Разнастаіць свае педагагічныя кампетэнцыі і зацікавіць дзяцей прадметам настаўніцы беларускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 12 Слуцка Наталлі Чухольскай дапамагае этнаграфічна-літаратурная гасцёўня “Бабуліны казкі”. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Творчае мінулае
Каб вучні з цікавасцю вывучалі матэрыял, Наталля Сяргееўна пастаянна знаходзіцца ў пошуку новых ідэй для выкладання. Настаўніца пацвярджае: сучасныя школьнікі — візуалы, таму іх у першую чаргу прываблівае карцінка, малюнак, а літаратурная гасцёўня — гэта тая прастора, якая дапамагае дзецям усталяваць візуальны кантакт з новым матэрыялам.
— Інтэрактыўная этнаграфічна-літаратурная гасцёўня “Бабуліны казкі”, створаная ў нашай школе, з’яўляецца важным інструментам у дасягненні мэт адукацыйнага працэсу, — зазначае педагог. — Рэсурс гасцёўні неабмежаваны, яна выконвае розныя функцыі: пазнавальную, адукацыйную, даследчую, камунікатыўную, развіццёвую, ідэалагічную і інш.
Сярод мноства метадаў і форм выкладання традыцыйны ўрок сёння адыходзіць на другі план. Як настаўніку пабудаваць работу, каб захапіць навучэнцаў, зрабіць іх не пасіўнымі ўдзельнікамі адукацыйнага працэсу, а, наадварот, прыцягнуць да актыўнай дзейнасці? Наталля Чухольская запэўнівае: дзейнасць этнаграфічнай літаратурнай гасцёўні дазваляе больш якасна праводзіць тэматычныя ўрокі, пашырае магчымасці настаўніка беларускай мовы і літаратуры:
— Мэта вывучэння беларускай літаратуры — далучэнне вучняў да мастацкага слова ў кантэксце духоўнага і сацыяльна-гістарычнага жыцця народа, выхаванне асобы з глыбокім светапоглядам.
Пачынаючы з 5 класа, калі вывучаюцца жанравыя ўласцівасці народных і літаратурных легенд, казак, загадак, прыказак, прымавак, павер’яў, Наталля Сяргееўна праводзіць першы ўрок у школьным музеі: дзеці шукаюць і разглядаюць загаданыя прадметы, якія знаходзяцца ў этнаграфічнай гасцёўні.
— З шасцікласнікамі вучымся складаць радаводнае дрэва, — дадае педагог. — Вывучаем з дзецьмі гісторыю сям’і, размаўляем пра пераемнасць пакаленняў. Урокі па вывучэнні песеннага фальклору таксама можна правесці ў інтэрактыўнай гасцёўні, праслухаўшы аўдыязапісы песень у народным альбо эстрадным выкананні. Для апошняга выдатна падыдуць творы “Песняроў”.
Вучням старшых класаў таксама пашанцавала: падчас вывучэння творчасці Уладзіміра Караткевіча і яго твора “Зямля пад белымі крыламі” Наталля Чухольская расказвае пра сувязь нарыса з этнаграфіяй — яна вельмі шырокая, непарыўная. Урокі, праведзеныя ў гасцёўні па згаданай тэме, атрымліваюцца асабліва каларытнымі. А ў 8 класе, калі вывучаецца камедыя Янкі Купалы “Паўлінка”, настаўніца звяртаецца да тэатральнага мастацтва:
— Інсцэніраванне эпізодаў драматычнага твора з выкарыстаннем рэсурсу этнаграфічнай гасцёўні робіць урок цікавым, насычаным, творчым, — працягвае знаёміць са сваёй методыкай педагог. — Мы апранаем касцюмы, выкарыстоўваем розныя экспанаты, якія з’яўляюцца выдатнымі інструментамі ў пастаноўцы. Пры вывучэнні ў 9 класе творчасці Якуба Коласа і яго паэмы “Новая зямля” мэтазгодна азнаёміць дзяцей са шматлікімі прыладамі працы, прадметамі побыту, сфарміраваць уяўленне аб жыцці нашых продкаў. На гэтых уроках вучні даведаюцца, як раней выглядала беларуская хата.
Праводзіць такія ўрокі настаўніцы дапамагаюць экскурсаводы-навучэнцы. Яны не толькі тлумачаць значэнне слоў — назвы экспанатаў, але і паказваюць, як іх сёння можна прымяняць.
— Пасля кароткага экскурсу ў мінулае школьнікі бяруць падручнік, каб выканаць практыкаванне, — дадае педагог. — Яны ўстаўляюць патрэбныя словы ў загадзя падрыхтаваны тэкст. У выніку атрымліваецца вобраз найбольш тыповага выгляду тагачаснай хаты. У гасцёўні мы звяртаем увагу і на ўпрыгажэнне дома: тканыя пакрывалы і ручнікі заўсёды з’яўляліся неад’емнай часткай штодзённага жыцця нашых продкаў.
Настаўніца знаёміць дзяцей і з нацыянальным арнаментам, у якім закладзена гісторыя жыцця беларусаў. Гэты від работы выходзіць за межы ўрока і набывае новую форму пазнавальнай дзейнасці — міні-даследаванне.
Яшчэ адным улюбёным метадам выкладання на ўроку пры вывучэнні “Новай зямлі” настаўніца называе дальтан-тэхналогію. Наталля Сяргееўна адзначае, што на занятках па дальтан-тэхналогіі заўсёды шумна, бо вучні абменьваюцца думкамі, дадатковай літаратурай, якую бяруць у бібліятэцы. Згаданая методыка патрабуе ад настаўніцы быць толькі арганізатарам, выконваць ролю цьютара. Як вынік — напрыканцы заняткаў вучні ведаюць, напрыклад, якія святы, традыцыі існавалі ў сям’і Якуба Коласа.
Гістарычнае разважанне
Па словах Наталлі Чухольскай, на ўроках яна імкнецца сфарміраваць у вучняў сістэму ведаў пра мову і маўленне, навучыць навыкам выкарыстання беларускага слова падчас чытання і на пісьме.
— Мая задача як педагога — развіццё камунікатыўнай, духоўна-маральнай, грамадзянскай і мастацка-эстэтычнай культуры вучняў, — гаворыць настаўніца. — Акрамя гэтага, адной з задач навучання з’яўляецца фарміраванне сродкамі беларускай мовы сістэмы агульначалавечых і нацыянальных ідэалаў, традыцый, звычаяў, каштоўнасцей, таму да гэтага таксама імкнуся.
На ўроках беларускай мовы Наталля Сяргееўна пакідае месца для творчасці: урок-даследаванне, урок-экскурсія, урок-гульня, а таксама заняткі з выкарыстаннем інтэрактыўных метадаў гарманічна дапаўняюць навучанне.
— Адпаведныя фарматы правядзення ўрока могуць быць звязаны з наведваннем этнаграфічнай гасцёўні, — адзначае Наталля Сяргееўна. — Напрыклад, у 5 класе пры вывучэнні раздзела “Лексіка і фразеалогія” з дапамогай гульні дзеці запамінаюць такія тэрміны, як архаізмы, гістарызмы, неалагізмы, таксама расказваю пра фразеалагізмы, тлумачу іх значэнне.
Будуючы ўрок, Наталля Чухольская многа ўвагі ўдзяляе пісьмовым работам. Так, шасцікласнікі пішуць сачыненне-апавяданне з апісаннем прыкмет прадметаў, жывёл або памяшкання, а сямікласнікі — пра свой род, пра сваіх продкаў. Стварэнне тэкстаў-разважанняў — важны этап навучання ў 8 класе. Такія тэксты будуюцца на аснове прыказак пра беларускія звычаі і традыцыі. У 9 класе дзеці працуюць над разважаннямі пра гісторыю і прыроду роднага краю.
— Правядзенне ўрокаў у гасцёўні дапамагае далучыць вучняў да вывучэння гісторыі, традыцый, звычаяў беларускага народа, што ў сваю чаргу фарміруе пачуццё патрыятызму, грамадзянскасці, развівае цікавасць да самастойнай дзейнасці, да самапазнання, — акцэнтуе ўвагу педагог. — Разам з гэтым выкарыстанне магчымасцей інтэрактыўнай этнаграфічна-літаратурнай прасторы на ўроках садзейнічае не толькі тлумачэнню новага матэрыялу, але і супастаўленню раней невядомай інфармацыі з ужо вывучанай. Гэта развівае ў дзяцей здольнасць параўноўваць факты, абагульняць і вылучаць гіпотэзы.
Краязнаўчая работа — яшчэ адзін важны кірунак, якому ўдзяляе ўвагу настаўніца беларускай мовы. Наталля Сяргееўна пахвалілася, што слуцкая зямля багатая на майстроў-самародкаў, а значыць, у яе школьнікаў шырокае поле для дзейнасці:
— Нашы школьнікі выязджаюць у этнаграфічныя экспедыцыі, бяруць інтэрв’ю ў майстроў Слуцкага раёна. Мы пазнаёміліся з майстрыхай па вышыўцы Вольгай Рыгораўнай Лешчанка, якая жыве недалёка ад горада. Паездка была арганізавана, каб убачыць працу майстрыхі, бліжэй азнаёміцца з яе творчасцю. Інфармацыя, якую збіраем, потым выкарыстоўваецца для падрыхтоўкі і ўдзелу ў конкурсах работ даследчага характару.
Наталля САХНО
Фота Алега ІГНАТОВІЧА





