Пра гісторыю сярэдняй школы № 4 Ваўкавыска можа паведаміць… старая парта

- 12:10Новости

Незвычайны аповед будзе не менш цікавым, чым словы самага эрудзіраванага і харызматычнага экскурсавода. У гэтым карэспандэнт “Настаўніцкай газеты” пераканаўся, наведаўшы музей гісторыі адукацыі ў сярэдняй школе № 4 Ваўкавыска.

Летапіс любой установы адукацыі складаюць не толькі пажаўцелыя фотаальбомы або архіўныя дакументы. Пра ранейшае школьнае жыццё можа паведаміць… старая парта. 

Першая думка, якая ўзнікае, калі бачыш старую драўляную парту, за якой вучыліся многія пакаленні савецкіх школьнікаў: “Ці можна пасядзець за гэтым рарытэтам?” Нібы чытаючы мае думкі, супрацоўнік музея настаўнік гісторыі Віталій Аляксандравіч Лебядзевіч і настаўніца беларускай мовы і літаратуры Таццяна Уладзіміраўна Вай­товіч ласкава прапанавалі заняць месца на драўлянай лаўцы і абавязкова сфатаграфавацца, запэўніўшы, што зроблены здымак прынясе ўдачу.

Праўда тое ці не, пакажа час. Адно дакладна магу сказаць: сеў­шы за гэтую парту, я на некалькі хвілін перанёсся ў думках у гады школьнага дзяцінства. Чамусьці ўспомнілася, што ў такую парту мы з аднакласнікамі клалі не толькі сшыткі і падручнікі, але і бутэрброды, якія нам у школу давалі бацькі, і нават зменнае спартыўнае адзен­не, за што настаўніца рэгулярна рабіла нам заўвагі, прывучаючы да акуратнасці. Але самае галоўнае, за гэтай партай было зручна сядзець, спіну заўсёды трымалі роўна.

— Пры стварэнні музея мы паставілі задачу знайсці аўтэнтычныя вучнёўскія парты савецкага перыяду. Я падумаў, што такія могуць быць на маёй малой ра­дзіме — Шчучыншчыне, у будынку Замасцянскай базавай школы, дзе я калісьці пачынаў праца­ваць ра­зам з жонкай і дзе працавала мая мама. Школа была ўжо некалькі гадоў закрыта, аднак я вырашыў паспытаць удачу, і яна мне ўсміхнулася. Цяпер гэтыя парты з’яўляюцца галоўнымі прадметамі нашай экспазіцыі. Як бачыце, фарба на іх палушчылася, аднак мы вырашылі яе не абнаў­ляць, заха­ваць аўтэнтычнасць, — паведаміў Віталій Аляксандравіч.

Падобныя парты сустракалі ваўкавыскіх вучняў у новым будынку 4-й школы 23 верасня 1968 года. Зробленыя з масіву драўніны, з адкідным векам, яны сталі надзейнымі сябрамі для многіх пакаленняў школьнікаў.

Парта такой канструкцыі была створана ў 1870 годзе гігіеністам Фёдарам Эрысманам. Вывучаючы залежнасць узнікнення хвароб вачэй ад няправільнай паставы вучняў за партай, ён прапанаваў новы варыянт мэблі.

Дзякуючы асаблівай скошанай форме стала, тэкст у падручніку дзеці чыталі пад прамым вуглом, пры гэтым адлегласць ад вачэй да старонак падручніка складала каля 35 см. Злучанае са сталом месца для сядзення і яго форма не дазвалялі вучню сутуліцца.

Менавіта за такімі партамі вучыліся знакамітыя выпускнікі школы. Сярод якіх Валерый Даукша. У канцы 70-х гадоў, з’яўляючыся вучнем 4 класа, на лёгкаатлетычных спаборніцтвах у Мінску ён устанавіў два школьныя рэкорды ў бегу на 60 м і быў нават запрошаны на тэлебачанне. Неаднаразова выступаў у складзе зборнай БССР на саюзных спаборніцтвах па лёгкай атлетыцы, станавіўся пераможцам.

Першапачаткова парта была аднамеснай. Прывычны ж для нас двухмесны варыянт яна набыла дзякуючы пецярбургскаму студэнту Пятру Караткову, які дапоўніў парту яшчэ і адкідным векам, а таксама паглыбленнямі для алоўкаў і чарніліцы. Менавіта такі класічны варыянт парты Эрысмана-Караткова з’яўляецца эталонам зручнасці і практычнасці.

Гэта цудоўна ведаюць многія выпускнікі сярэдняй школы № 4 Ваўкавыска. У тым ліку знакамітыя спартсмены. Наогул, спартыўныя традыцыі школы багатыя і даўнія. У савецкі час яна неаднаразова перамагала на раённых, абласных і рэс­публіканскіх турнірах, займала высокія месцы на агульнасаюзных спаборніцтвах. А ў 1976 годзе цэлы клас за спартыўныя дасягненні атрымаў пуцёўку ў “Артэк”, што было сапраўднай сенсацыяй. Яшчэ адной значнай падзеяй стала правядзенне ў пачатку 80-х на базе школы агульнасаюзнага семінара настаўнікаў фізічнай культуры. Усе гэтыя дасягненні ў многім звязаны з настаўніцкім сямейным дуэтам Аляксандры Аляксандраўны і Барыса Антонавіча Кузьміцкіх. Усяляк падтрымліваў іх пачынанні былы дырэктар школы Міхаіл Сямёнавіч Сямкоў.

І гэта толькі адна са шматлікіх старонак багатага летапісу 4-й ваўкавыскай школы, які пачаўся 115 гадоў назад у кастрычніку 1908 года і працягваецца дзякуючы сённяшнім педагогам і навучэнцам.

Ігар ГРЭЧКА
Фота аўтара