Прадастаўленне першага рабочага месца — гэта мера сацыяльнай абароны выпускніка

- 10:30Інфармацыйная гадзіна

Рацыянальны механізм змянення рэжыму работы школ будзе выпрацаваны ў найбліжэйшы час. Аб гэтым заявіў намеснік Прэм’ер-міністра Беларусі Васіль Жарко на сумесным пасяджэнні дзвюх палат Нацыянальнага сходу.

“У найбліжэйшы час рацыянальны механізм змянення рэжыму работы школ будзе выпрацаваны”, — сказаў Васіль Жарко.

Пры гэтым віцэ-прэм’ер адзначыў, што як урач па адукацыі ён лічыць аптымальным для здароўя дзяцей пачынаць заняткі ў 9 раніцы. “Сёння мы прапрацоўваем гэтае пытанне. Неабходна ўлічыць усе аспекты: арганізацыю падвозу і харчавання дзяцей, заняткі ў гуртках і секцыях, вучобу ў другую змену і іншыя”, — дадаў ён.

Таксама Васіль Жарко расказаў аб аптымізацыі ўстаноў адукацыі: “Рашэнне па закрыцці школ будзе прымацца толькі пасля дасканалага вывучэння сітуацыі ў кожным канкрэтным выпадку. Пры гэтым будзе ўлічвацца меркаванне насельніцтва. Такое даручэнне Міністэрству адукацыі дадзена”.

Васіль Жарко таксама закрануў пытанне абавязковага размеркавання маладых спецыялістаў.

“Ва ўмовах няпростай сітуацыі на рынку працы прадастаўленне першага рабочага месца мы разглядаем як меру сацыяльнай абароны выпускніка. Таму гаварыць аб адмене абавязковага размеркавання (а такое пытанне паступала ўжо ад дэпутатаў) дачасна”, — лічыць Васіль Жарко.

Так, паводле папярэдніх даных, у бягучым годзе з выпускнікоў, якія падлягаюць размеркаванню, першае рабочае месца атрымала ўжо больш як 95%. “Выпускнікам, якія вучацца на платнай форме, па іх жаданні таксама будзе прадастаўлена першае рабочае месца”, — запэўніў віцэ-прэм’ер.

Ён таксама праінфармаваў, што на завяршальнай стадыі знаходзіцца работа па карэкціроўцы Кодэкса Беларусі аб адукацыі. Васіль Жарко лічыць, што ў выніку павінен атрымацца вывераны і стабільны закон, па якім сістэма адукацыі краіны будзе працаваць не адзін год.