Прафесійны партнёр і надзейны сябар

- 12:56Актуально, Навіны
24 мая ў Віцебску адбылося ўрачыстае адкрыццё рэгіянальнага прадстаўніцтва вядучага педагагічнага выдання краіны. У мерапрыемствах з нагоды знамянальнай падзеі прынялі ўдзел начальнік упраўлення адукацыі Віцебскага аблвыканкама Іван Шчурок і галоўны рэдактар установы “Рэдакцыя газеты “Настаўніцкая газета” Вадзім Кнышаў.

Праект “Творчае супрацоўніцтва і ўзаемадапамога ў сферы адукацыйных і інфармацыйных тэхналогій”, які стартаваў у кастрычніку 2011 года, за гэты час значна пашырыў свае геаграфічныя межы. Пагадненне аб пашырэнні супрацоўніцтва, падпісанае кіраўнікамі прафесійнага выдання і ўпраўлення адукацыі аблвыканкама, Начальнік упраўлення адукацыі Віцебскага аблвыканкама Іван Шчурок і галоўны рэдактар установы "Рэдакцыя газеты "Настаўніцкая газета" Вадзім Кнышаў падчас падпісання пагаднення. прадугледжвае паляпшэнне тэматычнай і змястоўнай насычанасці публікацый з улікам запытаў рэгіянальнай мэтавай аўдыторыі, а таксама актывізацыю інфармацыйнай падтрымкі перадавога педагагічнага вопыту. А Віцебшчыне ў гэтым плане, безумоўна, ёсць пра што расказаць і чым падзяліцца.

— Для педагагічнага калектыву нашай вобласці сёння знамянальны дзень, — адзначыў начальнік упраўлення адукацыі Віцебскага аблвыканкама Іван Шчурок. — Прафесійная газета становіцца бліжэй, а гэта ў першую чаргу азначае пашырэнне магчымасцей для супрацоўніцтва. У рэгіёне працуе каля 50 тысяч педагогаў. Абсалютная большасць з іх мае арыгінальныя метадычныя напрацоўкі, перадавыя ідэі. Вопыт некаторых прадстаўнікоў віцебскай педагагічнай школы без перабольшання можна назваць унікальным, вартым шырокага распаўсюджвання і пераймання. І, безумоўна, Віцебшчына ганарыцца сваімі таленавітымі дзецьмі. Спадзяюся, што ў найбліжэйшай будучыні на старонках “Настаўніцкай газеты” з’явіцца больш разнапланавай, цікавай і карыснай для калег з іншых рэгіёнаў інфармацыі з Віцебскай вобласці. А ў перспектыве, на маю думку, “Настаўніцкая газета” павінна стаць настольнай для кожнага настаўніка.

— Сёння газеце ўжо недастаткова быць своеасаблівым рэтранслятарам ідэй, мэт, задач, методык, распаўсюджвальнікам нарматыўна-прававых актаў, — падкрэсліў галоўны рэдактар “Настаўніцкай газеты” Вадзім Кнышаў. — Таму канцэпцыя яе паступова мяняецца: выданне паслядоўна становіцца прафесійным партнёрам педагогаў краіны, той інфармацыйнай пляцоўкай, на якой будзе адбывацца абмен педагагічнымі напрацоўкамі, а таксама методыкамі арганізацыі адукацыйнага працэсу ва ўстановах, аддзелах адукацыі Віцебшчыны. Менавіта з крупінак рэгіянальнага вопыту складваецца тая змястоўная палітра, якую ўяўляе сабой адукацыйная прастора Беларусі. Сучасны камплект мэблі - падарунак "Настаўніцкай газеты" сваім самым верным падпісчыкам. Кажуць, талент і сціпласць ідуць побач, што пацвярджаецца штодзённай працай Настаўніка. Надзвычай важна, каб педагагічны вопыт лепшых настаўнікаў краіны быў заўважаны і годна ацэнены. Нядрэнная дынаміка ў рэалізацыі сумеснага праекта “Настаўніцкай газеты” і ўпраўлення адукацыі Віцебскага аблвыканкама ў першым-другім кварталах 2013 года назіраецца па ўсёй вобласці, але самыя ініцыятыўныя і актыўныя нашы чытачы жывуць у Аршанскім раёне.

У другой палове дня ў горадзе чыгуначнікаў урачыстасці прадоўжыліся яркай інфармацыйна-рэкламнай акцыяй. Для сяброў газеты гасцінна расчыніў дзверы гарадскі Цэнтр культуры, сцэна якога на дзве гадзіны ператварылася ў эпіцэнтр феерычнага шоу. Канцэрт, падрыхтаваны выканаўцамі і творчымі калектывамі Віцебшчыны, удзельнікамі творчага праекта “Настаўніцкай газеты” “Звонкая раніца” і зоркамі беларускай эстрады, стаў прыемным сюрпрызам і запамінальным падарункам для гледачоў. Дружныя апладысменты загучалі ў зале ўжо падчас першага выступлення (песняй “Прыцягненне зямлі” праграму адкрыла вакальная група “Вакаліна” з Сянно), а потым яны калі і змаўкалі, то літаральна на некалькі хвілін, каб потым аднавіцца ўдзячнай авацыяй. Шчырыя ўсмешкі і непадробнае захапленне ў гасцей выклікалі канцэртныя нумары гаспадароў свята — аршанцаў. Гарэзлівыя “Коскі” ў выкананні Кацярыны Шчогалевай (сярэдняя школа № 14, кіраўнік Галіна Федасеенка), экспрэсіўная “Руская танцавальная”… Калі б Айседора Дункан — знакамітая на ўвесь свет цёзка тэатра танца “Айседора” сярэдняй школы № 14 пад кіраўніцтвам Таццяны Буланок — магла б пабачыць гэтае выступленне, яна б, несумненна, адчувала гордасць за сваіх таленавітых пераемнікаў. Танцавальныя мелодыі змянілі ўрачыстыя фанфары — гэта выйшаў павітаць удзельнікаў свята ўзорны духавы аркестр сярэдняй школы № 8 (кіраўнік Сяргей Даронін). Да сэрца кранула лірычная “Ластаўка” ў выкананні Алены Карпіцкай, уразіў фантазіяй, бездакорным адчуваннем стылю і выдатным уменнем ствараць арыгінальныя мастацкія вобразы тэатр касцюма “Вобраз” сярэдняй школы №3 (кіраўнікі Наталля Вінаградава і Алена Дзеравянка). Прэзентаваныя імі калекцыі “Тайна парыжанкі” і “Ад Каляд да Купалля”, безумоўна, заслугоўваюць высокай ацэнкі. Як і майстэрства маладых спевакоў і танцораў. Алеся Лязнюк і танцавальны калектыў з Дуброўна настолькі завялі публіку дасціпным і любімым у народзе “Чаму ж мне не пець”, што ў зале дзе-нідзе пачалі падпяваць — спачатку асцярожна, а потым дружна, на поўны голас! Цёпла прынялі гледачы выступленні Ірыны Ягоравай і вакальнага ансамбля “Сяброўкі” (сярэдняя школа № 14 Оршы, кіраўнік Галіна Федасеенка), Аляксандра Буева і танцавальнага калектыву дубровенцаў (якая была “Калінка” — гэта трэба было бачыць!). Вольга Шамархан уразіла вытанчана-ўзнёслым “Bound To You”, Мікіта Бянгальскі (сярэдняя школа № 6, кіраўнік Наталля Касцюкова) выклікаў шчырае захапленне і лёгкую настальгію па бязмежных марскіх прасторах песняй “Караблі”. Вольга Малец парадавала бліскучым выкананнем песні “Une Femme amoureuse”, падчас якога, дарэчы, была прэзентавана калекцыя тэатра дэкаратыўных дэталей адзення “Дэкор” Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі (кіраўнік Ірына Бяляўская). Далей перад гледачамі зайграла-зазіхацела іскрынкамі талентаў “Вогненная кветка” (танцавальны ансамбль гімназіі № 1, кіраўнік Алена Гаеўская). Ганна Дзямідава песняй “Тытанік” завяршыла першую частку праграмы і перадала эстафету зоркам айчыннай эстрады — Ірыне Афанасьевай і Пятру Ялфімаву.

Дарэчы, толькі на канцэртным шоу арганізатары акцыі не спыніліся. Самым верным сваім падпісчыкам — педагогам Аршаншчыны — газета падрыхтавала і перадала яшчэ адзін падарунак: сучасны камплект вучэбнай мэблі.
Паважаныя сябры! Нагадваем, што “Настаўніцкая” — гэта не толькі ваша газета, як чытачоў, але, найперш, і як пастаянных аўтараў. І мы рады бачыць матэрыялы педагогаў Віцебшчыны на сваіх старонках. Будзем разам!

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота Марыны ПЫРКОВАЙ.