Праект «Аўтацягнік #Беларусь. Моладзь. Профі»: юнакі і дзяўчаты адправіліся ў падарожжа па нашай краіне

- 10:05Актуально

Падчас сямідзённага падарожжа па Беларусі 120 юнакоў і дзяўчат — студэнты, педагогі, будаўнікі, спецыялісты розных прамысловых прадпрыемстваў — пабываюць у 18 вялікіх і малых гарадах нашай краіны.

На ўрачыстым адкрыцці рэспубліканскага праекта “Аўтацягнік #Беларусь. Моладзь. Профі”, які ўжо другі год запар збірае прадстаўнікоў студэнцкай і працоўнай моладзі Беларусі і Расіі, намеснік міністра адукацыі Кацярына Пятруцкая выказала ўпэўненасць, што гэтая культурная, адукацыйная і прафарыентацыйная ініцыятыва падорыць моладзі дзвюх краін некалькі незабыўных дзён, напоўненых прыемнымі, карыснымі і канструктыўнымі зносінамі, у працэсе якіх абавязкова народзяцца новыя ідэі і планы:

— Гэты праект аб’ядноўвае маладых людзей з усіх рэгіёнаў Беларусі. Тых, хто ўжо працуе, і тых, хто яшчэ толькі вучыцца і авалодвае прафесіяй. Ён сімвалізуе адзінства нашай мола­дзі. Юнакі і дзяўчаты пабываюць у розных кутках краіны, сустрэнуцца з ветэранамі, аддадуць даніну памяці продкам, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, абмяняюцца прафесійным вопытам. Убачыўшы прамысловасць, сельскую гаспадарку, рэальны сектар эканомікі Беларусі з другога боку, па вяртанні дадому ўдзель­нікі змогуць раска­заць аднагодкам аб прафесіях і людзях працы, з якімі яны пазнаёміліся.

У дзень старту аўтацягніка юныя беларусы і расіяне, па­дзяліўшыся на дзве групы, наведалі Мінскі завод колавых цягачоў і прадпрыемства “Белкамунмаш”, пабывалі на экскурсіі па Мінску, а ўвечары адправіліся на культурна-патрыятычны форум “Калі адзі­ныя — мы непераможныя”, які прайшоў на “Мінск-Арэне”. На наступны дзень на брэндаваных аўтобусах моладзь адправілася ў турнэ па беларускіх гарадах. Сярод іх Слуцк, Тураў, Мазыр, Жлобін, Рагачоў, Бабруйск, Старыя Дарогі, Горкі, Орша, Полацк, Шчучын, Ваўкавыск, Брэст.

Кожны дзень удзельнікаў маштабнай маладзёжнай акцыі насычаны экскурсіямі ў музеі, на горадаўтваральныя прадпрыемствы, ва ўстановы адукацыі, удзелам у дабрачынных, адукацыйных, спартыўных, працоўных акцыях і грамадска карысных мерапрыемствах, у тым ліку па добраўпарадкаванні сацыяльна значных аб’ектаў. У праграме туру шматлікія адукацыйныя сустрэчы: дыя­логавыя пляцоўкі, круглыя сталы, майстар-класы. Як адзначаюць арганізатары праекта, сёлета акцэнт зроблены на захаванні гістарычнай памяці. Да таго ж упершыню аўтацягнік мае свой слоган “Час першых!”, прымеркаваны да 30-годдзя інстытута прэзідэнцтва ў нашай дзяржаве.

На Міншчыне моладзь наведала Музей гісторыі слуцкіх паясоў і Слуцкі краязнаўчы музей. На Гомельшчыне — паўдзельнічала ў працоўнай акцыі ў гісторыка-археалагічным комплексе “Старажытны Тураў”, пагутарыла з маладымі спецыялістамі Тураўскага малочнага камбіната, пабывала на прадпрыемстве “Мазырсоль”.

Стаць удзельнікамі маштабнага праекта змаглі не ўсе жадаючыя. Усяго на сайт Рэспубліканскага маладзёжнага цэнтра паступіла больш за 500 заявак.

— Я шмат чула пра гэты праект і як чалавек з актыўнай жыццёвай пазіцыяй вельмі хацела прыняць у ім удзел, — расказвае студэнтка 4 курса БДПУ Аліна Лазарэвіч, якая першы месяц працуе настаўніцай рускай мовы і літаратуры ў сярэдняй школе № 1 Мінска імя В.П.Чкалава. — Думаю, за тыдзень мы даведаемся шмат новага і цікавага пра нашу краіну, бліжэй пазнаёмімся і станем сябрамі.

Кацярына Андрукевіч, атрымаўшы ступень бакалаўра і магістра ў БДПУ, зараз працуе настаўніцай пачатковых класаў сярэдняй школы № 78 Мінска і ўжо другі раз адпраўляецца ў падарожжа па Беларусі:

— Упершыню мне пашанцавала ў 2022 годзе. Тады мы ванд­равалі на цягніку. Гэта быў вельмі цікавы і карысны вопыт. У гэтым годзе я вырашыла паспрабаваць свае сілы яшчэ раз і адправіла заяўку. Ведаю, што жадаючых было нямала, адбіралі тых, хто найбольш паспяховы ў вучобе або працы, а таксама актыўны ў грамадскім жыцці. Гэта ўдзельнікі студатрадаўскага, валанцёрскага руху, лідары маладзёжных арганізацый. Ад гэтага падарожжа чакаю новых эмоцый і знаёмстваў, цікавых маладзёжных ініцыятыў. Сама ж планую падзяліцца сваім педагагічным вопытам на майстар-класах для малодшых школьнікаў.

Маладых людзей яшчэ чакае знаёмства з жыхарамі і гістарычнымі, культурнымі, прамысловымі славутасцямі Магілёўшчыны, Віцебшчыны і Гродзеншчыны. Апошнім пунктам маршруту стане Брэст. Наведаўшы буйныя прадпрыемствы горада, маладыя лю­дзі пабываюць у мемарыяльным комплексе “Брэсцкая крэ­пасць-герой”.

Марына КУНЯЎСКАЯ
Фота аўтара