Праект «Хлеб вайны» дазваляе школьнікам глыбей вывучыць гiсторыю сваёй зямлi праз звыклыя для iх рэчы

- 13:10Образование, Приложение, Шестой день

Педагогі сярэдняй школы № 1 Дзятлава з гордасцю адзначаюць: іх праект шостага школьнага дня не толькi выдатна сумяшчае тэорыю i практыку, але i дазваляе вучням глыбей вывучыць гiсторыю сваёй зямлi праз звыклыя для iх рэчы. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

— Наш праект называецца “Хлеб вайны” i ўключае мноства заданняў для школьнiкаў i iх настаўнiкаў, якiя яны могуць паступова ра­зам рэалiзоўваць на працягу года, — тлумачыць адна з аўтараў праекта Вольга Мiхайлаўна Старыкава, настаўнiца рускай мовы i лiтаратуры. — Да стварэння праекта падштурхнула iдэя, што большасць дзяцей не ведае сапраўдную цану хлеба. Сучасная моладзь не задумваецца пра тое, ці будзе хлеб на нашым стале заўсёды, наколькі ён быў каштоўны ў гады Вялікай Айчыннай вайны, як ён ратаваў жыццё лю­дзям, як цяжка даставаўся кавалак хлеба на фронце, у глыбокім тыле, у блакадным Ленінградзе. Праект “Хлеб вайны” пашырае веды навучэнцаў аб выпрабаваннях і цяжкасцях, якія перажыў наш народ, i дазваляе iм па-iншаму ацанiць тое, што мы сёння ўспрымаем як данасць.

На першым этапе праекта дзецям прапаноўвалася назапасiць i сiстэмазаваць веды па “хлебнай” тэматыцы. Ад самых простых: як хлеб аказваецца на нашым стале, да больш грунтоўных i глыбокiх: з чаго гатавалi хлеб блакаднага Ленiнграда, як здабываўся партызанскi хлеб, якiм на смак быў хлеб фашысцкiх канцлагераў.

Iнфармацыя аказалася для многiх дзяцей i нават дарослых шокавай. Яны са здзiўленнем даведалiся, што ваенны хлеб выпякалі  з iнгрэдыентаў, якiя наўрад цi дадумаешся выкарыстоўваць пры гатаванні ў звычайным жыццi. Напрыклад, остэн-брот (знаходка фашысцкіх канцлагераў), які быў прызначаны толькі для савецкіх ваеннапалонных, складаўся з макухі цукровых буракоў, вотруб’я, пілавіння i цэлюлознай мукi з лісця або саломы.

Але многiя не мелi нават гэтага.

Фашысты не выпадкова напалі на нашу Ра­дзіму ў канцы чэрвеня, калі ўсе хлебныя палі набіралі сілу. Першы ўдар быў нанесены менавіта па хлебе. Гарэлі палі пшаніцы і жыта. Часта немцы хадзілі па дварах і адбіралі ўвесь хлеб, муку і зерне, да апошняй жменi збожжа, — расказвае Вольга Мiхайлаўна. — Нягледзячы на тое, што амаль усё зерне на нашых землях iшло на патрэбы фронту, у апошнiя гады вайны мукi ў франтавым хлебе было не больш за 10%.

Якое выйсце знаходзiлi нашы прабабулi i прадзядулi? На гэтае пытанне дазваляў адказаць наступны пункт праграмы шостага школьнага дня.

Навучэнцам трэба было звярнуцца да жывых сведак ваенных па­дзей (родных, суседзяў) i запi­саць рэцэпты хлеба, якi яны елi ў галодныя ваенныя i пасляваенныя гады. Пасля школьнiкi спрабавалi згатаваць хлеб па гэтых рэцэптах. Адным з самых папулярных iнгрэдыентаў у складзе тылавога хлеба на нашай зямлi аказалiся бульба i бульбяное шалупінне. Вядома, смачным тылавы хлеб не назавеш — нi солi, нi цукру, нi паўнавартаснай мукi ў iм не было, часта яго гатавалі з сапсаваных прадуктаў. Пасля такога хлеба доўга балелi жываты. Калi нашы дзецi разам з кiраўнiком школьнага музея “Гiсторыя Дзятлаўшчыны” Алінай Сяргееўнай Макарэвіч паспрабавалi згатаваць хлеб па адным са здабытых рэцэптаў, ён атрымаўся далёка не з першага разу: развальваўся, расплываўся невыразнай шэрай масай. Прыстойны варыянт удалося спячы толькi з пятага разу. Гэты каравай сёння захоўваецца ў нашым школьным музеi. Навучэнцы нават не засмуцiлiся, што не пакаштавалi нi кавалачка ад экспаната, бо разумелi: гэты хлеб не для смаку, ён — каб вы­жыць, — узгадвае Вольга Старыкава.

Вучням прапанавалі  таксама блiжэй азнаёмiцца з вобразам хлеба вайны ў культуры i мастацтве: на працягу года школьнiкi чыталi апавяданнi i вершы пра хлеб, вывучалi карцiны, глядзелi фiльмы, прысвечаныя тэме галоднага ваеннага лiхалецця. Акцыя “Кожную суботу ў дарогу” запрашала дзяцей на вiртуальныя прагулкi да помнiкаў хлебу ў Беларусi i за яе межамi, на анлайн-экскурсii ў музеi хлеба ў Расii i Беларусi. Неяк старшакласнiкi выбралiся ў рэальнае падарожжа, на Дзятлаўскi хлебакамбiнат.

Удзел у праекце паспрыяў шэрагу вучнёўскiх ініцыятыў, накіраваных на беражлівыя адносіны да хлеба. Так, навучэнцы правялi для сваiх аднакласнiкаў i вучняў малодшай школы шэраг заняткаў i класных гадзiн па тэмах “Цяжкі хлеб вайны”, “Блакадны хлеб: сімвал жыцця і надзеі”, “Хлеб вайны і хлеб Перамогі”. У школьнай сталовай сiламi вучняў была праведзена акцыя “Кожную крошку ў далоньку”, а падчас свята ўраджаю арганiзаваны конкурс страў з чэрствага хлеба.

— Мерапрыемствы шостага дня закранулi не толькi нашу школу. У iх удзель­нiчалi некалькi навучальных устаноў Дзятлаўшчыны: навучэнцы спаборнiчалi памiж сабой, чыя каманда знойдзе больш iнфармацыi, складзе лепшы зборнiк рэцэптаў хлеба вайны i г.д. Паступова дзеці знаёмiлiся памiж сабой, завязвалi новыя сяброўскiя сувязi, — узгадвае Вольга Мiхайлаўна. — Любому педагогу хочацца, каб заняткі і мерапрыемствы, якія праводзяцца ў суботу, не толькі садзейнічалі ўсебаковаму развіццю, выхаванню дзяцей, але і былі крыніцай iх матывацыі, давалі iм глыбокі эмацыянальны зарад. Думаю, у нас усё атрымалася.

Вiталiна НЕСЦЯРОВIЧ
Фота аўтара і Iгара ГРЭЧКІ