Будучую прафесію ёй, дачцэ лесніка, яшчэ ў дзяцінстве нагаманілі векавыя дубы і хвоі, беластволыя прыгажуні бярозы і асілкі клёны. Тата вучыў дзяўчынку бачыць прыгажосць у засені старога бору, у бязмежных прасторах палёў, вучыў жыць у гармоніі з родным наваколлем.
Кожную раніцу школьнікі з невялікай вёсачкі Адцэда, каб дабрацца да школы, беглі да прыпынку, дзе спыняўся электрацягнік. Сярод дзяцей асаблівай самастойнасцю вылучалася дачка лесніка Надзя Ермаловіч. Яна клапацілася пра малодшых сяброў, сачыла за выкананнем правіл бяспечных паводзін, у некаторых нават правярала, як яны вывучылі верш на памяць.
Пасля ўрокаў усе чакалі “настаўніцу” ў школьным двары, і яна вяла іх дадому праз лес. Дарэчы, непадалёк знаходзіліся Цёмныя Ляды, леснічоўка, у якой малады настаўнік Кастусь Міцкевіч калісьці арганізаваў школку для сялянскіх дзяцей і вучыў іх грамаце на працягу двух гадоў. Па дарозе дзяўчынка расказвала шмат цікавых гісторый, чытала ўрыўкі з паэмы Якуба Коласа “Новая зямля”, вучыла, як правільна паводзіць сябе ў лесе, як не заблукаць і вызначыць шлях па сонцы ці па моху на дрэвах. Стары бор слухаў і моўчкі ківаў у знак згоды вершалінамі дрэў. І не здагадвалася Надзя, што сваю будучую прафесію яна выбрала тут, на лясных сцяжынках. Ніхто не здзівіўся, калі яна, скончыўшы Коласаўскую сярэднюю школу, стала студэнткай прыродазнаўчага факультэта Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка.
Гады вучобы праляцелі хутка, і маладая настаўніца пачала выкладаць геаграфію ў Заямнаўскай сярэдняй школе, што ў родным Стаўбцоўскім раёне. Вучыла дзяцей любіць малую радзіму, адкрывала яе таямніцы, праводзячы ўрокі і экскурсіі ў ваколіцах роднага краю. Як вынік — удзел вучняў у раённых прадметных алімпіядах, даследчых конкурсах і канферэнцыях. Работа “Вызначэнне ступені завалуненасці глебы тэрыторыі Заямнаўскага сельвыканкама” заняла на раённай даследчай канферэнцыі 1-е месца, на абласной — 3-е. Настаўніца актыўна ўдзельнічала ў грамадскім жыцці школы: святах, КВЗ, спартыўных спаборніцтвах. У аддзеле адукацыі заўважылі яе творчы патэнцыял і прапанавалі ўзначаліць установу адукацыі раёна. Цяжка было прыняць рашэнне, але падтрымалі калегі і сям’я.
У Горкаўскай сярэдняй школе новага дырэктара сустрэлі насцярожана: “Дваццаць сем гадоў — і ўжо дырэктар. Зусім дзяўчо”. Але паверылі ў яе, ды і імя ў яе — Надзея.
За чатыры гады работы кіраўніком установы, дзякуючы ўменню кіраваць і арганізоўваць, таленту дамаўляцца, удалося зрабіць шмат. “Не баяцца цяжкасцей. Вада камень точыць”, — гэтыя словы сталі дэвізам маладога дырэктара. Класы адзін за адным набывалі сучасны выгляд, з’явіліся новая столь у спартыўнай зале, новы дах у школьнай майстэрні і сталовай, у школьным калідоры адрамантавана падлога, закуплена новая мэбля. Дарэчы, з тымі, хто выконваў работы, заўсёды была побач і Надзея Вітальеўна. Няўрымслівая, яна падавала работнікам будаўнічы матэрыял, спрабавала тынкаваць, дапамагала выкладваць узор на падлозе, бачылі яе і на даху.
Добрыя зносіны з кіраўніцтвам мясцовага ААТ “Жацерава” дапамаглі ўкамплектаваць кабінет інфарматыкі новымі камп’ютарамі. Дваццаць пяць прыгожых крэслаў падарыў настаўнікам выпускнік В.І.Бягоўскі, а да Дня настаўніка ён прывёз у школу сталічных артыстаў, што стала сапраўдным сюрпрызам.
У скарбонцы маладога кіраўніка ўжо шмат узнагарод за добрасумленную працу ў сістэме адукацыі, за дасягненні ў спартыўна-масавых мерапрыемствах, за аздараўленне дзяцей і інш. Нядаўна да Дня настаўніка яна была ўзнагароджана Ганаровай граматай галоўнага ўпраўлення па адукацыі Мінскага абласнога выканаўчага камітэта за дасягнутыя поспехі ў арганізацыі вучэбнага і выхаваўчага працэсаў, высокі прафесіяналізм. Калектыў Горкаўскай сярэдняй школы ганарыцца сваім дырэктарам і радуецца яе дасягненням.
…Кожную раніцу прыгожая маладая жанчына вядзе свой аўтамабіль па маршруце “Стоўбцы — аг.Горкі”. З чым едзе на гэты раз? Можа, з прапановай, як святкаваць 75-годдзе роднай школы? Хто ведае? У кожнага паспяховага кіраўніка ёсць свае прафесіянальныя сакрэты. Шчаслівай дарогі, Надзея Вітальеўна!
Яніна ДУШКЕВІЧ,
настаўніца рускай мовы і літаратуры Горкаўскай сярэдняй школы Стаўбцоўскага раёна Мінскай вобласці.






