Прафарыентацыя ў шосты школьны дзень

Ва ўстановах адукацыі Чэрыкаўскага раёна асаблівую ўвагу ўдзяляюць арганізацыі шостага школьнага дня. У кожнай навучальнай установе існуе свой графік суботніх мерапрыемстваў, накіраваных на задавальненне разнастайных інтарэсаў, развіццё інтэлектуальнага патэнцыялу, спартыўных і творчых здольнасцей навучэнцаў.

Па словах метадыста РВМК Наталлі Крывошынай, акрамя ўнутрыўстановачных графікаў, існуе і агульная раённая праграма правядзення шостага школьнага дня. Яна ўключае ў сябе шэраг масавых мерапрыемстваў, якія аб’ядноўваюць усіх чэрыкаўскіх школьнікаў. Прычым упор робіцца не толькі на папулярызацыю культуры, спорту, але і на прафарыентацыю навучэнцаў. Вось і днямі для мясцовых старшакласнікаў была арганізавана пазнавальная экскурсія ў 465-ю ракетную брыгаду, размешчаную ў Асіповіцкім раёне.Падчас наведвання ваеннай часці дзеці пазнаёміліся з яе гісторыяй, убачылі казарму і вучэбныя класы, прысутнічалі на ўроку для вайскоўцаў, агледзелі розныя віды формы салдат і дэталёва вывучылі ваенную тэхніку. Захапляльным для школьнікаў стала відовішча па паказе тэхнікі ў рабоце: падрыхтоўка ракеты да запуску, ахова ваеннага аб’екта, бой з праціўнікам пад прыкрыццём дымавых шашак. Завяршылася экскурсія для навучэнцаў абедам у салдацкай сталовай.
— Падобныя выезды — гэта не толькі цікава праведзены суботні дзень. Такая форма работы, несумненна, у многім уплывае на эфектыўнасць прафарыентацыі школьнікаў. Некаторыя хлопцы пасля наведвання ракетнай брыгады сур’ёзна задумаліся аб прафесіі ваеннага, таму практыка такіх выязных экскурсій на прадпрыемствы і арганізацыі працягнецца, — адзначыла Наталля Крывошына.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота прадастаўлена Чэрыкаўскім аддзелам адукацыі, спорту і турызму.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *