Пра выбар прафесіі. І не толькі

- 10:31Погляд

У абітурыентаў-2020 пачынаецца зваротны адлік. У школах можна вешаць плакацікі: “Да экзаменаў засталося…”. Гэта складаны перыяд, калі дзецям як ніколі патрэбны добрыя парады і падтрымка.

Наша рэдакцыя знаходзіццца ля метро “Акадэмія навук”. У дзяцінстве я думала, што ўсе, хто выходзіць на гэтай станцыі, — вучоныя. Кожны барадаты дзядзь­ка падаваўся мне акадэмікам, а маладыя лю­дзі — аспірантамі і кандыдатамі навук.

Цяпер я ведаю, што гэтую станцыю метро можна было б назваць “Студэнцкай”. Побач такія гіганты, як БНТУ, БДУІР, акадэмія мастацтваў і акадэмія сувязі, некалькі кале­джаў… І я люблю назіраць за студэнтамі. Яны глядзяць у смартфоны, я гляджу на іх — так і едзем, ніколі не перасякаючыся позіркамі.

Яшчэ некалькі гадоў назад можна было ўбачыць у метро студэнтаў з кнігамі, цяпер, калі б убачыла такое, вельмі здзівілася б. Зрэшты, гэта адзінае, што адрознівае гэтых студэнтаў ад тых, колішніх. У астатнім усё цыклічна.

Кожную восень на нашай станцыі робіцца сапраўдны гармідар: іншагароднія студэнты блытаюць увесь рух у пераходах і на эскалатарах, не разумеючы, што трэба трымацца правага боку. Але пад Новы год усталёўваецца прывычны парадак, ніхто ні з кім ужо не сутыкаецца. Па панядзелках можна бачыць шмат студэнтаў з вялікімі валізамі — гэта другая змена вяртаецца з выхадных, і бацькі паклапаціліся, каб іх дзеці ў сталіцы не галадалі. Многае змянілася ў жыцці студэнтаў, але гэта — сумка з мамінымі прысмакамі, — напэўна, не зменіцца ніколі. Нічога не зробіш: больш чым любым сталовым і грашам, мамы давяраюць уласным закаткам. Такое вось студэнцкае жыццё пад надзейным бацькоўскім прыкрыццём.

Я пішу ўсё гэта з адзінай мэтай — матывацыйнай. Зараз ужо абітурыенты-2020 уступаюць у гарачую пару: вучоба ў школе, самападрыхтоўка, РТ, экзамены, ЦТ, конкурсы ва ўніверсітэты. І страшна, і складана, і няпэўна. Гэта вельмі хвалюючы перыяд, але трэба крыху пацярпець: пройдзе зусім ня­многа часу — і студэнцкі кругаварот стане часткай іх жыцця.

Мэта стварае матывацыю

Жыццё штука мудрагелістая. Хтосьці, як я, ужо ў сярэдніх класах вызначыўся з прафесіяй (зрэшты, гэта не вызваляе нас ад сумненняў у правільнасці выбранага шляху), а хтосьці на чац­вёртым ці пятым дзясятку жыцця разумее, што не ўгадаў, і мяняе прафесійную траекторыю. Што да сённяшніх дзяцей, то можна ўпэўнена сказаць: куды б яны ні паступілі, гэта бу­дзе не адзіная іх адукацыя. Многія знойдуць сябе ў прафесіях, якіх пакуль нават не існуе (яны з’явяцца на скрыжаванні розных навук і ІТ).

Таму трэба рыхтавацца да паступлення, прымаць удзел у рэпетыцыйным тэсціраванні і любіць навукі.

Часта абітурыенты выбіраюць некалькі прадметаў, якія будуць здаваць на ЦТ, і вывучаюць іх, не маючы ўяўлення наконт будучай спецыяльнасці. Але вопыт паказвае, што лепш, калі чалавек загадзя ведае, куды бу­дзе паступаць. Таму што мэта стварае матывацыю. Ці не таму абітурыенты медыцын­скіх універсітэтаў дэманструюць такія высокія прахадныя балы, што рана вызначаюцца з прафесіяй і рыхтуюцца да паступлення ўсвя­домлена. Пакуль іншыя выбіраюць паміж профілямі, універсітэтамі, спецыяльнасцямі, будучыя медыкі ўжо ведаюць, што ім патрэбна, і штудзіруюць неабходныя прадметы.

Што да бацькоў, то яны добра ведаюць тыя сферы, дзе працуюць, а таму тактыка іх паво­дзін часцей за ўсё рэалізоўваецца ў двух варыян­тах: “Толькі медыцына (энергетыка, эканоміка і г.д.)”, “Толькі не гэта!”. Дарэчы, падобнае я сустракала і ў настаўнікаў у дачыненні да вучняў. Таму ў адных настаўнікаў шмат выпускнікоў (ледзь не штогод) паступаюць у педагагічныя ўніверсітэты, а ў іншых — амаль ніхто.

Хаця калі разабрацца, то ў кожнай прафесіі хапае як цяжкасцей, так і пераваг. Кожная патрабуе аддачы, у кожнай можна набы­ваць вопыт, спакваля станавіцца экспертам, рабіць кар’еру, зарабляць. Калі з гадамі чалавек не становіцца майстрам сваёй справы (любой), то дзе гарантыя, што прафесійнае сталенне адбылося б у іншай сферы? Чалавек або расце, набываючы пэўную вагу ў грамадстве, або мяняе напрамак дзейнасці і зноў жа расце. Гэта правіла соцыуму, інакш адкуль браць матывацыю для работы і жыцця.

Калі ёсць з чым параўноўваць

Я сябрую з адной цудоўнай настаўніцай, якая выкладае хімію ў школе і проста кайфуе ад сваёй работы. Але яе шлях у педагагічную прафесію быў даволі мудрагелістым. Паступаючы ва ўніверсітэт, думала: толькі не ў педагогіку. Выбрала вытворчую дзейнасць, стала хімікам-тэхнолагам. Даволі доўга працавала на заводзе. Калі падраслі дзеці, стала дапамагаць ім па хіміі і зразумела, што ёй падабаецца тлумачыць складаныя тэмы і, галоўнае, атрымліваецца. Ёй было ўжо добра за 30, калі раптам паклікалі ў школу, і яна са здзіўленнем для сябе пага­дзілася. Хачу сказаць, што сёння гэта ад зін з самых паспяховых настаўнікаў, якіх я ведаю. І па фармальных прыкметах (алімпіяднікі, паступленне выпускнікоў на хімічны, медыцынскі і педагагічны профілі), і па нефармальных. Яна любіць тое, чым займаецца, а ўсё, на што наракаюць калегі, лічыць дробязямі, не вартымі ўвагі. А ўсё таму, што ёй ёсць з чым параўноўваць. І хто ведае, прыйдзі яна ў педагогіку ў 20 гадоў, можа, і не здарылася б такога яднання чалавека і прафесіі. Магчыма, да настаўніцкай дзейнасці трэба дарасці.

Дарэчы, па гэтай прычыне людзі часта мяняюць прафесію на базе вышэйшай адукацыі на рабочую. Лепш стаць, напрыклад, крутым дальнабойшчыкам ці тынкоўшчыкам, чым праседжваць на пасадзе дзеля ўяўнага прэстыжу. За добрым сантэхнікам ці плітачнікам стая ць чэргі ва ўсім свеце. Разумныя рукі — вялікая каштоўнасць, за якую добра плацяць.

Знайсці адрозненні ў падобным

У заходніх краінах студэнты бакалаўрыя­та вывучаюць шырокую спецыяльнасць, напрыклад, матэматыку ці біялогію, а потым ужо, у магістратуры, выбіраюць больш вузкі напрамак падрыхтоўкі. У нашай краіне спецыялізацыя пачынаецца на І ступені вышэйшай адукацыі, таму вызначыцца з напрамкам падрыхтоўкі і спецыяльнасцю абітурыентам трэба адразу пасля школы. Гэта складана. І тут на дапамогу прыходзяць самі ўніверсітэты, якія традыцыйна ладзяць для абітурыентаў дні адкрытых дзвярэй.  

Напрыклад, вы разумееце розніцу паміж спецыяльнасцямі “Праграмнае забеспячэнне інфармацыйных тэхналогій” і “Інфарматыка і тэхналогіі праграмавання”? Больш-менш, так? На днях адкрытых дзвярэй гэтую розніцу не толькі патлумачаць, але і пакажуць на прыкладзе разгорнутых вучэбных планаў і адпаведных лабараторый. Так, з’яўляецца магчымасць знайсці адрозненні ў падобным. Таму на днях адкрытых дзвярэй трэба пабываць абавязкова, і лепш нават у некалькіх установах — гэта можа істотна праясніць сітуацыю з уласнымі жаданнямі і будучым паступленнем.

Дарэчы, не толькі абітурыенты вядуць свой пошук, установы адукацыі таксама зацікаўлены ў тым, каб да іх прыйшлі лепшыя. Такім чынам, ідзе ўзаемнае паляванне. І не трэба думаць, што вы адзінокія і нікому не патрэбныя ў гэты складаны перыяд уступнай кампаніі: хтосьці шукае ваша дзіця і будзе вельмі рады прыняць яго ў рады сваіх студэнтаў. Таму варта ўдзельнічаць ва ўсіх мерапрыемствах, якія ўстановы адукацыі ладзяць для абітурыентаў, самім праяўляць ініцыятыву, як сёння модна казаць, быць у актыўным пошуку.

На гэтым этапе вельмі важна заставацца сабой і памятаць, што медыцына — гэта не хімія і не біялогія, эканоміка — не матэматыка, а журналістыка — не мова і не літаратура. Адна справа — здаць тэсты (нават вельмі добра), і зусім іншая — вучыцца, а потым працаваць па прафесіі. Таму не трэба грэбаваць псіхалагічнымі тэстамі, парадамі дасведчаных людзей.

Мне вельмі падабаецца пазіцыя школ, якія не ўсім выпускнікам педкласаў даюць рэкамендацыі для паступлення на педагагічныя прафесіі. Веданне прадмета — гэта не адзіная ўмова для таго, каб стаць паспяховым у педагогіцы. Трэба валодаць пэўнымі асобаснымі якасцямі, любіць людзей (прынамсі, быць цярплівымі да іх), калі хочаце, валодаць харызмай. І калі гэтага няма, то варта пашукаць іншую спецыяльнасць, дзе можна дасягнуць прафесійных поспехаў. Тое ж і ў медыцыне, і ў ваеннай справе — ды ў любой сферы дзейнасці.

Палюбіць свае памылкі

У жыцці не бывае проста. Хто з нас лёгкай хадой, без прыпынкаў і перашкод, ішоў і ішоў, не спыняючыся, угару да славы і дабрабыту? Ва ўсіх былі памылкі, няўдачы, сумненні, развароты на 180. А мы хочам, каб у дзяцей было роўненька і гладзенька. Шчырае і зразумелае жаданне, але, на жаль, занадта ідэалістычнае.

Нам варта палюбіць свае памылкі (бо вопыт — “сын ошибок трудных”) і навучыць гэтаму сваіх дзяцей.

Невыпадкова “троечнікі” часта добра ўладкоўваюцца ў жыцці (у кожнага ёсць такія прыклады). Выдатнікам ад гэтага вельмі крыўдна. Яны так шмат і так цяжка працавалі, а гэтыя адсядзеліся на задніх партах, а цяпер кіруюць тымі, у каго спісвалі. Крыўдна, вядома, але калі разабрацца, то прычыны такога становішча становяцца зразумелымі. Пакуль выдатнікі клапаціліся пра свае “дзявяткі” і “дзясяткі”, падлічвалі балы і шансы на медалі, троечнікі былі ў віры сапраўднага жыцця. Яны рабілі свае памылкі і таксама вучыліся — вучыліся не баяцца паражэнняў. На ўласным вопыце яны ведаюць: нішто не фатальнае. Памятаеце, як у паэта: “Это всё такие пустяки в сравнении со смертью и любовью”.

Я кажу ўсё гэта не ў падтрымку троечнікаў, сярод якіх шмат і звычайных гультаёў. Але яны жывуць у соцыуме, і не горш за выдатнікаў. Дык чаму б і нам не ўспрымаць свае няўдачы як дадатковы ўклад у скарбонку жыццёвага вопыту?

Не прагадаць

Парадокс: чым вышэйшыя ў абітурыента балы, тым менш ён свабодны ў сваім выбары. Стэрэатыпы дыктуюць яму ўмовы паводзін на адукацыйным полі. Так, калі абітурыент выбраў фізіка-матэматычны профіль і атрымаў высокі бал — грамадскасць у асобе сваякоў, сяброў, знаёмых лічыць, што яму трэба ісці ў ІТ. Калі ён выбірае “менш прэстыжную”, на іх думку, спецыяльнасць, то сустрэнецца, прынамсі, з неразуменнем. Успрымаецца так, быццам дзіця прывялі ў краму цацак, прапанавалі выб­раць любую, а яно захацела паветраны шарык. Гэта ж легкадумна (і няважна, што дзіця захацела менавіта так)! Лічыцца ўдалым, калі атрымалася найдаражэй прадаць свае балы. Але тут патрэбна ўзважанае рашэнне, з улікам інтарэсаў дзіцяці.

Як здзяйсняюцца мары

І напрыканцы адна гісторыя пра тое, як збываюцца мары. Сёлета сын маіх сяброў паступіў на вельмі прэстыжны акцёрскі факультэт аднаго вельмі прэстыжнага кінематаграфічнага інстытута. Ён прайшоў праз такое сіта, вытрымаўшы конкурс спачатку на этапе анлайн-кансультацый, а потым падчас творчых іспытаў, што гэта здаецца неверагодным. А ўсё пачалося даўным-даўно. У дзіцячы садок, а пазней і ў школу наш будучы акцёр хадзіў то ў вобразе Чалавека-павука, то ў вобразе Індыяны Джонса, а то і ўвогуле ў вобразе Майкла Джэксана (яго фірмовай паходкай — задам наперад). Гэта было сапраўднае выпрабаванне для настаўнікаў і бацькоў, але ўсе малайцы — вытрымалі. Як падрос, стаў зоркай усіх школьных вечарын. Паралельна займаўся ў тэатральным гуртку, зняўся ў некалькіх рэкламных роліках і фільмах. А калі надумаў паступаць на акцёра, то разаслаў свае прапанаванні ва ўсе ўстановы такога кшталту. Пры гэтым меў план Б: рыхтаваўся да ЦТ і нават здаў тэсты. Гэтае лета ў нашага юнага акцёра выдалася ну вельмі насычаным. Затое які вынік!

Што мне падабаецца ў сучасных дзецях, дык гэта іх аптымізм. Тое, што многія дарослыя прымаюць за абыякаваць, насамрэч спакойная, амаль біблейская, упэўненасць у тым, што ўсё ўсталюецца. І ўсталёўваецца ж! Непаступленне ва ўніверсітэт пасля школы — гэта не драма і тым больш не трагедыя. У пэўным сэнсе абітурыент атрымлівае новую свабоду і новы выбар.

Па-першае, гэта каледжы і прафесійныя ліцэі, якія, дарэчы, не закрываюць далейшую дарогу да вышэйшай адукацыі. Магчыма, праз некалькі гадоў, атрымаўшы рабочую прафесію, абітурыент зробіць больш свядомы выбар будучай спецыяльнасці або палічыць, што вышэйшая адукацыя яму ўвогуле не патрэбна (прынамсі, на той час).

Можна год папрацаваць і паралельна рыхтавацца да паступлення. І ў гэтым ёсць перавага: дзеці, якія ведаюць, як зарабляюцца грошы, не будуць цягнуць з бацькоў жылы на аплату свайго навучання. Яны дзесяць разоў падумаюць, ці трэба гэта ім, а яшчэ змогуць падзарабіць самі.

Хтосьці заўважыць, што хлопцу давя­дзецца ісці ў армію. Так, але ўсё роўна некалі давядзецца. І хто ведае, магчыма, тыя, хто будзе прызваны пасля ўніверсітэта, бу­дуць зайздросціць равеснікам, якія адслужылі да паступлення.


І яшчэ адзін парадокс: вялікая інфармаванасць таксама можа ўскладняць выбар прафесіі. Я з малых гадоў брала сваіх дзяцей на розныя лекцыі, майстар-класы, навуковыя фэсты і іншыя івенты. Мне здавалася, што так яны хутчэй змогуць знайсці сваё. Аднак трэба прызнаць: у выбары прафесіі мы не прасунуліся зусім.

Так, у дачыненні да двух профіляў вызначыліся: дакладна не. Але выбар застаецца такі вялікі, што, калі рабіць яго метадам выключэння, трэба яшчэ гадоў сорак. Мы рухаемся ад простага да складанага і назад. Дрэнна, калі дзяцей нічога не цікавіць, і не намнога лепш, калі цікавіць многае і рознае. З кожнай лекцыяй, якую мы наведваем, кола інтарэсаў шырыцца (я нават сумняваюся, ці трэба было нам ісці на чарговую лекцыю па антрапалогіі).

Выбар прафесіі — задача складаная, але вырашальная. Трэба слухаць настаўнікаў, псіхолагаў, бацькоў, сяброў. Слухаць усіх! Але ў выніку зрабіць так, як падказвае сэрца. І вучыцца, і працаваць лягчэй і цікавей, калі робіш гэта па сваім жаданні і з любоўю.

Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота  Алега ІГНАТОВІЧА.