Пра тое, што сабой уяўляе адукацыйная прастора Случчыны, расказвае Іна Серадзінская

- 12:09Планерка

Пра тое, як развіваецца сістэма адукацыі раёна, на якіх прынцыпах будуецца ўзаемадзеянне з педагогамі і як вызначыць яго эфектыўнасць, карэспандэнту “Настаўніцкай газеты” расказала начальнік упраўлення па адукацыі Слуцкага райвыканкама Іна Серадзінская.

— Іна Алікаўна, пачну з пытання пра адораных і высокаматываваных навучэнцаў: як будуеце работу з імі?

У Слуцкім раёне право­дзіцца сістэмная работа з адоранымі навучэнцамі, што забяспечвае выніковы ўдзел у рэспубліканскіх і міжнародных алімпіядах і інтэлектуальных конкурсах. У заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах у 2023 го­дзе каманда Слуцкага раёна заваявала 5 дыпломаў.

З установамі вышэйшай адукацыі арганізавана работа, накіраваная на суправаджэнне адораных навучэнцаў, у тым ліку па прыцягненні прафесарска-выкладчыцкага складу вядучых УВА да суправаджэння алімпіяднага руху навучэнцаў. Так, працягваецца ўзаемадзеянне з Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэтам імя Максіма Танка ў межах рэалізацыі вучэбна-навукова-інавацыйнага кластара бесперапыннай педагагічнай адукацыі. Вялікая ўвага ўдзяляецца індывідуальнай рабоце з адоранымі навучэнцамі. Да таго ж добрыя вынікі дае сістэма работы некалькіх настаўнікаў з алімпіяднікам.

За мінулы год на міжнародных конкурсах нашы дзеці атрымалі 30 узнагарод. Напрыклад, дасягненні Случчыны папоўніліся 2 бронзавымі медалямі Еўрапейскай геаграфічнай алімпіяды (EGEO). У вучняў бронзавы медаль у індывідуальным першынстве і залаты — у групавым туры на Міжнароднай алімпіядзе па навуках аб Зямлі (IESO). Акрамя гэтага, можам пахваліцца бронзавым медалём за ўдзел у Міжнароднай канферэнцыі маладых навукоўцаў ICYS. У 2022 го­дзе 17 навучэнцаў раёна атрымалі прэмію спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў.

— Ведаю, што многія ўстановы адукацыі Слуцкага раёна знаходзяцца ў рэжыме інавацый…

— У 2023/2024 навучальным годзе ў праектнай дзейнасці ўдзель­нічаюць 24 установы, на базе якіх ажыццяўляецца арганізацыйна-педагагічнае і метадычнае суправаджэнне 42 праектаў. У рэс­публіканскіх і абласных праектах удзельнічаюць 11 устаноў адукацыі.

Рэалізацыя інавацый зале­жыць ад прафесіяналізму педагога як ключавой фігуры адукацыйнага працэсу. Так, у раёне працуюць 1840 педагагічных работнікаў, 73,7% якіх маюць вышэйшую і першую кваліфікацыйную катэгорыю, чац­вёра — настаўнікі-метадысты.

Па запытах маладых спецыялістаў працягваюць функцыяна­ваць раённыя школы па розных напрамках. Іх дзейнасць накіравана на аказанне дапамогі педагогам, якія толькі прыйшлі ў прафесію, у іх станаўленні, на сумесны пошук магчымых шляхоў пераадолення тых цяжкасцей, з якімі даводзіцца сутыкацца на першым рабочым месцы.

Адукацыйная прастора Слуцкага раёна — гэта 37 устаноў дашкольнай, 38 устаноў агульнай сярэдняй адукацыі, 1 установа спецыяльнай адукацыі, 1 сацыяльна-педагагічны цэнтр, 5 устаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, 2 выхаваўча-аздараўленчыя ўс­тановы і 1 дзіцячы дом сямейнага тыпу. У 38 установах агульнай сярэдняй адукацыі ў бягучым навучальным годзе вучацца 9835 дзяцей.

— Што вы лічыце паказчыкам якаснай работы з маладымі спецыялістамі?

Такім паказчыкам можна лічыць выніковы ўдзел педагогаў у рэспубліканскіх конкурсах прафмайстэрства. Штогод у нас право­дзіцца раённы конкурс педагагічнага майстэрства “Малады педагог”. Мінулай вясной малады спецыяліст дзіцячага сада № 19 Крысціна Снятко стала пераможцай абласнога этапу рэспубліканскага фестывалю “Педагагічны дэбют — 2023”.

У раёне, адзначу, назіраецца тэндэнцыя да самаадукацыі і самаўдасканалення педагагічных кадраў, выдаецца электронны педагагічны часопіс “Весткі адукацыі Случчыны”. У 10 установах адукацыі педагагічныя работнікі вядуць 28 сайтаў і блогаў, прысвечаных пытанням навучання і выхавання. Творчая група настаўнікаў горада і раёна распрацавала 25 модуляў для адзінага інфармацыйна-адукацыйнага рэсурсу ў мэтах вучэбна-метадычнага забеспячэння адукацыйнага працэсу на ўзроўні агульнай сярэдняй адукацыі для ўстаноў адукацыі з беларускай і рускай мовамі навучання.

Творчая ініцыятыва і прафесійнае майстэрства педагагічных работнікаў Слуцкага раёна неаднаразова былі адзначаны журы конкурсу прафесійнага майстэрства “Настаўнік года”.

 Сёлета чатыры педагогі Слуцкага раёна сталі ўдзельнікамі заключнага этапу конкурсу “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь — 2023”. Гэта настаўнік фізічнай культуры і здароўя сярэдняй школы № 13 Слуцка Аляксей Арцем’еў, а таксама тры педагогі гімназіі № 1 Слуцка — настаўніца рускай мовы і літаратуры Юлія Савановіч, настаўніца біялогіі Іна Хаўстовіч і настаўніца матэматыкі Настасся Грынкевіч. Юлія Савановіч — лаўрэат заключнага этапу конкурсу “Настаўнік года” ў намінацыі “Руская мова і літаратура. Беларуская мова і літаратура”.

— Іна Алікаўна, па якіх крытэрыях ацэньваеце эфектыў­насць сістэмы выхаваўчай работы ўстаноў адукацыі раёна?

— Найлепшым паказчыкам эфектыўнасці сістэмы выхаваўчай работы з’яўляюцца дасягненні навучэнцаў і педагогаў. У гэтым го­дзе заваяваны 154 дыпломы рознай вартасці.

Што да арганізацыі вольнага часу дзяцей і моладзі, то ў мінулым навучальным годзе дадатковай адукацыяй было ахоплена 8237 непаўналетніх, а гэта 84,02% ад іх агульнай колькасці. У раёне функцыянуюць 5 устаноў дадатковай адукацыі.

Перад сістэмай адукацыі заўсёды стаяць складаныя і маштабныя задачы. Згадзіцеся, ад таго, як спрацуе педагог, залежыць будучыня грамадства. Наша задача — стварыць механізм устойлівага развіцця сістэмы адукацыі раёна, складнікі якога — якаснае адукацыйнае асяроддзе, кадравы патэнцыял і канкурэнтаздольныя выпускнікі.

Наталля САХНО
Фота Алега ІГНАТОВІЧА