Прадумалі ўсё да дробязей

- 12:16Адукацыйная прастора

У Светлагорскім дзяржаўным індустрыяльным каледжы з гэтага навучальнага года адкрылі новую спецыяльнасць для ўзроўню сярэдняй спецыяльнай адукацыі “Абслугоўванне і эксплуатацыя жылых дамоў”. Больш падрабязна аб гэтай падзеі нашым чытачам расказвае намеснік дырэктара каледжа Мікалай Мікалаевіч Яхнавец.

— Наша ўстанова стала першай у Гомельскай вобласці, дзе пачалі рыхтаваць спецыялістаў па гэтай спецыяльнасці, таму, безумоўна, у час прыёмнай кампаніі нам удалося вельмі хутка сфарміраваць адну вучэбную групу. Прыемна, што да нас вучыцца па новай спецыяльнасці прыйшлі матываваныя падлеткі, з добрымі адзнакамі ў атэстаце, якія ўсвядомлена выбралі гэтую спецыяльнасць. Паспрыяла гэтаму разнастайная прафарыентацыйная работа, якая была праведзена нашым калектывам па ўсёй вобласці. Прафарыентацыя вядзецца і сёння, таму што мы мяркуем з новага навучальнага года набіраць яшчэ вучэбную групу па гэтай спецыяльнасці і хочацца сфарміраваць яе з самых дастойных падлеткаў.

Бясспрэчна, што перш, чым адкрываць новую спецыяльнасць у нашай установе, мы дасканала вывучылі рынак працы рэгіёна, наколькі патрэбны кадры па такой спецыяльнасці нашай жыллёва-камунальнай гаспадарцы. Каб адказаць на гэтае пытанне, мы аб’ездзілі ўсе 25 прадпрыемстваў, якія ўваходзяць у сферу ЖКГ, сустракаліся з кіраўніцтвам, вывучалі попыт заказчыкаў кадраў на колькасць і змест падрыхтоўкі будучых спецыялістаў па абслугоўванні і эксплуатацыі жылых дамоў. Наша асноўнае базавае прадпрыемства КЖУП “Светач”, якое дастаткова мадэрнізаванае і працуе ў інавацыйным кірунку, дало згоду на праходжанне нашымі навучэнцамі вучэбнай практыкі. А гэта вельмі важна, таму што навучанне павінна быць практыка-накіраваным, і без адточвання навучэнцамі прафесійных навыкаў непасрэдна на рабочым месцы не атрымаецца ў будучым кваліфікаваны спецыяліст. Адметна і тое, што ў сувязі з інавацыйнымі пераўтварэннямі, якія адбываюцца сёння ў жыллёва-камунальнай галіне, спатрэбяцца шматпрофільныя спецыялісты, якімі і будуць нашы выпускнікі. Справа ў тым, што, акрамя атрымання спецыяльнасці “Абслугоўванне і эксплуатацыя жылых дамоў” на ўзроўні сярэдняй спецыяльнай адукацыі, яны будуць атрымліваць 4 кваліфікацыі рабочага: “маляр”, “тынкоўшчык”, “электраманцёр”, “слесар-сантэхнік”. Такая разнастайнасць прафесій дазволіць абараніць нашых выпускнікоў на рынку працы і забяспечыць ім паспяховае працаўладкаванне.

Калі ўспомніць, як мы рабілі першыя крокі, каб новая спецыяльнасць была адкрыта ў нашым каледжы, то прадумалі ўсё да дробязей. Спачатку, безумоўна, нас цікавіла, наколькі падрыхтоўка па новай спецыяльнасці ўпішацца ў існуючую вучэбна-матэрыяльную базу і колькі новых фінансавых сродкаў спатрэбіцца. Хвалявала і пытанне, як справіцца з гэтай задачай педагагічны склад каледжа і ці спатрэбіцца для яго перападрыхтоўка. У сувязі з тым, што падрыхтоўка ў каледжы вядзецца па такіх спецыяльнасцях, як прамысловае і грамадзянскае будаўніцтва (па напрамках), электразабеспячэнне (па галінах), то выбар спецыяльнасці па абслугоўванні і эксплуатацыі жылых дамоў быў апраўданы і не патрабаваў істотных фінансавых уліванняў. Гэта была найбольш аптымальная спецыяльнасць і для нашых педагогаў, якія маюць высокі прафесійны ўзровень, таму ўся падрыхтоўка да ўвядзення новай спецыяльнасці ў каледжы была праведзена з мінімальнымі затратамі. Для ўдасканалення вучэбна-матэрыяльнай базы за кошт спонсарскіх сродкаў мы набылі стэнды па новай спецыяльнасці. Адзін наш выкладчык на базе БНТУ праходзіць перападрыхтоўку для выкладання спецдысцыпліны па новай спецыяльнасці. Для далейшага абнаўлення вучэбна-матэрыяльнай базы і павышэння кваліфікацыі педагагічнага калектыву мы будзем кіравацца адпаведным планам. Плануем удасканаліць і вучэбна-метадычнае суправаджэнне новай спецыяльнасці. Так, у прыватнасці, нашы педагогі ствараюць вучэбна-метадычны комплекс, які дазволіць павысіць якасць падрыхтоўкі кадраў па новай спецыяльнасці. У цэлым у планах на будучыню — удасканаленне прафесійнай падрыхтоўкі не толькі па новай, але і па ўсіх прафесіях, па якіх сёння праходзіць навучанне ў каледжы, каб нашы базавыя прадпрыемствы былі задаволены нашымі кадрамі.

Запісала Ала КЛЮЙКО.