На працягу двух дзён прадстаўнікі Выдавецкага дома “Педагагічная прэса” былі ў прэс-туры па Мінскай вобласці, паведамляе карэспандэнт «Настаўніцкай газеты».
Пачалося прэс-падарожжа з Клецкага раёна. Першым пунктам візіту стала гімназія Клецка, дзе госці азнаёміліся з вопытам работы педагогаў установы з адоранымі навучэнцамі, сістэмай падрыхтоўкі дзяцей да алімпіяд, міжнародных конкурсаў і інш. Сваімі дасягненнямі таксама падзяліўся тэатральны калектыў “ЛіМат”. Яго ўдзельнікі паказалі фрагмент пастаноўкі “Помніць страшна. Забыць нельга” па матывах твора “Мы з вогненнай вёскі”.
У Клецкім сельскагаспадарчым каледжы дырэктар установы Фёдар Хачанкоў азнаёміў з падрыхтоўкай спецыялістаў для сельскагаспадарчай вытворчасці. Акрамя гэтага, у каледжы была арганізавана сустрэча з прадстаўнікамі арганізацый — заказчыкаў кадраў, на якой навучэнцы змаглі задаць спецыялістам пытанні, якія іх цікавяць.
Наступнымі ў маршруце сталі навучальныя ўстановы, што знаходзяцца ў вёсках Клецкага раёна. Цікавым вопытам даследчай работы падзяліліся педагогі Заастравецкай сярэдняй школы. Дарэчы, тут працуе ўнікальны ў Мінскай вобласці гісторыка-этнаграфічны музей. А ў Грыцэвіцкай сярэдняй школе прадстаўнікі медыяхолдынга наведалі гістарычна-краязнаўчы музей і рэсурсны цэнтр па духоўна-маральным выхаванні.
Завяршыла першы дзень прэс-туру наведванне Рассветаўскай сярэдняй школы — тут вучацца дзеці з Нясвіжскага і Клецкага раёнаў. Рассветаўская сярэдняя школа — сучасная ўстанова адукацыі, візітнай карткай якой з’яўляецца актыўнае выкарыстанне ў адукацыйным працэсе інфармацыйных тэхналогій.
“Нашы навучэнцы штогод паступаюць на інжынерныя спецыяльнасці ў вядучыя УВА краіны, — расказаў дырэктар школы Сяргей Дубман. — Таксама ў школе працуе медыяцэнтр з сучасным абсталяваннем. Навучэнцы з задавальненнем вучацца мантажу, здымаюць навіны і вядуць свой YouTube-канал”.
Другі дзень прэс-туру прадоўжыўся знаёмствам з установамі адукацыі Нясвіжа і Нясвіжскага раёна. Першым пунктам у маршруце быў дзіцячы сад № 1 Нясвіжа “Чароўная краіна”. STEM-цэнтр, рэсурсны цэнтр асноў бяспекі жыццядзейнасці, спартыўная зала, пляцоўка для навучання гульні ў шахматы — гэта толькі частка таго, што паспелі ўбачыць прадстаўнікі медыяхолдынга падчас наведвання сада.
Наступнай установай адукацыі, якая значылася ў маршруце прэс-туру, стала Сноўская сярэдняя школа. Тут пачынаючы з 1989 года працуюць класы педагагічнай накіраванасці. Настаўніца рускай мовы Іна Віннік паказала фрагмент заняткаў з будучымі настаўнікамі.
У Нясвіжскай гімназіі галоўны рэдактар часопіса “Народная асвета” Святлана Мазурына правяла для настаўнікаў горада і раёна майстар-клас “Інфармацыйная культура педагога: падрыхтоўка матэрыялаў для публікацыі ў навукова-метадычным часопісе”.
Акрамя таго, у гімназіі прайшла сустрэча прадстаўнікоў Выдавецкага дома з педагогамі, дзе абмяркоўваліся пытанні больш цеснага супрацоўніцтва з “Настаўніцкай газетай”.
У сярэдняй школе № 1 Нясвіжа прадстаўнікі медыяхолдынга пагаварылі аб стварэнні і дзейнасці ваенна-патрыятычных клубаў як аднаго з элементаў патрыятычнага выхавання навучэнцаў.
Апошняй установай адукацыі, якой завяршыўся прэс-тур па Міншчыне, стаў Нясвіжскі дзяржаўны каледж імя Якуба Коласа. Яго дырэктар Алена Жураўлёва азнаёміла журналістаў з гісторыяй музея, які дзейнічае ва ўстанове, з матэрыяльна-тэхнічнай базай, а таксама з вопытам творчай і спартыўнай работы з навучэнцамі. Так, каманда каледжа па міні-гольфе мае шэраг перамог на спаборніцтвах рознага ўзроўню.
Асаблівая гордасць каледжа — народны інструментальны ансамбль “Нясвіжскія лыжачнікі”. У склад ансамбля ўваходзяць хлопцы, якія тут вучацца. Яны займаюцца музыкай з выдатным педагогам і музыкантам Уладзімірам Сухавеем. Калектыў выконвае народную музыку, пераклады твораў сучасных кампазітараў і нават класіку, у тым ліку пад танцавальнае і акрабатычнае суправаджэнне.
Падрабязней аб прэс-туры вы зможаце пачытаць у найбліжэйшых выпусках “Настаўніцкай газеты”.
Наталля САХНО