Прафесійнае майстэрства не мае меж

- 11:40World Skills

Менш за 2 месяцы застаецца да адкрыцця IV Рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства WorldSkills Belarus — 2020.

Адборачныя спаборніцтвы вызначылі тых, хто выйдзе на пляцоўку чэмпіянату ў футбольным манежы, і сёння ідзе напружаная падрыхтоўка да ўдзелу ў конкурсе. Задзейнічаны ў гэтым усе: кіраўнікі навучальных устаноў, прадпрыемстваў і арганізацый, педагогі, эксперты, маладыя спецыялісты, навучэнская моладзь. Сёння ў нас выступаюць тыя ўдзельнікі, хто будзе прадстаўляць новыя кампетэнцыі і напрамкі WorldSkills Belarus — 2020.

Зрабіць акуліроўку? Лёгка

Калі зазірнуць у гісторыю развіцця руху WorldSkills у Беларусі, то ў І Рэспубліканскім конкурсе прафесійнага майстэрства былі задзейнічаны толькі некалькі галін эканомікі, адзінкі прадпрыемстваў і арганізацый. У асноўным увесь цяжар арганізацыі руху і правядзення спаборніцтваў WorldSkills прыняло на сябе Міністэрства адукацыі, як па сутнасці прымае і сёння. Але з кожным годам колькасць сацыяльных партнёраў расце, і сёння іх больш за 100. Прадстаўнікі галін эканомікі і сацыяльнай сферы, непасрэдна прадпрыемстваў і арганізацый, увахо­дзяць у склад Рэспубліканскага арганізацыйнага камітэта WorldSklls International. У мінулым годзе падключылася да гэтага руху Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання, якое ініцыіравала адкрыццё новай прафесійнай кампетэнцыі — “Аграномія”.

— Мы заўсёды імкнуліся паказаць сваё прафесійнае майстэрства ў сельскагаспадарчай сферы на ўзроўні WorldSkills, і ўжо другі раз нашы навучэнцы будуць выступаць на арэне нацыянальнага чэмпіянату, — расказала дырэктар вучэбна-метадычнага цэнтра Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Т.К.Сень, адна з распрацоўшчыкаў тэставага праекта — “Аграномія”, — нацыянальны эксперт у гэтай кампетэнцыі.

Штогод ва ўстановах сельскагаспадарчай вытворчасці, а гэта ўстановы сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай адукацыі, праходзяць спаборніцтвы аграмайстэрства, дзе прадстаўлены ўсе намінацыі аграрнага профілю: аграномія, заатэхнія, меліярацыя воднай гаспадаркі, тэхнічнае забеспячэнне і кіраванне ў аграпрамысловым комплексе, ветэрынарная медыцына, рамонтна -абслуговая вытворчасць, энергетычнае забеспячэнне. Адна з такіх намінацый “Аграномія” была прадстаўлена на папярэднім рэспубліканскім конкурсе прафесійнага майстэрства. Пасля выступлення нашых канкурсантаў заданні на сёлетні чэмпіянат мы перапрацавалі з улікам заўваг і прапаноў.

Па ўсіх рэгіёнах прайшлі адборачныя туры, дзе былі выбраны ўдзельнікі чэмпіянату. У каманду ўвойдуць 8 канкурсантаў з ССНУ і 2 з УВА (Беларуская дзяржаўная сельскагаспадарчая акадэмія і Гродзенскі дзяржаўны аграрны ўніверсітэт). Трэба адзначыць, што ўсе вобласці краіны вельмі адказна паставіліся да адборачных тураў, навучальныя ўстановы добра падрыхтаваліся, былі задзейнічаны неабходнае абсталяванне, тэхніка. У асноўным ва ўсіх рэгіёнах адборы ўяўлялі сабой міні-чэмпіянаты і па арганізацыі былі максімальна прыбліжаны да рэспубліканскага конкурсу. Установы ў многім самі праяўляюць ініцыятыву, фарміруюць тулбоксы, абнаўляюць вучэбнае абсталяванне, матэрыялы і такім чынам ствараюць усе ўмовы для сваіх навучэнцаў у падрыхтоўцы да чэмпіянатаў WorldSkills. Па выніках абласных спаборніцтваў была праведзена нарада з удзелам экспертаў, якія будуць рыхта­ваць удзельнікаў Рэспубліканскага чэмпіянату па кампетэнцыі “Аграномія”. Вучэбна-метадычны цэнтр Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання распрацаваў змест конкурсных заданняў, крытэрыі ацэнкі выступлення ўдзельнікаў конкурсу.

Як паведаміла Тамара Канстанцінаўна, канкурсантам трэба будзе прымяняць розныя віды вымяральнага абсталявання і інструментаў, вызна­чаць віды ўгнаенняў, ведаць тэрміны і спосабы іх унясення; вызначаць пасяўныя якасці насення і разлічваць нормы высеву вясновых сельскагаспадарчых культур; распрацаваць сістэму абароны раслін ад пустазелля; вызначаць яго віды, шкоднасць, прымяняць тэхналогіі атрымання пасадачнага матэрыялу пладовых культур.

У ходзе выканання заданняў канкурсанты павінны прадэманстраваць веды аб тым, якія ёсць віды глебы і іх уласцівасці, якія існуюць тэрміны і спосабы ўнясення ўгнаенняў пры севазвароце. Ставіцца задача перад удзельнікамі  конкурсу знайсці спосабы засцярогі культурных раслін ад пустазелля, як размножыць пладовыя культуры, у прыватнасці, будзе прыменена акуліроўка (прышчэпка вочкам) пладовых і дэкаратыўных раслін адзіночнай пупышкай. Кожны канкурсант будзе мець спецыяльныя каробкі з наборам узораў глебы, угнаенняў, насення, і кожнаму з іх трэба будзе даць пэўныя характарыстыкі і вызначыць спосабы найбольш мэтазгоднага прымянення. Такім чынам, конкурснае заданне па кампетэнцыі “Аграномія” складаецца з шасці самастойных модуляў: вызначэння грануламетрычнага складу глебы, відаў пустазелля збожжавых культур па насенні, адбору сярэдніх проб насення збожжавых культур для аналізу на пасяўныя якасці і разліку вагавой нормы высеву, вызначэння мінеральных угнаенняў па знешніх прыкметах, прышчэпка пладовых раслін. Для выканання кожнага модуля прадугледжана пэўнае абсталяванне.

BIM-віртуальны прататып

Апераджальная падрыхтоўка кадраў для высокатэхналагічнай вытворчасці і лічбавай эканомікі — на гэта скіраваны рух Future Skills. Нацыянальная каманда Беларусі набыла першы вопыт такіх спаборніцтваў у міжнародным чэмпіянаце ў Казані ў 2019 годзе. Нашы  ўдзельнікі заваявалі прызавыя месцы. У прафесійнай кампетэнцыі “Тэхналогіі інфармацыйнага мадэлявання будынкаў (BIM)” “серабро” заваявалі маладыя спецыялісты прадпрыемстваў ААТ “Гипроживмаш” Марына Жукава і “Гомельдорпроект” Вольга Петравец. А студэнт філіяла БНТУ “Мінскі дзяржаўны політэхнічны каледж” Дзмітрый Дорах, які спаборнічаў у кампетэнцыі “Тэхналогіі прамысловага дызайну”, атрымаў бронзавы медаль. Прадстаўленне кампетэнцый Future Skills мае мэтанакіраваны характар, бо яны могуць быць у лінейцы кампетэнцый міжнародных спаборніцтваў.

У рамках  Future Skills на Рэспубліканскім конкурсе прафесійнага майстэрства гэтага года будзе прадстаўлена кампетэнцыя “Тэхналогіі інфармацыйнага мадэлявання будынкаў (BIM)”. Удзельнічаць у гэтай кампетэнцыі будуць каманды, якія сфарміраваны на базе прадпрыемстваў. Трэба адзначыць, што з іх боку была праяўлена ініцыятыва паўдзельнічаць у такіх спаборніцтвах. Другая кампетэнцыя Future Skills — “Тэхналогіі прамысловага дызайну” — будзе прадстаўлена на рэспубліканскай арэне ў якасці дэманстрацыйнай. Дар’я Леанідаўна Старавойтава, архітэктар ПКП “Гомельдорпроект”, галоўны эксперт кампетэнцыі, паведаміла, што кампетэнцыя “Тэхналогіі інфармацыйнага мадэлявання будынкаў (BIM)” актуальная для ўсіх архітэктурна-будаўнічых кампаній, якія выконваюць праектныя работы. Гэтая кампетэнцыя мае эвалюцыйны характар для архітэктара і інжынера-праекціроўшчыка будаўнічай галіны для павышэння эфектыўнасці і прадукцыйнасці будаўніцтва, зніжэння сабекошту аб’екта, забеспячэння высокай якасці збудавання на ўсіх яго стадыях.

— Гэтая кампетэнцыя скіравана на падрыхтоўку студэнтаў і работнікаў архітэктурных бюро, здольных распраца­ваць інфармацыйную мадэль будынка, сфарміраваць на аснове гэтай мадэлі звязаныя чарцяжы і забяспечыць пісьменны абмен данымі паміж удзельнікамі інвестыцыйна-будаўнічай дзейнасці, — адзначыла Дар’я Леанідаўна.

 Распрацоўка праекта ўключае ў сябе наступныя модулі: планаванне і кіраванне праектам; інфармацыйнае мадэляванне будынка; каардынацыя інфармацыйных мадэлей; прэзентацыя вынікаў. Кампетэнцыя будзе прадстаўлена камандамі і накіравана на набыццё soft-навыкаў.

— Тэхнічныя спецыялісты, кампетэнтныя ў кіраванні праектамі, BIM-мадэляванні, распрацоўцы праектна-каштарыснай дакументацыі аб’ядноўваюцца, каб стварыць эфектыўную і тэхналагічную каманду, якая працуе па BIM-працэсах — ад праектавання BIM-мадэлі будынка да ўводу ў эксплуатацыю, — падкрэсліла эксперт.

Мяркуецца, што ўдзельнікі спаборніцтва ў гэтай кампетэнцыі будуць выконваць заданні па сваім асноўным і сумежным профілях. Канкурсантам неабходна будзе выканаць інфармацыйную мадэль прыдарожнага атэля ў адным з рэгіёнаў Беларусі. Конкурснае заданне будзе выконвацца памодульна. Ацэньванне будзе праходзіць ад модуля да модуля. Акрамя таго, будзе ацэньвацца і працэс выканання конкурснай работы. Калі ўдзельнік конкурсу не выконвае патрабаванні тэхнікі бяспекі, падвяргае небяспецы сябе або іншых канкурсантаў, ён можа быць адхілены ад спаборніцтва.

На сёлетні конкурс падалі заяўкі 6 каманд, у ліку іх — Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт транспарту, Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы, Архітэктурна-будаўнічы каледж, філіял Беларуска-Ра­сійскага ўніверсітэта, будаўнічы факультэт БНТУ; таксама ААТ “Інстытут Белдзяржпраект” і ААТ “Хвалана”. Нядаўна на базе ААТ “Інстытут Белдзяржпраект” прайшоў семінар “Укараненне тэхналогій BIM у адукацыйны працэс устаноў прафесійнай адукацыі”, на якім абмеркавалі развіццё BIM-тэхналогій у нашай краіне і важнасць такога руху, як WorldSkills.

JuniorSkills істотна падрос

У рамках падрыхтоўкі да IV Рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства WorldSkills Belarus — 2020 у Рэспубліканскім  цэнтры інавацыйнай і тэхнічнай творчасці прайшоў рэспубліканскі семінар “Асаблівасці арганізацыі і правядзення Рэспубліканскага конкурсу па асновах прафесійнай падрыхтоўкі сярод навучэнцаў JuniorSkills Belarus” у гэтым годзе. Мэтай мерапрыемства стала інфармаванне ­ўдзельнікаў семінара аб развіцці руху JunionSkills у нашай краіне, аб яго здабытках і вопыце, аб парадку правядзення сёлетняга рэспубліканскага конкурсу. У семінары прынялі ўдзел каля 100 работнікаў і спецыялістаў галоўных упраўленняў адукацыі аблвыканкамаў, камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама, устаноў дадатковай адукацыі дзяцей і мола­дзі, якія курыруюць гэты кірунак, эксперты прафесійных кампетэнцый. Удзельнікі семінара абмеркавалі вынікі ўдзелу нацыянальнай каманды Беларусі ў 45-м Міжнародным чэмпіянаце па прафесійным майстэрстве ў Казані па кампетэнцыях JuniorSkills, пазнаёміліся з умовамі правядзення сёлетняга рэспубліканскага конкурсу, асаблівасцямі і зместам конкурсных заданняў на ўсіх этапах правядзення спаборніцтва і крытэрыямі іх ацэньвання.

У праграму семінара ўвайшла работа ў секцыях па конкурсных кампетэнцыях. ­Удзельнікі адзначылі, што ў краіне зроблены істотны крок на шляху абнаўлення інфраструктуры сеткі ўстаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. Штогод павялічваецца колькасць устаноў па рэалізацыі адукацыйных праграм па інавацыйных кірунках тэхнічнай творчасці, такіх як робататэхніка, прататыпаванне, інжынерны дызайн, WEB-тэхналогіі і інш.

— Сёлетні чэмпіянат стане трэцім для юных удзельнікаў спаборніцтва JuniorSkills Belarus, — паведаміла А.С.Герасімук, намеснік ды­рэктара Рэспубліканскага цэнтра інавацыйнай і тэхнічнай творчасці. — Гэты рух быў створаны ў мэтах удасканалення сістэмы прафесійнай арыен­тацыі сярод дзяцей і падлеткаў, стварэння магчымасцей для набыцця ведаў, уменняў і практычнага вопыту па асновах прафесійнай падрыхтоўкі навучэнцамі ўстаноў адукацыі.

У рамках руху JuniorSkills з моманту яго ўзнікнення прайшоў шэраг рэспубліканскіх конкурсных мерапрыемстваў, семінараў, майстар-класаў, нацыянальных і міжнародных спаборніцтваў. Ва ўсіх удзельнікаў засталіся ў памяці выступленні на 44-м і 45-м міжнародных чэмпіянатах. На апошнім нашы канкурсанты вельмі ўдала выступілі, і ён стаў вельмі ўраджайным на ўзнагароды. III рэспубліканскі конкурс па асновах прафесійнай падрыхтоўкі сярод навучэнцаў JuniorSkills Belarus праходзіў у тры адборачныя этапы, а 4-ы на арэне Рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства стане завяршальным.

У спаборніцтвах JuniorSkills удзельнікі будуць прадстаўлены ў некалькіх узроставых катэгорыях: 10—13 і 14—17 гадоў. Колькасць кампетэнцый у гэтым напрамку ўзрасла амаль удвая і налічвае 9 кампетэнцый.

Такім чынам, канкурсанты выступяць у наступных кампетэнцыях: “Мабільная робататэхніка” (10—13 і 14—17 гадоў); “Графічны дызайн” (10—13 і 14—17 гадоў); “Прататыпаванне” (10—13 і 14—17 гадоў); “Сеткавае і сістэмнае адміністраванне” (14—17 гадоў); “Інжынерны дызайн CAD” (14—17 гадоў); “Тэхналогіі беспілотных лятальных апаратаў” (10—13 і 14—17 гадоў); “Электроніка” (10—13 гадоў); “Вэб-тэхналогіі” (14—17 гадоў); “Дызайн і мадэляванне адзення” (14—17 гадоў).

Ала КЛЮЙКО.