўчарашняга, — вартае павагі дасягненне. У нас яскрава прадстаўлены ўсе напрамкі выхаваўчай дзейнасці, а каардынуе яе цэнтр “Эдэльвейс” пад кіраўніцтвам намесніка дырэктара па выхаваўчай рабоце Ганны Уладзіміраўны Лаўрэнавай.

Маладыя настаўнікі на абласным этапе рэспубліканскага фестывалю “Педагагічны дэбют” паставілі рэкорд: адразу два суперфіналісты, Таццяна Германаўна Анціпенка — лаўрэат, Ілья Уладзіміравіч Кузняцоў — пераможца.

Што да значных поспехаў, то толькі за апошнія 3 гады камандную скарбонку папоўнілі перамогі ў рэспубліканскіх фіналах адкрытага дыстанцыйнага конкурсу на лепшы лагатып Года народнага адзінства, маладзёжнага праекта “100 ідэй для Беларусі”, агляду-конкурсу “Лідар года”, выстаў-конкурсаў дэкаратыўна-прыкладной творчасці навучэнцаў “Калядная Зорка” і дзіцячай творчасці “АрхНавацыя”. “Вучань года”, выбраны на нядаўняй змене ў “Зубраняці”, таксама з нашай школы. Пераліч­ваць можна доўга. Прычым я не расказала пра міжнародныя конкурсы, у якіх мы ўдзельнічаем даволі вынікова.

— Магутны рэсурс у арсенале дырэктара — грамадскія аб’яднанні…

— Найперш адзначу цудоўную каманду класных кіраўнікоў. У 2021 і 2022 гадах двое з іх заахвочаны падзякамі Міністэрства адукацыі як лепшыя класныя кіраўнікі выпускных класаў. Надзейную падтрымку аказваюць нашы пярвічныя арганізацыі галіновага прафсаюза, РГА “Белая Русь”, Беларускага саюза жанчын. Плюс школьнае самакіраванне, дзіцячыя і маладзёжныя грамадскія арганізацыі (удзел у БРСМ, БРПА практычна 100-працэнтны), валанцёрскі атрад “Хто, калі не мы?”. Кожнае з гэтых аб’яднанняў — яркая візітная картка школы, вартая асобнай размовы. Растуць ініцыятыўныя лідары, сумленныя і добрыя дзеці.

— Вучыцца ім такая рознабаковая актыўнасць не замінае?

— Будзем зыходзіць з фактаў: сярэдні бал, атрыманы нашымі выпускнікамі па выніках цэнтралізаванага тэсціравання, складае амаль 66, працэнт паступлення ва УВА Беларусі вышэйшы за 97. Штогод педагогі і школьнікі становяцца лаўрэатамі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў, паляпша­юць свае вынікі ў алімпіядным руху.

У мінулым годзе ў нас было 77 перамог на гарадскім этапе рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах, сёлета 93. На ўзроўні вобласці — 17 і 23 адпаведна. На заключным этапе паказальным стаў 2021 год. Раней выходзілі ў фінал, а тут дачакаліся, нарэшце, двайнога пераможнага дэбюту па грамадазнаўстве ў вучняў Надзеі Вячаславаўны Агеевай. Летась каманда гэтай настаўніцы замацавала поспех: праўда, быў толькі адзін дыплом. Затое цяпер у нашых алімпіяднікаў зноў 2 дыпломы рэспубліканскага ўзроўню па грамадазнаўстве, да іх дабавіліся па адным дыпломе па біялогіі (настаўнік Марына Валер’еўна Саламахіна), працоўным навучанні (настаўнік Сяргей Анатольевіч Уласенка) і пахвальны водзыў па матэматыцы (настаўнік Ігар Мікалаевіч Рынейскі). Тры пераможцы вучацца ў 11 “Б” класе. Адразу пасля алімпіяды мы іх павіншавалі, уручылі торт. Навучэнцы падзякавалі і з усмешкай папрасілі: “Перадайце дзесяцікласнікам, што ў наступным годзе ім будзе вельмі цяжка, бо трэба палепшыць наш вынік”.

— Падзяліцеся сакрэтам: як прывесці школу да алімпіяднага прагрэсу?

— Распрацоўка траекторыі развіцця навучэнцаў — сфера дзейнасці цэнтра “Кропкі росту”, які ўзначальвае мая намеснік па вучэбнай рабоце Валянціна Яўгенаўна Ашраф’ян. Работу з таленавітымі і адоранымі навучэнцамі мы вя­дзём з пачатковай школы. У 7 класе даём магчымасць выбраць прадметы для паглыбленага вывучэння, у 8-м стартуе дапрофільная падрыхтоўка. У старшым звяне — мультыпрофіль. Адпаведныя прадметныя напрамкі фарміруем па запытах навучэнцаў і іх бацькоў (законных прадстаўнікоў). Ёсць і традыцыйныя, якія з году ў год не мяняюцца: грамадазнаўства, біялогія і хімія, матэматыка і фізіка. У жніўні практычна ўсе старшакласнікі наведваюць у школе профільны аздараўленчы лагер дзённага знахо­джання. Якраз тады нашы педагогі пільна прыглядаюцца да будучых алімпіяднікаў. Не аднаго-двух перспектыўных вучняў, а набіраюць паўнавартасныя каманды па 10—15 чалавек — гэта важкі складнік у сістэме работы.

Актыўная прафарыентацыя — з ранняга ўзросту: у новым навучальным годзе ў школе плануюць адкрыць эксперыментальныя інжынерна-тэхнічны і мытны класы ў паралелі 5-х класаў.

Наступны сакрэт і не сакрэт зусім: мы сябруем з універсітэтамі горада. Перыядычна звяртаемся па дапамогу ў медыцынскі, акадэмію ветэрынарнай медыцыны. Асаб­ліва цесная ўзаемасувязь нала­джана з ВДУ імя ­П.М.Машэрава і ВДТУ. Студэнты-“машэраўцы” ў нас праходзяць практыку, і, галоўнае, у школе адкрыты філіял кафедры заа­логіі і батанікі гэтага ўніверсітэта. Выкладчыкі з намі не супрацоўнічаюць — яны ў нас працуюць, вядуць факультатыўныя заняткі ў 8—11 класах, курыруюць даследчую дзейнасць навучэнцаў. Тут пакуль вынікі больш сціплыя, аднак мы іх штогод удасканальваем. На вобласці ўжо стабільна ўвахо­дзім у склад пераможцаў, атрымалі вопыт удзелу ў заключных этапах  рэспубліканскіх конкурсу даследчых работ і конкурсу навуковых біёлага-экалагічных работ (праектаў) навучэнцаў, прымерваемся да лідарства. Прафарыентацыйны эфект відавочны, асабліва з улікам новых спецыяльнасцей універсітэта-партнёра.

— Акцэнт выключна на біялогіі і хіміі?

— Тэхнічныя напрамкі таксама развіваем. Да фіналу рэспубліканскага конкурсу навукова-тэхнічнай творчасці навучэнскай моладзі “ТэхнаІнтэлект” прадстаўніку школы ўдалося дайсці. Удзельнічаюць нашы навучэнцы і ў зменах Нацыя­нальнага дзіцячага тэхнапарка. У разрэзе школьнага навучання выклікае пытанні такі нюанс: пачатковая школа выяўляе патэнцыял, дапрофіль і профіль спрацоўваюць на прафарыентацыю дастаткова эфектыўна, але пераемнасць паміж імі ў некаторай ступені перапыняецца. Плануем гэта выправіць. Вялікую папярэднюю работу правялі нашы псіхолагі. Яны вывучылі схільнасці і здольнасці кожнага будучага пяцікласніка, прадаставілі інфармацыю бацькам. Мы ў тым ліку прапаноўвалі, каб дзеці маглі на факультатывах, у аб’яднаннях па інтарэсах пачаць знаёмства з кітайскай мовай — шкада, што масава нас не падтрымалі. Затое ідэя мытнага класа выклікала ажыятаж: пададзена каля 40 заяў! Зацікавіліся бацькі і перспектывамі інжынерна-тэхнічнага класа з ухілам на робататэхніку. Зараз праект на стадыі ўзгаднення. Думаю, што з новага навучальнага года ў паралелі 5-х класаў адкрыем абодва эксперыментальныя класы. Спецыяльнага набору не будзе, дзеці застаюцца тыя ж, хаця самі класы крыху перафармаціруем. Акрамя таго, плануем арганізаваць аб’яднанне па інтарэсах у напрамку фінансавай дасведчанасці: заняткі гатовы весці выкладчыкі тэхналагічнага ўніверсітэта.

— Нельга ў размове абмі­нуць унікальны школьны музей. Чым новым могуць парадаваць юныя экскурсаводы і іх кіраўнік?

— Педагогі нашай школы сумесна з вучнямі першымі пачалі сістэматызаваць інфармацыю пра ганаровых грамадзян Віцебска, і 18 мая 2010 года быў адкрыты прысвечаны ім музей. На экскурсіях, выставах, музейных мерапрыемствах і ў даследчай дзейнасці выкарыстоўваецца звыш 700 экспанатаў асноўнага фонду. Неаднаразова, у тым ліку сёлета, юныя экскурсаводы станавіліся пераможцамі рэспубліканскіх конкурсаў. Кіраўнік музея Алена Пятроўна Маўсясян вынікова ўдзельнічае ў нацыянальных і міжнародных тэматычных форумах, краязнаўчых чытаннях. Музейная экспазіцыя раскрывае перад наведвальнікамі старонкі гісторыі Віцебска, увасоб­леныя ў лёсах адданых Радзіме патрыётаў. Апошнім часам праф­арыентацыйныя экскурсіі развіваем на прыкладах ганаровых грамадзян — гэта перспектыўнае пачынанне. Складанасць у тым, што Алена Пятроўна (па асноўнай рабоце яна настаўніца пачатковых класаў) і яе памочнікі часам не спраўляюцца з наплывам наведвальнікаў! У бягучым навучальным годзе мы ўсёй школай рэалізавалі буйны пошукавы праект, узбагацілі фонды новымі матэрыяламі. Набылі інтэрактыўнае абсталяванне, заканчваем работу над праграмай. Паставілі на мэце зрабіць наш музей максімальна даступным, каб у адсутнасць яго кіраўніка кожны педагог школы мог правесці тут заняткі і хутка знайсці неабходную інфармацыю. Другая праблема —  музей перарос сваё памяшканне, патрэбна дадатковая плошча. Прыадкрыю сакрэт: мы рыхтуемся да наваселля.

 Таццяна БОНДАРАВА
Фота прадастаўлена сярэдняй школай № 12 Віцебска