Праблемы эканомікі не ў санкцыях

- 12:26Інфармацыйная гадзіна

Галоўныя праблемы расійскай эканомікі хаваюцца не ў санкцыях з боку Захаду, а ва ўнутраных прычынах. Пра гэта заявіў Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін, звяртаючыся сёння ў Крамлі са штогадовым пасланнем да Федэральнага сходу.

У ліку ўнутраных праблем эканомікі Уладзімір Пуцін назваў дэфіцыт тэхналогій, інвестыцыйных рэсурсаў, прафесійных кадраў, недастатковае развіццё канкурэнцыі, заганы дзелавога клімату. “Калі мы не вырашым базавыя праблемы эканомікі, можам завіснуць на гады, — сказаў Прэзідэнт Расіі. — Трэба дакладна ставіць мэты і паэтапна іх дасягаць”. Гаворачы пра эканамічную сітуацыю ў краіне, Уладзімір Пуцін выказаў надзею, што ў 2016 годзе інфляцыя ў Расіі не падымецца вышэй за 6%. Спад ВУП, паводле яго прагнозу, будзе нязначным, каля 0,2%. Прэзідэнт Расійскай Федэрацыі таксама адзначыў, што ў Расіі намеціўся рост прамысловай вытворчасці. Характарызуючы асноўныя напрамкі знешняй палітыкі Расіі, Уладзімір Пуцін асабліва адзначыў інтэнсіўнае развіццё адносін з усходнімі партнёрамі. “Актыўная ўсходняя палітыка Расіі прадыктавана зусім не нейкімі там кан’юнктурнымі меркаваннямі сённяшняга дня, не ахаладжэннем нават адносін са Злучанымі Штатамі Амерыкі або Еўрасаюза, а доўгатэрміновымі нацыянальнымі інтарэсамі і тэндэнцыямі сусветнага развіцця”, — сказаў Уладзімір Пуцін.

У якасці прыкладу ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва Прэзідэнт Расіі прывёў адносіны з Кітаем. Ён падкрэсліў, што яны служаць узорам “адносін светапарадку, пабудаванага не на ідэі дамінавання аднаго боку, якім бы моцным ён ні быў, а на гарманічным уліку інтарэсаў усіх дзяржаў”. Расія таксама разлічвае на якасны прагрэс у адносінах з Японіяй, заявіў прэзідэнт.

“Сур’ёзны інтарэс уяўляе і расійская ідэя фарміравання многаўзроўневай інтэграцыйнай мадэлі ў Еўразіі — вялікага еўразійскага партнёрства. Мы ўжо пачалі яе абмеркаванне на розных міжнародных і рэгіянальных узроўнях. Упэўнены, такая размова магчыма і з дзяржавамі Еўрасаюза, у якіх сёння расце запыт на самастойны, суб’ектны палітычны і эканамічны курс. Мы бачым гэта па выніках выбараў”, — паведаміў Уладзімір Пуцін.

Прэзідэнт Расіі асабліва падкрэсліў, што ў краіне “настроены на добразычлівы, раўнапраўны дыялог, на ўстанаўленне прынцыпаў справядлівасці і ўзаемапавагі ў міжнародных справах, гатовы да сур’ёзнай размовы пра пабудову ўстойлівай сістэмы міжнародных адносін дваццаць першага стагоддзя”. “На жаль, у гэтым плане дзесяцігоддзі, якія мінулі пасля заканчэння “халоднай вайны”, прапалі дарма”, — сказаў Уладзімір Уладзіміравіч.

Ён адзначыў, што Расія выступае “за бяспеку і магчымасць развіцця не для выбраных, а для ўсіх краін і народаў, за павагу да міжнароднага права і разнастайнасці свету”.

У пасланні Прэзідэнт Расіі закрануў пытанні прыярытэтаў развіцця навукі і адукацыі і іх ролі ў пабудове інавацыйнай эканомікі ў краіне. Так, кіраўнік дзяржавы адзначыў, што “ў наступным годзе на базе вядучых ВНУ, у тым ліку рэгіянальных, будуць створаны цэнтры кампетэнцыі. Яны прызначаны забяспечыць інтэлектуальную, кадравую падтрымку праектаў, звязаных з фарміраваннем новых галін і рынкаў. Магутным фактарам набывання навуковых і тэхналагічных задзелаў для эканамічнага росту і сацыяльнага развіцця павінна служыць фундаментальная навука”.

“Неабходна ператварыць даследчыя задзелы ў паспяховыя камерцыйныя прадукты. З гэтым, дарэчы, мы заўсёды мучыліся: ад распрацовак да ўкаранення вельмі вялікі час праходзіць… Але трэба гэтую тэндэнцыю пераламаць, мы можам гэта зрабіць”, — сказаў Уладзімір Пуцін.

Прэзідэнт таксама паведаміў, што для маладых расійскіх вучоных будзе запушчана спецыяльная лінейка грантаў.

Расійскія школы павінны захаваць глыбіню і фундаментальнасць адукацыі, заявіў Уладзімір Пуцін. Школьная адукацыя павінна адпавядаць дзвюм задачам, пра якія гаварыў яшчэ акадэмік Д.Ліхачоў: даваць веды і выхоўваць маральнага чалавека. Прэзідэнт заклікаў ствараць адукацыйныя праекты ў тэатры, кіно, на тэлебачанні, каб прыцягваць моладзь. Школьнікі павінны навучыцца самастойна думаць, ставіць перад сабой мэты і дабівацца іх. Бізнес, універсітэты і бізнес-структуры павінны падключыцца да стварэння адукацыйных тэхнапаркаў у Расіі.

“У хлопцаў і дзяўчат павінна быць дакладнае разуменне: усе яны маюць роўныя магчымасці для старту”, — адзначыў прэзідэнт.

Кіраўнік расійскай дзяржавы таксама рэкамендаваў кіраўнікам суб’ектаў федэрацыі падумаць пра стварэнне на базе ВНУ і школ цэнтраў падтрымкі адораных дзяцей.

Пры гэтым у аснове ўсёй сістэмы адукацыі павінен ляжаць фундаментальны прынцып, што кожнае дзіця адоранае. “Бачу ў маладым пакаленні надзейную апору Расіі”, — падкрэсліў Уладзімір Пуцін.

Завяршаючы выступленне, Прэзідэнт Расіі заявіў, што сёння на першы план выходзіць развіццё. “Будучыня краіны залежыць толькі ад нас, ад працы і таленту ўсіх нашых грамадзян, ад іх адказнасці і іх поспехаў, і мы абавязкова дасягнем мэт, якія стаяць перад намі, вырашым задачы сённяшняга і заўтрашняга дня”, — падагульніў лідар Расійскай Федэрацыі.