Прадметна-­гульнявая сістэма «Соты Кае»: у чым яе карысць

- 17:16Образование

Выхавальніца дзіцячага сада № 16 Калінкавіч Людміла Змушко ў  рабоце з дзецьмі выкарыстоўвае развіццёвую прадметна-­гульнявую шматфункцыянальную сістэму “Соты Кае”. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты“.

Гэта гульня для дзяцей ад 3 да 11 гадоў, у якой выкарыстоўваюцца аб’ёмныя элементы ў выглядзе правільнай шасціграннай прызмы (усяго 84 дэталі). На адным баку — мазаічны малюнак, адваротны бок аднатонны. Прадстаўлены 21 варыянт малюнкаў (па 4 штукі кожнага).

Соты Кае спрыяюць фарміраванню ў дзяцей здольнасцей да тэхнічнай і архітэктурнай творчасці, прасторавых уяўленняў (злева, знізу, справа, уверсе), вобразнага, асацыятыўнага і творчага мыслення, сенсаматорнай каардынацыі, вакамера. Малыя вучацца ў думках разбіваць цэлае на часткі, бачыць падобныя элементы ў розных фігур, праектаваць зрокавыя вобразы.

Выкарыстоўваць соты Кае Людміла Міхайлаўна пачала з выхаванцамі другой малодшай групы (ад 3 да 4 гадоў). Спачатку ў нерэгламентаванай дзейнасці, калі дзеці проста разглядалі соты і даставалі іх з ячэек. Такое заданне было нескладаным і выклікала цікавасць. Далей педагог прапанавала выканаць заданне з метадычнага дапаможніка “Соты Кае” (“Графічны канструктар” і “Мазаіка”) — выкласці дарожку з сот. Выхаванцы злучалі грані на гарызантальнай плоскасці жоўтым бокам. Заданне паўтарылі на занятках — выклалі дарожку з трох сот. Так дзеці замацавалі слоўнае абазначэнне колькасці прадметаў (адзін, два, тры). Далей больш складанае заданне — скласці змейку, злучыўшы соты паміж сабой не гранямі, а вугламі. Першы раз выхаванцы выканалі заданне з дапамогай педагога, далей — самастойна. Першая змейка была складзена з трох сот, з кожнымі заняткамі змейка расла, дадаваліся новыя соты. Такім чынам, дзеці навучыліся не толькі злучаць соты вугламі, але і замацавалі паняцце “шмат”.

Кожны тыдзень малыя будавалі кампазіцыі з элементаў на плоскасці. І ўжо сёння яны з лёгкасцю будуюць “трохвугольнік”, “вугалок”, “вусеня”, “малаток”, “калону”, “хвалю”, “кветку” з апорай на ўзор з метадычнага дапаможніка, — адзначае Людміла Міхайлаўна. — Соты Кае эфектыўныя на занятках па элементарных матэматычных уяўленнях. Для замацавання ўменняў прасторавай арые­нціроўкі мы размяшчалі соты ў сярэдзіне, уверсе, унізе ліста, у вуглах уверсе ліста, у вуглах унізе ліста, справа, злева. Прычым у самастойнай гульнявой дзейнасці выхаванцы выконваюць гэтае заданне без маёй дапамогі.

Гульня настолькі падабаецца малым, што яны прыдумалі і свае варыянты — будуюць вежу, накладваючы соты адна на адну, прычым ведаюць, што краі сот павінны быць роўнымі. Буду­юць плот, выкладваючы соты побач адна з адной, паставіўшы іх на рабро, злучыўшы паміж сабой вугалкамі. Падчас гульні выхаванцы кантралююць адно аднаго, ці правільна выканана заданне. Баць­кі таксама зацікавіліся тэхналогіяй і набылі соты Кае для дамашняга выкарыстання.

Людміла Міхайлаўна плануе ўдасканальваць работу з сотамі і ўкараняць у адукацыйны працэс з выхаванцамі сярэдняй групы (ад 4 да 5 гадоў).

Надзея ЦЕРАХАВА