Прадметны тыдзень — добрая вучэбная матывацыя

- 10:16Адукацыйная прастора

Як павысіць матывацыю дзяцей да вывучэння розных прадметаў? Гэтае пытанне хвалюе многіх настаўнікаў. Адзін са шляхоў вырашэння праблемы — прадметныя тыдні. У нашай гімназіі іх правядзенне стала традыцыйным.

Прадметныя тыдні праводзяцца з мэтай метадычнай вучобы настаўнікаў, рэалізацыі іх прафесійных уменняў, развіцця інтэлектуальных і творчых здольнасцей вучняў, павышэння іх матывацыі да вывучэння прадметаў. Запланаваныя мерапрыемствы дапамагаюць узбагаціць веды дзяцей, абудзіць іх ініцыятыву і самастойнасць, развіць індывідуальныя якасці, раскрыць таленты. Кожны гімназіст — актыўны ўдзельнік усіх падзей тыдня. Удзел дзяцей у падрыхтоўцы і правядзенні пазакласных мерапрыемстваў адкрывае шырокія магчымасці для фарміравання практычных навыкаў работы з рознымі крыніцамі ведаў: даведачнай літаратурай, інтэрнэтам і г.д.Нядаўна ў гімназіі прайшоў тыдзень беларускай мовы і літаратуры “Гавары са мной па-беларуску”. Настаўнікі беларускай мовы і літаратуры правялі шэраг цікавых мерапрыемстваў. Сярод іх асаблівую цікавасць выклікаў інтэрнэт-праект “Гэта НАША мова”, арганізатарамі і рэдактарамі якога з’яўляюцца настаўнікі Т.К.Ліпаева і В.В.Саўчук. На старонцы сайта групы гімназістам былі прапанаваны розныя праекты і творчыя конкурсы.
З году ў год да Міжнароднага дня роднай мовы ў гімназіі праводзіцца акцыя “Пяць хвілін на роднай мове”. Сутнасць акцыі ў тым, што кожны настаўнік-прадметнік пачынае першы ўрок з прывітання па-беларуску, віншавання гімназістаў са святам і чытання вершаў айчынных паэтаў. Сёлета быў выбраны верш Пімена Панчанкі “Родная мова”. У акцыі прынялі ўдзел вучні 2—11 класаў.
Традыцыйныя формы правядзення мерапрыемстваў таксама вельмі цікавыя: літаратурна-музычная кампазіцыя “О, Беларусь, мая калыска…” (настаўніца Н.І.Куратнік), літаратурны конкурс “Ад прадзедаў спакон вякоў…” (настаўніца А.М.Власавец), брэйн-рынг “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся” (настаўніца С.І.Мацукевіч). Падрыхтоўка да мерапрыемстваў пачынаецца загадзя, таму якасць іх правядзення і выхаваўчы патэнцыял вельмі высокія.
Адной з умоў эфектыўнасці прадметных тыдняў з’яўляецца заключнае маштабнае мерапрыемства, на якім падводзяцца вынікі руплівай сямідзённай працы настаўнікаў і дзяцей. Заключным мерапрыемствам тыдня беларускай мовы і літаратуры, падрыхтаваным настаўніцай В.В.Саўчук, стала свята “Масленічныя забавы”, асноўная мэта якога — абудзіць цікавасць да роднай мовы, культуры і гісторыі беларускага народа. У мерапрыемстве ўдзельнічалі вучні 5—11 класаў. Кожны клас падрыхтаваў масленічны стол, упрыгожаны эмблемай-плакатам, на якім знаходзіліся самавар, аладкі, абаранкі і іншыя атрыбуты свята. Да гледачоў з прывітаннем і віншаваннямі звярнуліся вядучыя, валачобнікі і спадарыня Вясна. З задавальненнем гімназісты прымалі ўдзел у конкурсах “Патэльня на пліце”, “Астудзі блін”, “Бой пеўняў” і “Скаканне ў мяшках”. Не абышлося без перацягвання каната і спальвання пудзіла Масленіцы. Стварэнню цёплай атмасферы свята спрыялі песні, танцы і добры настрой гледачоў.
Станоўчыя водзывы педагогаў, вучняў і іх бацькоў — лепшая ацэнка стараннай работы настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры гімназіі.

Таццяна ЛІПАЕВА,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце гімназіі № 2 Пінска.