Прадукцыйна правядуць рэспубліканскі суботнік педагогі Магілёўшчыны. Як паведаміў карэспандэнту «Настаўніцкай газеты» першы намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення па адукацыі Магілёўскага аблвыканкама Ігар Лашкевіч, на заклік да працы настаўніцтва рэгіёна адгукнулася з энтузіязмам і ініцыятыўнасцю.
Разам з навучэнцамі педагагічныя работнікі будуць прыводзіць у парадак свае ўстановы адукацыі, гісторыка-культурныя каштоўнасці, мемарыяльныя комплексы, месцы баявой і воінскай славы часоў Вялікай Айчыннай вайны.
— Да рэспубліканскага суботніка далучыцца кожная навучальная ўстанова. Працаваць будуць не толькі над добраўпарадкаваннем прылеглых тэрыторый. На гарадскім і раённым узроўнях вызначаны шэраг ключавых аб’ектаў, дзе патрэбна працоўная дапамога. Так, калектыў абласнога ўпраўлення па адукацыі накіруецца на пасадку лесу. У Магілёўскім раёне каля вёскі Засценкі сумесна з прадстаўнікамі іншых ведамстваў возьмем удзел у рэспубліканскай акцыі “Тыдзень лесу”. Агульнымі намаганнямі плануецца высадзіць хвойныя пароды дрэў на плошчы 5 гектараў, — расказаў Ігар Генадзьевіч.
Шмат карысных спраў запланавалі выканаць у рамках суботніка педагогі Мсціслаўскага раёна. Упор тут будуць рабіць на абнаўленне мемарыялаў Вялікай Айчыннай вайны.
— Хутка Дзень Перамогі, таму лічым асабліва значным добраўпарадкаваць кожнае воінскае пахаванне. Важна, што да гэтай працы мы далучаем вучняў, бо гэта наша своеасаблівая даніна памяці мужнасці і гераізму абаронцаў Радзімы. Упэўнены, што менавіта праз такія справы ў навучэнцаў лепш за ўсё фарміруецца разуменне неабходнасці захавання гістарычнай праўды аб Вялікай Айчыннай вайне, аб подзвігах іх дзядоў і прадзедаў, — адзначыла начальнік аддзела па адукацыі Мсціслаўскага райвыканкама Алена Паштовая.
За руплівай працай правядуць суботнік і педагогі Круглянскага раёна. Адметная падзея тут адбудзецца ў Цяцерынскай сярэдняй школе. Настаўнікі, вучні і іх бацькі пасадзяць сад Памяці ў гонар загінуўшых воінаў-землякоў. На тэрыторыі побач з навучальнай установай з’явяцца 70 маладых яблынь.
А вось у Магілёўскім раёне і Бабруйску падчас суботніка сканцэнтруюцца на добраўпарадкаванні аздараўленчых лагераў.
— Не за гарамі працяглыя канікулы і пачатак летняй аздараўленчай кампаніі. Наш лагер “Мара” ўжо 26 мая расчыніць свае дзверы для навучэнцаў. Каб адпачынак быў яркім і насычаным, трэба ўжо зараз якасна падрыхтавацца да прыёму дзяцей, — расказала начальнік аддзела па адукацыі Бабруйскага гарвыканкама Алена Лісіца.
У гарадах і раёнах вобласці ў педагогаў ёсць планы на рэспубліканскі суботнік. Усе нацэлены на плённую і старанную працу.
Ганна СІНЬКЕВІЧ
Фота БелТА
Здымак выкарыстоўваецца ў якасці ілюстрацыі