Прафесіяналізм і вопыт запатрабаваны заўсёды

- 10:19Адукацыйная прастора

30 гадоў спаўняецца Беларускаму грамадскаму аб’яднанню ветэранаў — аб’яднанню людзей, якія былі і застаюцца актыўнымі, цікаўнымі, жыццелюбівымі, з’яўляюцца добрым прыкладам для маладых і больш сталых супрацоўнікаў розных галін эканомікі.

Сярод іх нямала ветэранаў сістэмы адукацыі, а дакладней, больш за 93 600 чалавек, з якіх амаль 70 тысяч працуючых. Сярод ветэранаў-педагогаў ёсць адзін Герой Сацыялістычнай працы — Надзея Іванаўна Кавалец з Брэсцкай вобласці, больш за 600 заслужаных настаўнікаў Рэспублікі Беларусь, больш за 3 тысячы ветэранаў галіны ўзнагароджаны ордэнамі і медалямі.

У кожнага ветэрана сістэмы адукацыі за плячыма вялікі неацэнны вопыт. Нямала яго і ў выдатніка адукацыі члена прэзідыума Савета ветэранаў працы сістэмы адукацыі і галіновага прафсаюза пры Мінскім абкаме Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Аляксандра Сцяпанавіча Новіка, уладальніка Ганаровай граматы Вярхоўнага Савета БССР.

…У кабінеце старшыні Мінскага абкама прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Мікалая Мікалаевіча Башко можна ўбачыць фатаграфіі ўсіх кіраўнікоў адукацыйнай галіны вобласці. Аляксандр Сцяпанавіч працаваў на пасадзе начальніка ўпраўлення адукацыі Мінаблвыканкама даўжэй за ўсіх — 13 гадоў, пачынаючы з 1987 года (тады гэта было аблана, якое праз год стала ўпраўленнем). А ў свой час, калі А.С.Новіку быў толькі 31 год, яго, дырэктара сельскай школы, прызначылі кіраваць сістэмай адукацыі Старадарожскага раёна. Цяпер у краіне ёсць і больш маладыя кіраўнікі раённых аддзелаў адукацыі, спорту і турызму, але ўзроставы рэкорд Аляксандра Сцяпанавіча, цяпер ужо 77-гадовага ветэрана, пратрымаўся вельмі доўга.

— Многія работнікі апарату нашага абкама, былыя і цяперашнія работнікі ўпраўлення адукацыі — гэта людзі, якія прайшлі школу Аляксандра Сцяпанавіча, — гаворыць М.М.Башко. — Для сучасных педагогаў яго біяграфія ў сістэме адукацыі з’яўляецца ўзорна-паказальнай, бо сёння такі рух па кар’ернай лесвіцы рэдка калі ўбачыш: ад настаўніка пачатковых класаў да начальніка ўпраўлення адукацыі аблвыканкама, не мінуючы ні адной прыступкі. Мы заўсёды рады, калі ён прыходзіць да нас, дзеліцца вопытам і назіраннямі.

Нарадзіўся А.С.Новік у вёсцы Плюсне Любанскага раёна. Гадавала сына адна маці, бо бацька загінуў на вайне, сям’я не пазбегла сталінскіх рэпрэсій… Вучыўся ж юнак з цікавасцю. Пасля заканчэння школы паступіў у Нясвіжскае педагагічнае вучылішча імя Якуба Коласа, дзе ў той час выкладалі вельмі цікавыя педагогі, напрыклад, Паўлюк Прануза, былы франтавік, пазней вядомы паэт; будучы дэкан факультэта рускай і мовы і літаратуры Мінскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя А.М.Горкага Анатоль Майсеевіч Бардовіч.

Наколькі актыўным і энергічным быў будучы настаўнік, сведчыць хаця б той факт, што падчас вучобы юны Саша Новік атрымаў спартыўныя разрады па 12 відах спорту: бегу на розныя дыстанцыі, скачках у даўжыню і іншых. Дарэчы, у адной групе з ім вучыўся будучы дырэктар Нясвіжскага педагагічнага каледжа імя Якуба Коласа Валянцін Бруй. Але заканчваў вучобу Аляксандр Новік у Пінскім педвучылішчы, бо Нясвіжскае расфарміравалі.

Па размеркаванні малады чалавек павінен быў працаваць на Брэстчыне, але, клапоцячыся пра маці, ён звярнуўся да міністра народнай адукацыі з просьбай накіраваць яго на работу на радзіму. Так і апынуўся А.С.Новік у Прускай сямігадовай школе Старадарожскага раёна — ішоў 1957 год. У 2015 годзе гэтай школе, між іншым, споўнілася 100 гадоў.

— Далі мне першы, трэці і чацвёрты класы, — узгадвае Аляксандр Сцяпанавіч. — Жыў у Плюсне, за некалькі кіламетраў ездзіў на работу.

Але выкладаць маладому педагогу давялося і гісторыю, і геаграфію, і фізкультуру. Ён таксама арганізаваў школьны ансамбль, нават на свае грошы набыў музычныя інструменты. З цягам часу стаў завучам, паступіў на геаграфічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта імя У.І.Леніна, які закончыў у 1965 годзе. І хутка яго прызначылі дырэктарам Прускай школы, якая на той час з сямі стала васьмігадовай.

А ў 1970 годзе яшчэ малады, але вопытны педагог стаў загадчыкам аддзела народнай адукацыі Старадарожскага раёна, прычым у той час на такія пасады прызначалі людзей, якім споўнілася не менш за 35 гадоў.

— Выклікалі мяне да міністра Міхаіла Гаўрылавіча Мінкевіча, які павінен быў узгадніць маю кандыдатуру, — расказвае Аляксандр Сцяпанавіч, — а ён паглядзеў на мяне і гаворыць: “Дык ты ж зялёны! Едзь яшчэ вучыся!” Я і пайшоў. Але сакратар міністра мяне спыніла, я вярнуўся да яго. Прызначэнне адбылося з умовай ад міністра трымаць усе школы раёна ў поўным парадку.

І пра сваё даручэнне М.Г.Мінкевіч не забыў — праз нейкі час раптоўна прыехаў праверыць работу маладога загадчыка. Убачаным застаўся задаволены, а кіраўніку Лескаўскай пачатковай школы аднакурсніцы А.С.Новіка Ніне Іванаўне Безбародзька за бездакорную работу вырашыў прысвоіць званне “Заслужаны настаўнік БССР”. Праўда, убачыў міністр народнай адукацыі і старую школу ў іншай вёсцы, загадаў пабудаваць новую, што пазней і было зроблена. Будавалі тады многа, у тым ліку на сяле.

Пазней Аляксандр Сцяпанавіч Новік быў загадчыкам аддзела прапаганды і агітацыі Старадарожскага райкама партыі, інструктарам аддзела навукі і вучэбных устаноў Мінскага абкама партыі — крок за крокам, прыступка за прыступкай. Не пакідалі яго энергія, ініцыятыўнасць, гатоўнасць браць адказнасць на сябе. Усё гэта, канечне, спатрэбілася майму суразмоўцу і на пасадзе кіраўніка адукацыйнай галіны Мінскай вобласці. А гэта было на той час 900 школ, амаль 800 дзіцячых садоў, больш за 30 ПТВ, 3 педагагічныя каледжы, 26 школ-інтэрнатаў, некалькі дзіцячых дамоў. І педагогаў у вобласці працавала больш за 34 тысячы чалавек. Ды і час быў няпросты, пасляперабудовачны: тут і распад СССР, і эканамічныя цяжкасці. Сістэма адукацыі вобласці, як і ўсёй краіны, выстаяла, стала на шлях інавацый, у тым ліку дзякуючы такім людзям, як Аляксандр Сцяпанавіч Новік.

Сёння ветэран ахвотна расказвае моладзі і пра тое, як гэта ўдалося, і пра многае іншае. Ветэраны сістэмы адукацыі і ў сталым узросце не губляюць цікавасці да жыцця, да любімай работы. Вось і ў хуткім часе ў Мінскай вобласці плануецца правесці сумеснае пасяджэнне Савета ветэранаў і маладзёжнага савета пры абкаме галіновага прафсаюза.

Марына ХІДДЖАЗ.