Прафесійнасць павышаецца, перспектывы пашыраюцца

- 14:35Віцебшчына

У пачатку лістапада на базе Аршанскага механіка-­эканамічнага каледжа ўрачыста адкрылі рэсурсны цэнтр машынабудаўнічага профілю. І калі падчас мінулага прэс­туру па ўстановах адукацыі Віцебшчыны мае калегі азнаёміліся толькі з будучымі напрамкамі дзейнасці рэсурснага цэнтра, то цяпер мы змаглі ацаніць усю веліч і перспектыву сучаснага абсталявання.

Дырэктар Аршанскага дзяржаўнага механіка­эканамічнага каледжа Наталля Дзерваед разам з кіраўніком цэнтра Аляксеем Карманавым пазнаёміла нас з агульнай сістэмай падрыхтоўкі кадраў ва ўстанове адукацыі і структурай рэсурснага цэнтра.

Комплекс рэсурснага цэнтра аснашчаны сучасным вучэбным абсталяваннем, уключае механічныя майстэрні фрэзернай і такарнай апрацоўкі матэрыялаў на малагабарытных і прамысловых станках з праграмным кіраваннем, а таксама корпус, дзе размешчаны чатыры лабараторыі:

  • ­ электратэхнікі і асноў электронікі;
  • ­ гідрапрывода і гідрапнеўмааўтаматыкі;
  • ­ матэрыялазнаўства, тэхналогій і выпрабаванняў матэрыялаў;
  • ­ тэхналогій машынабудавання.
Кіраўнік рэсурснага цэнтра Аляксей Карманаў.

 Сучаснае абсталяванне выкарыстоўваецца ў адукацыйным працэсе для правядзення лабараторна­практычных заняткаў, вучэбных і вытворчых практык з навучэнцамі дзённай і завочнай формы атрымання адукацыі. Тут будуць праходзіць навучанне навучэнцы і студэнты іншых устаноў прафесійнай адукацыі краіны, якія ажыццяўляюць падрыхтоўку кадраў для машынабудавання. Мы наведалі новыя лабараторыі, пазнаёміліся з работай майстэрні фрэзернай і такарнай апрацоўкі матэрыялаў, віртуальнай механічнай майстэрняй малагабарытных станкоў з праграмным кіраваннем.

База рэсурснага цэнтра ўжо выкарыстоўваецца для шырокай прафарыентацыйнай работы, дапрафесійнай і прафесійнай падрыхтоўкі навучэнцаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі. Разам з тым тут чакаюць навучэнцаў з каледжаў вобласці, а таксама студэнтаў профільных спецыяльнасцей, каб адпрацаваць і набыць на новым абсталяванні ўсе неабходныя ўменні і навыкі. Створаная база рэсурснага цэнт­ра дае ўпэўненасць, што ён стане вялікай пляцоўкай для пад­рыхтоўкі маладых прафесіяналаў і ўдзельнікаў міжнародных конкурсаў WorldSkills, дасць новы штуршок да развіцця эканамічнага патэнцыялу рэгіёна.

Дарэчы, выпускнік каледжа стаў фіналістам Сусветнага чэмпіянату WorldSkills Kazan — 2019. У кампетэнцыі “Кузаўны рамонт” каманду Рэспублікі Беларусь прадстаўляў Яўген Папкоў, пераможца Рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства WorldSkills — 2018 у гэтай кампетэнцыі. Яўген вучыўся па спецыяльнасці “Тэхнічная эксплуатацыя аўтамабіляў”.

У каледжы выкарыстоўваецца абсталяванне, якога яшчэ няма ў масавай вытворчасці. Пакуль педагогі і навучэнцы актыўна асвойваюць новае абсталяванне, але робяць гэта паэтапна. За кароткі тэрмін пачаць працаваць на такіх станках і прыстасаваннях нерэальна. Як адзначыў Аляксей Карманаў, любая канструкцыя патрабуе дадатковай падрыхтоўкі выкладчыка, засваення метадычных рэкамендацый, якія трэба стварыць для лабараторных работ.

Лабараторыя матэрыялазнаўства абсталявана так, каб навучэнцы маглі, як гаворыцца, у рэжыме рэальнага часу працаваць з уласцівасцямі матэрыялаў. Прычым гаворка ідзе не пра тое, каб пачытаць у падручніку ці паглядзець відэа, а на ўласныя вочы ўбачыць, як адбываецца дэфармацыя металу ў розных умовах, як уплывае на яе час і сілавыя ўздзеянні.

Выкладчык па матэрыялазнаўстве Аляксандр Кудлаенка прадэманстраваў і нам гэты працэс, які мадэлюецца на камп’ютары. Будуецца графік, пасля можна адразу раздрукаваць схему — у выніку на падрыхтоўчую частку патрабуецца не так многа часу, што, у сваю чаргу, у разы павышае эфект практычнай адпрацоўкі. Мы ж з калегамі, на жаль, так і не дачакаліся разрыву металічнага стрыжня, бо нас чакалі ў іншых лабараторыях і майстэрнях. Напрыклад, у механічнай майстэрні апрацоўкі матэрыялаў шліфаваннем, дзе асваенне шліфавальных станкоў новага пакалення таксама адбываецца ў некалькі этапаў. Спачатку навучэнцы набіваюць руку на пластмасавых загатоўках, а пасля пераходзяць да металу.   

 У адкрыцці рэсурснага цэнтра прымалі ўдзел прадстаўнікі вытворчасці машынабудаўнічага профілю, якія выказалі жаданне на яго базе рыхтаваць ці перападрыхтоўваць кадры пад канкрэтныя рабочыя месцы. Непасрэдна на вытворчасці гэта зрабіць даволі складана, бо там усё і ўсе працуюць на выпуск прадукцыі і атрыманне прыбытку. А ў рэсурсным цэнтры ўсе неабходныя схемы можна па некалькі разоў сабраць, паглядзець, як працуюць, каб зразумець магчымасці пераносу такой схемы ва ўмовы прадпрыемства.

Як адзначыла дырэктар каледжа Наталля Дзерваед, рэсурсны цэнтр значна пашырае магчымасці каледжа, а значыць, і яго навучэнцаў, якія не згубяцца на сучасным рынку працы.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота Ірыны ІВАШКА.