Метадычная работа ў брэсцкай сярэдняй школе № 20 імя Героя Савецкага Саюза Д.М.Карбышава ўяўляе сабой цэласную сістэму ўзаемазвязаных мер, накіраваных на забеспячэнне прафесійнага росту педагогаў, развіццё іх творчага патэнцыялу. Ва ўстанове працуе калектыў аднадумцаў, гатовы да любой каманднай работы.
Штогод педагогі выбіраюць актуальную метадычную тэму, якую паспяхова распрацоўваюць. Так, у 2018 годзе калектыў разам з калегамі з гімназіі № 3 і сярэдніх школ №№ 5 і 18 займаўся ўкараненнем мадэлі суправаджэння інтэлектуальна адоранай моладзі ў працэсе яе прафесійнага станаўлення. На працягу 2011—2014 гадоў ва ўстанове рэалізоўваўся інавацыйны праект “Укараненне мадэлі фарміравання камунікатыўнай культуры вучняў у кантэксце беларускага менталітэту”. Работа ў інавацыйным рэжыме стымулюе да няспыннага развіцця.
На метадычны рост педагогаў накіравана дзейнасць вучэбна-метадычных аб’яднанняў, творчых і праблемных груп, педмайстэрні. Важную ролю адыгрываюць узаеманаведванні ўрокаў, сумесныя мерапрыемствы, метадычныя і прадметныя тыдні. Дадатковыя магчымасці адкрываюць школа маладога настаўніка і клуб асобаснага і прафесійнага росту педагогаў.
У рамках школы маладога настаўніка праводзяцца індывідуальныя кансультацыі адміністрацыі і куратараў, семінары, метадычныя форумы, педагагічныя дэбаты, узаеманаведванні ўрокаў і інш. Асабліва выніковыя практычныя заняткі “Планаванне этапаў урока” і семінар-практыкум “Групавыя формы работы на ўроку”. Даволі цікавай формай работы з’яўляюцца метадычныя спаборніцтвы, у тым ліку метадычная алімпіяда, накіраваная на падтрымку прафесійных патрэб педагогаў у самаўдасканаленні і самарэалізацыі, актывізацыю алімпіяднага руху ў педагагічным асяроддзі. Алімпіяда, якая праходзіць штогод, добра пашырае прафесійна-педагагічную эрудыцыю.
Кожныя 2 гады ладзіцца метадычны конкурс “Малады настаўнік школы”. Яго мэта — развіццё творчых здольнасцей педагогаў, выяўленне і прапаганда лепшага вопыту работы, замацаванне маладых спецыялістаў у школе. Спаборніцтва складаецца з адкрытага ўрока і фіналу (візітоўкі, педсітуацыі і абароны творчай прэзентацыі “Я і школа”). Гэта каштоўны вопыт, які дазваляе далей удзельнічаць у раённым этапе рэспубліканскага конкурсу “Настаўнік года”.
13 гадоў працуе ў школе клуб асобаснага і прафесійнага росту педагогаў. Яго мэта — развіццё прафесійнай супольнасці, зацікаўленай у фарміраванні ў настаўнікаў патрэбы ў бесперапыннай самаадукацыі.
У рамках клуба праводзіцца метадычны форум, падчас якога педагогі асвойваюць сучасныя методыкі і тэхналогіі навучання. Гэта выдатная пляцоўка для выступленняў, выказванняў, дыскусій, прэзентацыі дасягненняў.
Клубаўцы практыкуюць розныя формы сустрэч. Сярод іх — “Сусветнае кафэ”, дзе настаўнікі за 4 сталамі ў нязмушанай атмасферы абмяркоўваюць актуальныя пытанні адукацыйнага працэсу і прафесійнага станаўлення. У выніку гэтага з’яўляюцца цікавыя ідэі, якія затым увасабляюцца ў сумеснай дзейнасці (“Структура ўрока”, “Узаемадзеянне педагога з бацькамі”).
Задача метадычнай службы школы — дапамагчы знайсці настаўнікам падыходы да вырашэння любых педагагічных сітуацый і праблем, прыйсці да поспеху, бо толькі паспяховы педагог прывядзе да поспеху вучняў.
Педагагічныя дэбаты — гэта дакладна структураваны і спецыяльна арганізаваны публічны абмен думкамі па актуальных тэмах. Каштоўнасць дэбатаў у тым, што іх удзельнікі павінны пераканаць у сваёй праўдзе не адно аднаго, а трэці бок. Для абмеркавання выбіраюцца такія тэмы, як “Паўнацэннае суправаджэнне даследчай дзейнасці школьным педагогам: ці магчыма гэта?”, “Электронныя сродкі навучання: каштоўнасць ці шкода?”, “Бізун ці пернік у рабоце настаўніка?”, “Традыцыі і навацыі: як усё сумясціць?”, “Урок з максімальнай карысцю: матывацыйны і рэфлексіўны этапы ўрока ў нашай практыцы”.
У рамках клуба праходзіць метадычны конкурс “Лепшы аратар школы”, які развівае ў педагогаў акцёрскія здольнасці і красамоўства.
Конкурс “Мультымедыйны ўрок у адукацыйнай практыцы педагога” накіраваны на падтрымку інавацыйнай дзейнасці настаўнікаў у выкарыстанні ІКТ і папаўненне банка якасных распрацовак медыя- і мультымедыяўрокаў. На рахунку педагогаў — шматлікія ўзнагароды, атрыманыя па выніках раённых і абласных конкурсаў навукова-метадычнай літаратуры і педагагічнага вопыту.
У школе праводзіцца метадычны марафон для класных кіраўнікоў. Гэта выдатная пляцоўка, якая дазваляе выявіць аптымальныя метады работы з класнымі калектывамі.
Некалькі гадоў назад у школьнай бібліятэцы адкрылася метадычная гасцёўня, якая знаёміць педагогаў з навінкамі метадычнай і мастацкай літаратуры. На пасяджэннях настаўнікі прэзентуюць любімыя кнігі.
У рамках сеткавага ўзаемадзеяння наладжана супрацоўніцтва з гарадскім адукацыйным і псіхалагічным цэнтрам “Інсайт”, супрацоўнікі якога ладзяць семінары-практыкумы для вырашэння розных педагагічных задач, праблем узаемаадносін паміж педагогамі, дзецьмі і бацькамі. Педагагічныя задачы бяруцца з адукацыйнай практыкі. Спецыялісты цэнтра дапамагаюць настаўнікам знайсці эфектыўныя формы і прыёмы арганізацыі адукацыйнага працэсу (“Цвёрдасць без агрэсіі: сістэма патрабаванняў настаўніка”, “Тайм-менеджмент”, “Самаразвіццё педагога”).
Наладжаны метадычныя масты з Расіяй, Германіяй і Англіяй. Іх мэта — абмен перадавым педвопытам, распаўсюджанне інавацыйных тэхналогій навучання і выхавання. За 12 гадоў узаемавыгаднага супрацоўніцтва з Вальдорфскай школай Равенсбурга (Германія) у ФРГ пабывалі 20 педагогаў, былі арганізаваны 22 метадычныя масты па розных тэмах (“Рух на ўроку”, “Прадукт-арыентаванае навучанне”, “Камунікацыйная накіраванасць урокаў замежнай мовы”).
Назапашаны шматгадовы вопыт супрацоўніцтва з установамі адукацыі Масквы, дзе пабывалі ўжо больш за 15 педагогаў. Ладзяцца рэгулярныя стажыроўкі ў Англіі. Удзельнікі абласных, рэспубліканскіх і міжнародных метадычных мастоў дзеляцца з калегамі атрыманымі ведамі для далейшага ўкаранення ў адукацыйную практыку.
Усе педагогі актыўна займаюцца самаадукацыяй, папаўняючы ўласныя метадычныя скарбонкі цікавымі напрацоўкамі. Вопыт педкалектыву шырока прадстаўлены на старонках “Настаўніцкай газеты”, часопісаў “Народная асвета” і “Адукацыя і выхаванне”.
А.Эйнштэйн гаварыў, што нельга вырашыць узніклую праблему, калі захаваць тое ж мысленне і той жа падыход, які прывёў да гэтай праблемы. Задача метадычнай службы школы — дапамагчы знайсці настаўнікам падыходы да вырашэння любых педагагічных сітуацый і праблем, прыйсці да поспеху, бо толькі паспяховы педагог прывядзе да поспеху вучняў.
Таццяна ПАЛЮХОВІЧ,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце
сярэдняй школы № 20 імя Героя Савецкага Саюза Д.М.Карбышава Брэста.