Гімназію 1 Слуцка сярод устаноў адукацыі не толькі Міншчыны, але і краіны ў цэлым вылучае эфектыўная адукацыйная мадэль, заснаваная на спалучэнні лепшых традыцый мінулага і сучаснасці. Пра неабходнасць трансляцыі педагагічнага вопыту, якасную метадычную падтрымку настаўнікаў і фарміраванне іміджу навучальнай установы карэспандэнтe “Настаўніцкай газеты” расказала дырэктар гімназіі № 1 Слуцка Алена Міронава.
Традыцыі і інавацыі
— Алена Мікалаеўна, якім быў ваш шлях у педагогіку?
— Расказваць пра сябе не вельмі проста. Зусім не хочацца, каб гэта выглядала як самаўсхваленне, а з іншага боку, разумееш, што заўсёды ёсць людзі, для якіх ты з’яўляешся прыкладам. Нам мой прафесійны выбар паўплывалі настаўнікі, у якіх пашчасціла вучыцца. Я скончыла з залатым медалём сярэднюю школу № 10 Слуцка, прымала актыўны ўдзел у жыцці навучальнай установы, была старшынёй савета піянерскай дружыны, сакратаром камсамольскай арганізацыі школы.
Матэматыка заўсёды была маёй любоўю. З дзяцінства я адчувала задавальненне ад рашэння складаных матэматычных задач і атрымлівала асалоду ад логікі, якая хаваецца за лікамі і формуламі. Пасля 10 класа мэтанакіравана аднесла дакументы ў Мінскі дзяржаўны педагагічны інстытут імя А.М.Горкага на матэматычны факультэт. Пасля яго заканчэння вярнулася ў родны Слуцк у сярэднюю школу № 5. Першы год працавала старшай піянерважатай, затым на працягу 10 гадоў выкладала матэматыку. Наступныя 15 гадоў была намеснікам дырэктара па вучэбнай рабоце. І ўжо дзявяты год я дырэктар, кіраўнік, настаўнік, які вучыць іншых і бесперапынна вучыцца сам.
Сёння, калі азіраюся назад, не шкадую аб зробленым выбары. Ганаруся тым, што я настаўнік. І з упэўненасцю магу сказаць, што лепшай прафесіі на зямлі няма. Дарэчы, існуе легенда, якую кожны павінен ведаць. Калі нарадзіўся настаўнік, да яго калыскі прыляцелі тры феі. “Ты будзеш самым мудрым, — сказала першая, — бо ўсё сваё жыццё будзеш вучыць людзей”. “Ты будзеш самым прыгожым, — сказала другая фея, — таму што ўсё сваё жыццё будзеш акружаны маладосцю і прыгажосцю”. “Ты будзеш самым шчаслівым” — сказала трэцяя фея, — таму што гэта вялікі цуд і радасць — рабіць шчаслівымі і мудрымі іншых”.
— Якія традыцыі мае найстарэйшая навучальная ўстанова ў краіне і як вы іх падтрымліваеце?
— Яшчэ ў XVII стагоддзі нашу гімназію ахрысцілі Слуцкімі Афінамі, дзе адораныя вучні розных саслоўяў вывучалі мовы, літаратуру, рыторыку, гісторыю, матэматыку. Наша гімназія дынамічна развіваецца, захоўваючы лепшыя традыцыі мінулага, арыентуючыся на інавацыйную сучаснасць і будучыню.
Калісьці К.Ушынскі сказаў, што выхаванне, не прасякнутае традыцыяй, не можа выхаваць моцных характараў. Таму заканамерна і правільна, што наша гімназія мае і развівае свае традыцыі: распрацаваны кодэкс гімназіста, ёсць свой гімн і эмблема. Навучэнцы актыўна ўдзельнічаюць ва ўсіх абласных і рэспубліканскіх акцыях, а таксама ў тых калектыўных творчых справах, якія таксама ўжо сталі традыцыяй. Сярод іх “Гімназічны Арбат”, конкурс-праект “Лепшыя з лепшых”, творчы фестываль “Стварэнне талентаў”, свята “Пасвячэнне ў гімназісты”, навагодні фестываль КВЗ, цырымонія ўшанавання пераможцаў алімпіяд “Зорны небасхіл”.
На працягу 25 гадоў у гімназіі працуе навуковае таварыства навучэнцаў і педагогаў “Школьная акадэмія навук”, якое ўдастоена прэміі спецыяльнага фонду Прэзідэнта па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў.
Асаблівую значнасць калектыў гімназіі надае супрацоўніцтву з Беларускім фондам міру. Так, у 2022 годзе нашай установе прысвоены статус “Школа міру”.
Каманда, матываваная на поспех
— Сёлета трое вашых педагогаў сталі фіналістамі рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства “Настаўнік года”. Думаю, у многім дзякуючы метадычнай рабоце, якая наладжана ў гімназіі. На якіх прынцыпах яна будуецца?
— На мой погляд, адна з галоўных задач метадычнай работы сучаснай школы — змяніць статус педагога, перавесці яго з пазіцыі ўрокадаўцы на пазіцыю педагога-менеджара, педагога-даследчыка, педагога-метадыста. Толькі ў гэтым выпадку метадычная работа становіцца сродкам павышэння кампетэнтнасці настаўніка, паколькі забяспечвае ўмовы для прафесійнай самарэалізацыі і патрэбу ў ёй.
У нашай гімназіі створана такая мадэль метадычнай работы, якая спрыяе прафесійнаму росту педагогаў. У яе аснове — кіраванне развіццём кадраў, дзейнасны і кампетэнтнасны падыход да прафесійнага развіцця і самаразвіцця настаўнікаў (арганізацыя практыка-даследчай і праектнай дзейнасці), развіццё сеткавага ўзаемадзеяння, распаўсюджванне педагагічнага вопыту. Такія падыходы да арганізацыі метадычнай работы вызначаны ў ходзе шматгадовага ўдзелу ў рэалізацыі інавацыйных праектаў: з 1998 года рэалізавана 8 інавацыйных ідэй.
Распаўсюджванне эфектыўнага вопыту патрабуе выкарыстання сучасных мадэлей навучання педагогаў, павышэння іх інфармацыйна-камунікацыйнай кампетэнтнасці. Таму мы вучымся самі, вучым сваіх калег унутры ўстановы, дзелімся вопытам на ўзроўні раёна, вобласці, краіны. Паступова ў гэты працэс уключаецца ўсё большая колькасць настаўнікаў.
Вялікае значэнне надаём індывідуальнай метадычнай рабоце з педагогам: суправаджэнню яго самаадукацыі, наведванню і аналізу ўрокаў, карэкцыі дзейнасці, вызначэнню напрамкаў развіцця з улікам інтарэсаў настаўнікаў, матывацыі і ўключэнню ў праектную і даследчую дзейнасць, суправаджэнню ў конкурсах прафесійнага майстэрства.
Метадычная работа для нас — гэта калектыўная дзейнасць, вынікам якой і стала тое, што трое фіналістаў заключнага этапу прафесійнага конкурсу — настаўнікі гімназіі № 1 Слуцка.
— Гімназію № 1 Слуцка неаднаразова прызнавалі лепшай установай адукацыі сярод гарадскіх школ, гімназій Міншчыны. Дзякуючы чаму ўдаецца дасягаць такіх вынікаў і ўтрымліваць гэтую высокую пазіцыю?
— Магу з гордасцю сказаць, што на адукацыйнай карце Міншчыны і нашай краіны гімназія № 1 з’яўляецца адной з вядучых устаноў агульнай сярэдняй адукацыі, якая мае слаўную гісторыю, імя і прызнанне, упэўнена вырашае задачы павышэння якасці адукацыі. На працягу апошніх васьмі гадоў 100% выпускнікоў 11-х класаў паступаюць ва УВА. Штогод гімназісты становяцца пераможцамі заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах, рэспубліканскага конкурсу работ даследчага характару, міжнародных навукова-практычных канферэнцый. Сярод нашых выпускнікоў — пераможцы міжнародных алімпіяд па інфарматыцы, хіміі, геаграфіі, рускай мове.
Утрымліваць такую высокую пазіцыю дапамагае тое, што мы дакладна выбудоўваем стратэгію развіцця сваёй установы. Акрамя гэтага, вельмі сур’ёзна ставімся да фарміравання іміджу гімназіі, які ў многім вызначаюць педагогі. Нам удалося стварыць адзін з самых яркіх педагагічных калектываў у адукацыйнай прасторы Міншчыны. Мае калегі — гэта каманда, матываваная на поспех: 96% педагогаў маюць вышэйшую і першую кваліфікацыйную катэгорыю. З 60 педагогаў, якія працуюць у гімназіі, пяць удастоены прэміі спецыяльнага фонду Прэзідэнта па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў, тры педагогі адзначаны нагрудным знакам Міністэрства адукацыі “Выдатнік адукацыі”. Штогод больш як 30% педагогаў гімназіі публікуюцца ў навукова-метадычных рэспубліканскіх і абласных выданнях.
Адносіны настаўніка і вучня будуюцца на дыялогу і ўзаемнай павазе. Пры гэтым мы патрабавальныя ў пытаннях дысцыпліны. Наша галоўнае адрозненне — адукацыйная мадэль, якую стваралі літаральна па цаглінках: у ёй няма дзяцей “на абочыне”, якія проста адбываюць урокі. У нашага вучня проста няма шансаў не праявіць сябе, не раскрыцца. Нехта праяўляецца ў вучобе, іншыя ў праектнай, даследчай дзейнасці, у спорце або на сцэне, у дзелавой гульні. І, як правіла, адно цягне за сабой іншае: побач з дзіцем заўсёды знаходзіцца настаўнік, які ў ім зацікаўлены і з якім дзіця знаходзіцца ў дыялогу.
Адукацыя Міншчыны
— Якімі рысамі характару, лідарскімі якасцямі павінен валодаць кіраўнік, каб аб’яднаць вакол сябе каманду высакакласных настаўнікаў?
— Безумоўна, дырэктар — гэта вельмі адказная і шматгранная пасада. Добры дырэктар, як і добры настаўнік, павінен шчыра любіць тое, чым займаецца, укладваць душу ў сваё рамяство. Важна захапіць калег ідэяй, сфарміраваць унутраны гімназічны патрыятызм і ментальнасць пераможцаў, сабраць вакол сябе каманду аднадумцаў, стварыць атмасферу даверу, узаемаразумення і ўзаемападтрымкі. У нашай гімназіі такая каманда склалася. Магу цвёрда сказаць, што ганаруся калектывам, які ўзначальваю.
Сярод уменняў, якімі павінен валодаць кіраўнік, адзначыла б уменне рацыянальна размяркоўваць працоўны час, планаваць работу на дзень, тыдзень, месяц і пры гэтым спалучаць сваю дзейнасць са штодзённай працай у сям’і, дома. Бо калі дом для цябе — надзейны тыл і падтрымка, то і на рабоце ўсё выдатна атрымліваецца. І наадварот. Таму неабходна стварыць разумны баланс паміж працай і адпачынкам, зносінамі з блізкімі людзьмі. Не важна, колькі дзён у тваім жыцці, важна, колькі жыцця ў тваіх днях.
У аснове маёй дзейнасці — павага да навучэнцаў, педагогаў, бацькоў. Што тычыцца работы дырэктара, то дзесьці я прачытала такое азначэнне, як сціплае лідарства. Гэта калі дырэктар стварыў такую структуру, у якой ён не з’яўляецца цэнтральнай фігурай у калектыве, і нават у выпадку яго сыходу з арганізацыі школа працягвае працаваць паспяхова. Такі лідар арыентуецца не на сваю значнасць, а на поспех установы, якую ўзначальвае, і на выніковасць.
— Алена Мікалаеўна, вы не толькі кіруеце калектывам, але і выкладаеце матэматыку ў 11 класе. Чым адрозніваюцца сённяшнія вучні ад тых, якіх вы калісьці пачыналі вучыць? Ці змяніліся вашы падыходы ў выкладанні прадмета?
— Пра сучасных школьнікаў можна пачуць розныя меркаванні. Але я лічу, як бы ні мяняўся час, дзеці застаюцца дзецьмі. Яны рухавыя, нестандартныя. Яны выказваюць уласнае меркаванне і адстойваюць свой пункт гледжання. І я, дарэчы, вучу іх гэтаму. У вучнях я чэрпаю сілы. Калі прыходжу на ўрок, чую смех, размовы, жарты, адразу забываю пра ўсё, зноў станаўлюся маладой і энергічнай. У рабоце з нашымі гімназістамі прываблівае і тое, што магу разам з імі займацца любімай матэматыкай. Мой дэвіз — “Адукацыя праз усё жыццё”, мой педагагічны прыём — умелае спалучэнне патрабавальнасці і дабрыні. Для мяне быць сапраўдным настаўнікам — гэта знаходзіцца ў пастаянным пошуку, развівацца, працаваць над сабой. Гэта імкненне самаўдасканальвацца, адточваць сваё майстэрства, быць сучасным. Натхняльнікі майго развіцця — вучні, іх бацькі, калегі. Усе мы — гэта адзіная каманда, якая працуе на вынік.
Наталля САХНО