Праект стратэгіі “Навука і тэхналогіі: 2018—2040” плануецца дапрацаваць да 30 снежня, паведаміў карэспандэнту БелТА старшыня Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Уладзімір Гусакоў.
“Праект стратэгіі прайшоў апрабацыю, шырока абмяркоўваўся ў сродках масавай інфармацыі, разглядаўся ў Савеце Міністраў. Усе жадаючыя маглі ўнесці свае прапановы, яны былі абагульнены і ўлічаны. Шэраг прапаноў быў выказаны на II з’ездзе вучоных Беларусі. Думаю, да 30 снежня мы поўнасцю дапрацуем праект стратэгіі. Цяпер мы збіраем усе матэрыялы з’езда, у лік якіх увойдзе і стратэгія. Яна будзе праграмным дакументам, на яе базе будуць распрацоўвацца бягучыя планы, праграмы, канцэпцыі. Аналагічныя стратэгіі маюць многія краіны, таму гэта важны крок”, — сказаў Уладзімір Гусакоў.
У праекце стратэгіі “Навука і тэхналогіі: 2018—2040” вызначаны прыярытэты доўгатэрміновага развіцця навукі і тэхналогій, а таксама комплекс інструментаў удасканалення навукова-тэхнічнай сферы, якія забяспечаць новую якасць эканамічнага росту Беларусі і выхад у перспектыве на сусветны ўзровень па шэрагу напрамкаў. Мяркуецца, што дзякуючы рэалізацыі стратэгіі да 2040 года навукаёмістасць ВУП павінна скласці 3 працэнты, доля прарыўных навуковых даследаванняў і распрацовак — 30 працэнтаў у агульным аб’ёме, доля высокатэхналагічных сектараў у структуры эканомікі — 10 працэнтаў. У агульным аб’ёме вытворчасці прампрадпрыемстваў 25 працэнтаў будзе займаць інавацыйная прадукцыя.