Пра мядовую грэчку і майстроў вытворчага навучання

- 12:32Выбар прафесіі

Прафесіі, якім вучаць у Гарадоцкім дзяржаўным прафесійна-тэхнічным каледжы сельскагаспадарчай вытворчасці імя І.В.Дарошчанкі, ніколі не страчваюць сваёй актуальнасці і запатрабаванасці. Аграрыі, вадзіцелі, кухары, прадаўцы, тэхнікі-механікі і майстры вытворчага навучання — якія б змены ні адбываліся, грамадства трымаецца менавіта на такіх рабочых кадрах. Недасведчаны скептык можа заўважыць, маўляў, падобных устаноў адукацыі ў краіне шмат, і ўсё пра іх даўно вядома. Аднак прафесійна-тэхнічны каледж у Гарадку — установа сапраўды ў многім незвычайная і пры блізкім разглядзе вельмі прывабная для абітурыентаў.

Традыцыі і сучаснасць

Сцёртае з-за частага ўжывання значэнне гэтага спалучэння ў аўдыторыях і майстэрнях каледжа адкрываецца нанова — нязмушана і бясконца проста, як і павінна быць у жыцці. Вышытыя ручнікі, калаўрот і жорны знаходзяцца ў арганічным суседстве з новай электроннай тэхнікай і — менавіта ў такіх умовах адбываецца непасрэднае знаёмства з прафесіяй. Такая ж абстаноўка практычна ва ўсіх кабінетах і лабараторыях спецыяльнага і агульнаадукацыйнага цыкла, у вытворчых майстэрнях.
Установу нельга ўявіць без прасторнай з густам аформленай актавай залы, дзе штодзень адбываецца новае мерапрыемства, без сучаснай бібліятэкі, фізкультурна-аздараўленчага комплексу, спартыўна-аздараўленчай базы і пункта аховы здароўя, утульных сталовай і буфета, музычных салонаў і музейных пакояў. У адным з іх побач з карпатліва сабранымі прадметамі побыту нашых дзядоў і прадзедаў захоўваецца сціплая калыска з лыка — кажуць, яна належала ўраджэнцу Гарадка Івану Дарошчанку, кавалеру трох ордэнаў Славы, чыё імя і носіць каледж.
Ва ўстанове дзейнічае рэсурсны цэнтр, на базе якога атрымліваюць падрыхтоўку на павышаным узроўні навучэнцы з 14 раёнаў Віцебшчыны, пункт тэхнічнага абслугоўвання і пляцоўка для захоўвання сельскагаспадарчай тэхнікі, аўтатранспартны парк з грузавымі і легкавымі аўтамабілямі, колавымі і гусенічнымі трактарамі, экскаватарамі, бульдозерамі, камбайнамі і аўтобусамі. А таксама багатая вучэбная гаспадарка ў 675 гектараў, якая даглядаецца ў адпаведнасці з сучаснымі тэхналогіямі. Тут і палі са спелай збажыной ды мядовай грэчкай, і вучэбны агарод, і ягаднікі, і пладовы сад. Ёсць нават свае пчальнік і паляўнічая гаспадарка.
Вяртаючыся да першых уражанняў, хачу падкрэсліць адчуванне псіхалагічнага камфорту. Асабліва ўтульнымі сталі памяшканні і тэрыторыя каледжа пасля маштабнага рамонту, праведзенага да мінулагодніх абласных “Дажынак”. У інтэрнатах заменена мэбля, устаноўлены душавыя кабіны, а на кухнях — сэнсарныя электрапліты, на ўсіх паверхах ёсць пральныя машыны, халадзільнікі. Парадак такі, што яго хочацца падтрымліваць. І гэтае імкненне ўсяляк заахвочваецца. Педагогі і работнікі даюць прыклад навучэнцам, старэйшыя — малодшым. Паказальная дэталь: той, хто не пачысціў абутак перад тым, як зайсці з вуліцы ў будынак каледжа ці ў інтэрнат, відавочна тут не вучыцца і не вучыць. Сярод сваіх працу прыбіральшчыц прынята паважаць.

Хто вучыцца?

Каледж рэалізоўвае адукацыйныя праграмы прафесійна-тэхнічнай, а таксама сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Выпускнікам 9-х класаў прапаноўваюцца такія спецыяльнасці, як “Тэхнічнае забеспячэнне сельскагаспадарчых работ”, “Эксплуатацыя і рамонт аўтамабіля”, “Тэхналогія зварачных работ”, “Тэхнічнае забеспячэнне дарожна-будаўнічых і меліярацыйных работ”, “Тэхнічнае забеспячэнне сельскагаспадарчых работ”, “Эксплуатацыя і рамонт аўтамабіля”, “Грамадскае харчаванне”, “Гандлёвая справа” .
У тых, хто скончыў 11 класаў, таксама ёсць магчымасць стаць спецыялістам па “Тэхнічным забеспячэнні сельскагаспадарчых работ”, “Эксплуатацыі і рамонце аўтамабіля” .
Навучэнцам, якія паспяхова завяршылі навучанне на ўзроўні прафтэхадукацыі, прапаноўваецца працягнуць вучобу і атрымаць сярэднюю спецыяльную адукацыю па спецыяльнасцях “Тэхнічнае забеспячэнне працэсаў сельскагаспадарчай вытворчасці (вытворчая і педагагічная дзейнасць)” і “Грамадскае харчаванне”. Набор на другую ступень навучання праводзіцца па выніках субяседавання па дысцыплінах спецыяльнага цыкла. Выпускнікі, якія паспяхова скончылі навучанне, маюць права на спрошчанае паступленне ва ўстановы сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай адукацыі па заключаных дагаворах.

Навука і практыка

— Не трэба прымушаць, каб навучэнец усё ведаў, — сёння гэта немагчыма, ды і карысць ад механічнага завучвання пад сумневам, — перакананы дырэктар каледжа Віктар Папоў. — Правільней навучыць дзяцей вучыцца, знаходзіць патрэбную для работы інфармацыю, выхаваць іх так, каб гэтыя пошук і пастаяннае абнаўленне ведаў яны ўспрымалі як жыццёвую неабходнасць.
У адукацыйным працэсе каледжа практыкуюцца парныя заняткі: на першым уроку выкладаецца матэрыял, на другім — праводзіцца апытанне. Гэта робіцца для таго, каб кожны вучань слухаў і разумеў выкладчыка, не спадзяваўся на тое, што “можа, заўтра не выклічуць”. Не можаш справіцца з кантрольным блокам — самастойна або разам з выкладчыкам знайдзі неабходную інфармацыю, пачытай, разбярыся.
— У нас падабраўся цудоўны калектыў, — гаворыць дырэктар каледжа. — Выкладчыкі, майстры вытворчага навучання апантаны сваёй прафесіяй. Гэта сапраўдныя эрудыты, аўтарытэтныя дарадцы, прынцыповыя, адказныя і патрабавальныя (найперш да саміх сябе).
Тэорыя без практыкі мёртвая, лічаць у каледжы. А калі практыку яшчэ і правільна арганізаваць, то будуць не толькі грунтоўныя веды і навыкі, але і добры прыбытак, і разнастайны асартымент у сталоўцы пры цэнах, уд вая ці нават утрая меншых за магазінныя. Так, навучэнцы каледжа пякуць смачныя булачкі і хлеб, вырошчваюць збожжа і грэчку, садавіну і агародніну, парэчкі і клубніцы, вырабляюць макароны і алей, здабываюць мёд — амаль поўнае самазабеспячэнне атрымліваецца. Спецрахунак дапамагае забяспечваць адукацыйны працэс і паляпшаць матэрыяльна-тэхнічную базу. Напрыклад, усё неабходнае абсталяванне для падрыхтоўкі электрагазазваршчыкаў набыта за кошт спецсродкаў.
Зусім нядаўна ў каледжы адбыўся першы выпуск дыпламаваных спецыялістаў з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй па спецыяльнасці “Грамадскае харчаванне”, кожны з якіх атрымаў кваліфікацыю кухара 5 разраду. У сістэме адукацыі няшмат устаноў, якія забяспечваюць такую высокую кваліфікацыю сваіх выпускнікоў — будучых кухараў. Усе выпускнікі — 17 дзяўчат і ад зін хлопец — атрымалі добрае размеркаванне ва ўстановы грамадскага харчавання Віцебскага, Аршанскага, Гарадоцкага і Глыбоцкага раёна.
— Прэстыж рабочых прафесій напрамую залежыць ад магчымасці працаўладкавання, — падкрэслівае Віктар Папоў. — Маладым спецыялістам патрэбны надзейная работа і сацыяльныя гарантыі. У нашых выпускнікоў гэта ёсць.

Таццяна БОНДАРАВА.