Праект матывуе настаўніка

- 11:15Адукацыйная прастора

Лідскі раён — адзіны раён у краіне, дзе ўдзел у пілотным праекце па апрабацыі нарматыўнага фінансавання прымаюць як установы агульнай сярэдняй адукацыі, размешчаныя ў гарадской мясцовасці, так і сельскія школы. Аб выніках работы раёна ў гэтым кірунку расказвае начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Лідскага райвыканкама А.У.КАДЛУБАЙ.

— У 2016 годзе ў Лідскім раёне стартаваў пілотны праект па апрабацыі нарматыўнага фінансавання. Удзел у праекце прымаюць 19 устаноў агульнай сярэдняй адукацыі, размешчаных у горадзе, і 15 школ з сельскай мясцовасці. Агульная колькасць навучэнцаў у гэтых установах складае 14 057. 88,4% з іх вучацца ў гарадскіх установах і 11,6% — у сельскіх. У раёне працуюць чатыры школы з колькасцю навучэнцаў звыш 1000 школьнікаў.

Аналізуючы першыя вынікі рэалізацыі пілотнага праекта ў нашым раёне, мы адзначылі, што эфектыўнасць яго рэалізацыі напрамую залежыць ад правільна спланаваных аптымізацыйных мерапрыемстваў. Так, за два апошнія гады работы ў гэтым кірунку колькасць вучняў у раёне павялічылася на 219, пры гэтым колькасць класаў зменшылася на 11, што дазволіла павялічыць сярэднюю напаўняльнасць класаў з 18,3 да 18,9, непасрэдна ў гарадскіх установах — з 21,36 да 21,75 навучэнца.

З 1 верасня 2016 года ў адпаведнасць з нарматыўнай прававой базай прыведзена функцыянаванне класаў эстэтычнай накіраванасці. У выніку былі скарочаны 42 штатныя адзінкі настаўнікаў і канцэртмайстраў. Пры гэтым у раёне ўдалося захаваць 7 узорных калектываў за кошт увядзення 14,5 штатнай адзінкі згодна з пастановай Міністэрства культуры ад 6 лiстапада 2008 года № 38.

Сродкі выдзяляюцца ў пачатку фінансавага года адзіным пакетам на адміністрацыйна-тэрытарыяльную адзінку. Канчатковае рашэнне аб размеркаванні іх па ўстановах прымаецца з улікам першачарговых выдаткаў і патрэб. Адметна, што кіраўнікі ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі надзелены шэрагам паўнамоцтваў, у тым ліку самастойна фарміраваць аптымальны штатны расклад з улікам тыпавых штатаў, пераразмяркоўваць сродкі па напрамках выдаткаў. За перыяд рэалізацыі праекта 11 агульнаадукацыйных устаноў стварылі самастойныя бухгалтэрыі.

Для забеспячэння функцыянавання малакамплектных устаноў адукацыі спатрэбілася некаторая карэкціроўка выдзеленых грашовых сродкаў паміж навучальнымі ўстановамі. Цяпер больш за іншых недаатрымалі фінансаванне тры ўстановы з найбольшай колькасцю навучэнцаў, бо сродкі былі накіраваны ва ўстановы з колькасцю менш за 250 навучэнцаў. Такім чынам, для дасягнення стапрацэнтнага ўкаранення нарматыўнага фінансавання неабходна далейшае правядзенне аптымізацыйных мерапрыемстваў, што дасць магчымасць забяспечыць фінансаванне кожнай навучальнай установы без адхіленняў.

Трэба адзначыць, што ў рамках рэалізацыі праекта значна ўмацавалася матэрыяльна-тэхнічная база ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі. Толькі ў 2016 годзе закуплена больш за 3 тысячы адзінак мэблі, спартыўнага інвентару на суму больш за 90 тысяч рублёў. На набыццё вучэбнага абсталявання для кабінетаў хіміі, фізікі, біялогіі выдаткавана 56 тысяч рублёў, інструментаў і абсталявання для кабінетаў працоўнага навучання — 73 тысячы рублёў. Ёсць і іншыя прыклады.

Упершыню мы мелі магчымасць выкарыстаць астатак сродкаў у наступным фінансавым годзе. Так, за 2016 год прафінансавана 96,3% выдзеленых сродкаў. Астатак бюджэтных асігнаванняў склаў 773 612 рублёў. Гэтыя сродкі па рашэнні сесіі Савета дэпутатаў былі накіраваны ў 2017 годзе на аплату бягучага рамонту будынкаў і памяшканняў. Гэта яшчэ адна перавага праекта.

У 2017 годзе намі былі вызначаны 3 школы, у якіх ажыццяўляюцца галіновыя выплаты педагогам. Вынікі эксперымента паказалі, што сярэдняя заработная плата педагагічных работнікаў, якія ўдзельнічаюць у праекце, павысілася ў параўнанні з сярэдняй заработнай платай педагагічных работнікаў у раёне. Адбылася істотная дыферэнцыяцыя ў аплаце працы. Гэта дало магчымасць кіраўніку дадаткова стымуляваць працу настаўніка і такім чынам павышаць матывацыю яго дзейнасці. У выніку грашовыя даплаты, якія атрымлівалі ў сярэднім 75,5% работнікаў, — важкі аргумент, які матывуе настаўніка на дасягненне высокіх вынікаў у прафесійнай дзейнасці. Сярэдняя заработная плата настаўнікаў за верасень 2017 года тых устаноў адукацыі, у якіх устаноўлены галіновыя павышэнні, вышэйшая на 5,4% за сярэднюю заработную плату настаўнікаў раёна.

У 2018 годзе ў рэалізацыю праекта будуць уключаны ўстановы дашкольнай адукацыі Лідскага раёна. Спадзяёмся, што ўдзел у пілотным праекце 42 дашкольных устаноў, у якіх выхоўваюцца больш за 6 тысяч дзяцей, дасць магчымасць павысіць эфектыўнасць іх функцыянавання.

Гутарыла Ала КЛЮЙКО.