Праекты стваральныя, перспектыўныя

- 11:16Адукацыйная прастора

З 31 праекта, прадстаўленага на выставе-прэзентацыі, якая падводзіла вынікі абласнога этапу Рэспубліканскага конкурсу “100 ідэй для Беларусі”, 12 прадставілі навучэнцы школ і гімназій Гродзенскай вобласці. Восем распрацовак прэзентавалі студэнты трох гродзенскіх універсітэтаў, шэсць — навучэнцы прафесійна-тэхнічнай адукацыі. Прадстаўлялі свае праекты таксама маладыя работнікі прадпрыемстваў і арганізацый Гродзенскай вобласці.

— Усяго ў адборачных занальных турах было прадстаўлена больш за 80 праектаў, — расказвае другі сакратар Гродзенскага абласнога камітэта БРСМ Дзяніс Чарняк. — З кожным годам колькасць удзельнікаў конкурсу “100 ідэй для Беларусі” павялічваецца. І кожны год прадстаўнікі нашай вобласці займаюць прызавыя месцы ў рэспубліканскім фінале. Але галоўнае, што многія праекты рэалізоўваюцца, знаходзяць прымяненне на практыцы.

Асістэнт кафедры дзіцячай хірургіі Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта Аляксандр Глуткін распрацаваў атраўматычнае пакрыццё з іонамі серабра для лячэння ран рознай этыялогіі, якое дасць магчымасць значна паскорыць працэс гаення ран і дапаможа людзям з высокай адчувальнасцю да фармакалагічных прэпаратаў. Энергаэфектыўныя крапяжы, у якіх значна павысіліся эксплуатацыйныя характарыстыкі і паменшылася цеплааддача ў параўнанні з аналагічнымі вырабамі з металу, прэзентавалі прадстаўнікі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Максім Пуроўскі, Аляксандр Варанцоў і Аляксандр Антонаў. Пробная партыя крапяжу была выпушчана на адным з гродзенскіх прадпрыемстваў. Аспірант Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта Станіслаў Лапееў прадставіў мадэрнізаваны вулей для інтэнсіўнага ўтрымання пчаліных сем’яў.

Інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі выклікаюць вялікую цікавасць у моладзі. На выставе было прадэманстравана іх прымяненне ў розных сферах жыцця. Так, навучэнец Гродзенскага дзяржаўнага каледжа тэхнікі, тэхналогій і дызайну Пётр Івановіч распрацаваў спецыяльнае праграмнае забеспячэнне для людзей з абмежаванымі магчымасцямі, а загадчык Гродзенскага раённага вучэбна-метадычнага кабінета Таццяна Сянкевіч прапанавала прымяняць ІТ-тэхналогіі для стварэння дапоўненай рэальнасці ў бібліятэках ці кніжных магазінах: наводзіш экран смартфона на вокладку кнігі і бачыш відэасюжэт аб ёй.

Распрацоўка камп’ютарнай гульні “Энцыклапедыя маленькага беларуса” вучня 10 класа сярэдняй школы № 3 Дзятлава Ільі Панько, якую ён стварыў пры дапамозе настаўніка інфарматыкі Мікіты Чубрыка, ужо спадабалася вучням 6 класа.

— У Беларусі вельмі многа цікавых і прыгожых месцаў, многа знакамітых людзей. Пра іх павінен ведаць кожны беларус, — разважае Ілья. — Гэтая камп’ютарная гульня можа дапамагчы дзецям у вывучэнні гісторыі, а настаўніку — у арганізацыі навучання. Замест таго, каб правяраць дамашняе заданне, праводзіць тэсціраванне альбо залік асабіста, гэта педагог можа зрабіць з дапамогай нашай гульні. Мы паспрабавалі яе з вучнямі 6 класа нашай школы — ім спадабалася.

У гэтым годзе да 20 павялічылася колькасць кірункаў прапанаваных праектаў. Яны тычыліся прамысловасці, сельскагаспадарчай вытворчасці, медыцыны, энергазберагальных тэхналогій, біяіндустрыі, інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій, турызму, сацыяльнай сферы. Так, навучэнцы Гродзенскага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя будаўнікоў № 1 у намінацыі “Сацыяльна-гуманітарны кірунак” прадставілі праект “Ад чыстага сэрца” — зрабілі драўляныя эказабаўкі-галаваломкі для хворых дзетак, якія з’яўляюцца пацыентамі Гродзенскага дзіцячага хоспіса. У намінацыі “Сацыяльная сфера” навучэнцы Вольга Халодная, Ігар Сіцко і Максім Мардзечка прапанавалі арганізацыю велапарковачных стаянак, якія вылучаюцца своеасаблівым афармленнем.

Фарміраванню іміджу Гродна як горада, добразычлівага да турыстаў з дзецьмі і турыстаў-школьнікаў, прысвечаны праект вучняў гродзенскай сярэдняй школы № 11 імя генерала арміі А.Антонава “Горад Гродна для маленькіх турыстаў”. Яны распрацавалі чатыры маршруты: “ЭкаГродна”, “Зімовая казка”, “Гродна для дапытлівых”, “Прагулка па Гродне”. Інфармацыя аб гэтых маршрутах размешчана на рэсурсе, які расказвае аб культурна-пазнавальным адпачынку з дзецьмі ў горадзе.

Ацэньвала праекты экспертная рада, у склад якой уваходзілі прадстаўнікі органаў дзяржаўнага кіравання, прадпрыемстваў, бізнесу, філіяла Парка высокіх тэхналогій у Гродне, Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі. Лепшымі прызнаны 8 праектаў: “Горад Гродна для маленькіх турыстаў” (сярэдняя школа № 11 Гродна), “Ад чыстага сэрца” (Гродзенскі дзяржаўны прафесійны ліцэй будаўнікоў № 1), “Спецыяльныя магчымасці праграмнага забеспячэння для людзей з абмежаванымі магчымасцямі” (Гродзенскі дзяржаўны каледж тэхнікі, тэхналогій і дызайну), “Бульбасаджалка для мотаблока” (Шчучынскі дзяржаўны сельскагаспадарчы прафесійны ліцэй), “Энергаэфектыўныя крапяжы” (ГрДУ імя Янкі Купалы), “Павышэнне эфектыўнасці машыннага даення” (Гродзенскі дзяржаўны аграрны ўніверсітэт), “Сучаснае атраўматычнае пакрыццё з іонамі серабра для лячэння ран” (Гродзенскі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт), “Вучэбны інтэрактыўны стэнд “ОМИС” (Навагрудскі раённы цэнтр творчасці дзяцей і моладзі).

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота аўтара.