Праекты педагогаў гімназіі Хойнікаў далучаюць навучэнцаў да актыўнай пошукавай, патрыятычнай дзейнасці

- 11:17Образование

Унікальныя праекты, распрацаваныя педагогамі гімназіі Хойнікаў, далучаюць навучэнцаў да актыўнай пошукавай, патрыятычнай, творчай дзейнасці. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

У Хойніцкай гімназіі педагагічны працэс ажыццяўляюць 49 сапраўдных прафесіяналаў сваёй справы, якія штодзень, пераступаючы парог установы, вучаць, натхняюць і матывуюць на дастойны вынік у вучобе 430 навучэнцаў. Дырэктар гімназіі Аксана Мяцельская пра сваіх калег расказвае з цеплынёй і павагай, падкрэсліваючы, што прадстаўнікі галіны адукацыі актыўна ўдзельнічаюць у распрацоўцы і рэалізацыі праектаў патрыятычнай, маральнай і духоўнай накіраванасці, што дазваляе выхоўваць лепшыя якасці ў вучнях.

Вядома, лепш з першых вуснаў даведацца пра ўсё самае цікавае аб праведзенай рабоце ў гэтым напрамку, таму дырэктар знаёміць з настаўнікамі інфарматыкі Ірынай Апанасюк, англійскай мовы Кацярынай Бандарэнка, гісторыі Аляксандрай Бяляўскай. Перад гэтымі педагогамі не стаіць пытанне, як выхаваць сапраўднага патрыёта — чалавека, які лю­біць сваю краіну, культуру, мову, гатовы абараняць сваю Радзіму.

Яны дакладна ведаюць, што трэба рабіць для таго, каб іх навучэнцы пасля атрымання прафесіі з радасцю вярталіся на малую радзіму, працавалі дзеля яе дабра, ганарыліся яе гісто­рыяй. А рэцэпт просты: настаўнікі падаюць выдатны прыклад падрастаючаму пакаленню, самі актыўна займаюцца не толькі педагагічнай дзейнасцю, але і пошукавай, творчай, ствараюць электронныя рэсурсы па гісторыі і культуры роднага краю.

Так, Кацярына Бандарэнка ў тандэме з Ірынай Апанасюк яшчэ з 2017 года ўдзельнічаюць у рэс­публіканскім конкурсе камп’ютарных распрацовак патрыятычнай накіраванасці “Патрыёт.by”. Дарэчы, педагогі з’яўляюцца ідэйнымі натхняльнікамі многіх праектаў.

— Колькі дзецям ні расказ­вай пра высокія матэрыі, як важна быць патрыётам і лю­біць Радзіму, пакуль яны гэта не адчуюць на сабе, пакуль не захопяцца вывучэннем і распрацоўкай тых ці іншых ініцыятыў, нічога не атрымаецца, — адзначыла Ірына Міхайлаўна. — Праекты, якія рэалізуюцца ў гімназіі, заснаваны на традыцыях, культуры роднай Хойнікшчыны. З іх дапамогай фарміруем у навучэнцаў пачуцці грама­дзянскасці, патрыятызму, нацыянальнай самасвядомасці. Адным з найбольш эфектыўных спосабаў выхавання патрыятычных якасцей і адказных грамадзянскіх паводзін у дзяцей з’яўляецца праектна-даследчая дзей­насць, канчатковым вынікам якой выступае калектыўная праектная работа. Ажыццяўляем гэтую дзейнасць праз далучэнне навучэнцаў да стварэння электронных рэсурсаў па гісторыі і не толькі. Усё гэта фарміруе ў дзяцей пачуццё гордасці за родны край, павагу да сваіх землякоў, якія абаранялі тэрыторыю ў гады вайны і садзейнічалі развіццю ў мірны час.

Узаемадзейнічаючы падчас рэалізацыі праектаў, хлопцы і дзяўчаты аб’яднаны адной ідэяй — захаваннем культурнай і гістарычнай спадчыны. Вялізную работу ў гэтым напрамку таксама праводзяць класныя кіраўнікі, настаўнікі-прадметнікі, педагогі дадатковай адукацыі ў рамках аб’яднанняў па інтарэсах. Але ўсё ж цікава, які іменна праект выклікаў непадробленую цікавасць сярод навучэнцаў?

— Паколькі падрыхтоўка разнастайных праектаў праводзіцца з выкарыстаннем інфармацыйных тэхналогій, то ствараюцца мультымедыйныя прэзентацыі, электронныя кнігі, альбомы, інтэрактыўныя гульні і відэанарысы, — далучаецца да размовы Кацярына Бандарэнка. — Таму, без сумнення, кожны пакінуў свой след.

Дзейнасць гімназіі па патрыятычным выхаванні навучэнцаў мае сістэмную аснову, вядзецца паэтапна і ўключае некалькі напрамкаў: культурна-гістарычны, турыстычна-краязнаўчы, духоўна-маральны, гісторыка- і ваенна-патрыятычны.

Навучэнцы — актыўныя ўдзель­нікі самых розных мерапрыемстваў ваенна-патрыятычнай накіраванасці. Дарэчы, дзеці, якія ўваходзяць у склад пошукавага атрада “Пакаленне”, былі ўдзельнікамі маштабнай рэканструкцыі, прысвечанай вызваленню Гомеля ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Як кажуць самі вучні, глядзець з боку было цікава, а ўдзель­нічаць — яшчэ цікавей. Так яны і пранікаюцца гісторыяй.

— Гімназісты рэгулярна наведваюць музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны ў Мінску. Вывучаючы яго экспазіцыі, яны праяўляюць вялікую ціка­васць да дакументальных матэрыялаў, экспанатаў, якія захаваліся, — падкрэслівае Аляксандра Бяляўская. — Няма такога мемарыяльнага комплексу, у якім не пабывалі нашы навучэнцы. Імкнёмся, каб убачылі, адчулі і запомнілі, бо дзіцячыя ўспаміны пакідаюць вельмі моцны эмацыя­нальны адбітак у душы. Напрык­лад, я дзясяткі разоў была ў мемарыяльным комплексе “Хатынь”, але тое, самае першае ўражанне, якое я зведала, будучы сямігадовым дзіцем, — наймацнейшае. Гэтак жа і цяперашнія дзеці. Многія з іх задаюцца пытаннямі, кім былі іх прадзядулі і прабабулі падчас вайны, дзе яны ваявалі, якія фатаграфіі, лісты ваенных гадоў захаваліся ў сямейным архіве. З пошукаў адказаў на гэтыя пытанні і пачалася вялізная работа над праектам “Я памятаю. Я ганаруся!”. Першым з’явіўся фотаальбом “Памяць” з фота сямейных рэліквій навучэнцаў, кожная з якіх мае сваю гісторыю. Вучням удалося пагаварыць з удзельнікамі баявых дзеянняў, сабраць важныя ўспаміны, факты. Яны зрабілі копіі фатаграфій і дакументаў, зафіксавалі ўспаміны ўдзельнікаў падзей, сістэматызавалі сабраны матэрыял і з дапамогай інфармацыйных тэхналогій аформілі атрыманыя звесткі ў альбом.

У час работы над гэтай ініцыя­тывай узнікалі новыя ідэі. Так з’явіліся мультымедыягалерэя “Спадчыннікі Перамогі”, відэазамалёўка “75 гадоў Перамогі” аб удзеле гімназіі ў святкаванні 75-годдзя Перамогі, відэафільм “Я памятаю. Я ганаруся!”, у якім праўнукі дзякуюць сваім родным за подзвіг, здзейснены ў гады Вялікай Айчыннай вайны.

— Неяк на ўроку гісторыі дзеці задумаліся аб тым, што жывых сведкаў вайны амаль не засталося, і аб тым, як увекавечыць памяць аб падзеях, якія адбываліся на тэрыторыі нашага раёна падчас нямецкай акупацыі, і аб людзях, якія аддалі сваё жыццё дзеля таго, каб сёння мы ўсе былі шчаслівыя, — працягвае педагог. — Так узнікла ідэя стварыць творчы праект “Дарогамі памяці”. Для яго рэалізацыі навучэнцы збіралі і вывучалі архіўныя дакументы, сведчанні відавочцаў, артыкулы ў газетах, літаратурныя крыніцы, статыстычныя даныя. Для таго каб праект быў даступны як мага большай колькасці лю­дзей, было вырашана ства­рыць яго ў выгля­дзе сайта, дзе размешчана інтэрактыўная карта з апісаннем падзей, якія адбываліся ў розных месцах нашага раёна ў час вайны. Сабраны матэрыялы аб помніках горада і раёна, устаноўленых людзям і падзеям Вялікай Айчыннай вайны. Прадстаўлена інфармацыя аб партызанскіх атрадах і Хойніцкім партыйна-камсамольскім падполлі. А яшчэ многія навучэнцы ўдзельнічаюць у захаванні гістарычнай памяці аб вайне і ствараюць уласныя творчыя работы, якія таксама прадстаўлены на сайце ўстановы адукацыі.

Як паказвае практыка, творчая праектная дзейнасць дапамагае лепш засвоіць веды аб гісторыі і культуры краю, садзейнічае выхаванню любові да малой ра­дзімы, захаванню і прымнажэнню нацыянальных, духоўных, культурных каштоўнасцей і гістарычнай спадчыны. А галоўнае — дапамагае захаваць гістарычную праўду пра падзеі, якія адбываліся на тэрыторыі раёна, выхоўвае паважлівыя адносіны да гістарычнага мінулага, пачуццё гордасці за сваю сям’ю, павагу і падзяку сваім прадзедам і землякам за вялікі подзвіг падчас Вялікай Айчыннай вайны.

***

Аўтарскія праекты вучняў

Віртуальны гід “Залатое кальцо Хойнікшчыны”

У Хойніцкім раёне ёсць шмат месцаў і помнікаў, якія маюць культурнае і гістарычнае значэнне. Існуе цэлае “кальцо” збудаванняў і шэраг прыродных аб’ектаў, кожны з якіх унікальны. Так, навучэнцы сумесна з педагогамі склалі экскурсійны маршрут падарожжа па рэгіёне. Здзяйсняючы па ім ваяж, гімназісты выказалі ідэю аб’яднаць убачанае ў адзін віртуальны праект, дзякуючы якому не толькі мясцовыя жыхары, але і турысты з іншых краін змогуць убачыць славутасці рэгіёна.

— Так узнік віртуальны гід “Залатое кальцо Хойнікшчыны”, у якім школьнікі размясцілі звесткі, фота- і відэаматэрыялы, зробленыя імі падчас экскурсій, — падрабязней расказвае Аляксандра Бяляўская. — Праект мае рускую і англійскую версіі, у якасці інфармацыйнай падтрымкі быў выдадзены буклет для замежных турыстаў.

“Вулічная бібліятэка”

Гэты праект прысвечаны гісторыі вуліц горада.

— У працэсе даследавання васьмікласнікі правялі сацыялагічнае апытанне сярод навучэнцаў гімназіі на тэму “Што вы ведаеце пра вуліцы свайго горада?”, прааналізавалі вынікі, а таксама вывучылі матэрыялы мясцовага краязнаўца, настаўніка гісторыі, архіўныя крыніцы краязнаўчага музея, — працягвае педагог. — У час экскурсій дзеці знаёміліся з гісторыяй вуліц і біяграфіямі людзей, у гонар якіх яны названы. Затым класіфікавалі інфармацыю, і ў выніку з’явіўся праект электроннай бібліятэкі, у якой прадстаўлена графічнае меню з назвамі асноўных вуліц Хойнікаў. Кожная “кніга” — графічны аб’ект з гіперспасылкай на старонку, на якой
размешчана інфармацыя аб назвах вуліц. Дарэчы, атрыманыя ў ходзе рэалізацыі праекта веды хлопчыкі і дзяўчынкі выкарыстоўваюць для правядзення экскурсій для сваіх родных і сяброў.

Гульня-віктарына “Каштоўная спадчына”

Матэрыял для наступнай распрацоўкі падказала само жыццё, а дакладней, свята Масленіца. Аднойчы стаўшы ўдзельнікамі штогадовага тэатралізаванага паказу, прысвечанага святу, навучэнцы сур’ёзна зацікавіліся гісторыяй яго ўзнікнення. Падарожнічаючы па вёсках раёна, размаўляючы з карэннымі жыхарамі, гімназісты даведаліся, што ў рэгіёне існуюць унікальныя абрады, традыцыі, азнаёміліся з мясцовымі легендамі і паданнямі. А сабраны матэрыял стаў асновай творчай інтэрактыўнай гульні-віктарыны “Каштоўная спадчына”. Цяпер кожны можа праверыць свае веды па гісторыі рэгіёна, мясцовых традыцыях.

Як адзначаюць самі педагогі, работа над усімі праектамі пачыналася са стараннай падрыхтоўкі: складанне пытанняў для размовы з мясцовымі старажыламі, вывучэнне літаратуры, матэрыялаў фонду раённага музея. Дзеці вучыліся карыстацца дадатковымі крыніцамі інфармацыі: газетамі і часопісамі, слоўнікамі і даведнікамі, інтэрнэтам, абмяркоўвалі пытанні, якія іх цікавяць, з бацькамі. Падыходзілі да вывучэння гісторыі і культуры роднага краю як даследчыкі, адчувалі адказнасць за вынікі сваёй працы.

Алена КАСЬЯН-ПАЎЛЯНКОВА
Фота аўтара і з архіва гімназіі