Увесь гэты тыдзень быў прысвечаны святочным мерапрыемствам з нагоды Дня настаўніка. Але самае галоўнае прайшло ў сераду, 30 верасня, у Палацы прафсаюзаў, дзе сабраліся 500 лепшых выхавальнікаў, педагогаў, кіраўнікоў сістэмы адукацыі з усіх рэгіёнаў краіны і Мінска. Каля 100 з іх атрымалі ўзнагароды рознага ўзроўню.
У віншаванні прэзідэнта нашай краіны, якое зачытаў намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Ігар Бузоўскі, адзначана, што на педагогаў ускладзена найважнейшая місія навучання і выхавання маладых грамадзян Беларусі. Адна з найважнейшых задач педагога — прывіваць дзецям любоў да Радзімы, павагу да традыцый, імкненне да ведаў і творчасці. “Няхай вучні бачаць у вас не толькі прафесіянала, які шчыра любіць свой прадмет, але і старэйшага таварыша, лідара, які ўмее натхніць на добрыя справы, павесці за сабой. А для гэтага неабходны шырокая эрудыцыя, веданне педагагічных методык, высокія маральныя якасці і добрасумленнае стаўленне да справы”, — гаворыцца ў віншаванні кіраўніка дзяржавы.Ігар Бузоўскі ў сваім віншавальным слове адзначыў: “Сёння па-рознаму глядзяць на новыя павевы не толькі ў сферы адукацыі, але і эканоміцы, сацыяльнай палітыцы і іншых сферах. Але асноўная стратэгія, якая выбіраецца, нацэльвае на адно — захаванне лепшых традыцый”. Ён пажадаў сістэме адукацыі захаваць лепшыя традыцыі, лепшых педагогаў, якія дадуць магчымасць выхаваць не проста разумных маладых людзей, але і сапраўдных грамадзян, якія стануць здабыткам Беларусі. Акрамя таго, Ігар Бузоўскі лепшым педагогам уручыў ганаровыя граматы і падзякі Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі. За шматгадовую працу ў сістэме адукацыі нагрудным знакам Міністэрства адукацыі “Выдатнік адукацыі” былі ўзнагароджаны 10 чалавек, а ганаровай граматай міністэрства — 12 чалавек.
“Прафесія педагога вельмі важная. Ад працы педагога залежыць будучыня краіны, яны вызначаюць яе аблічча, паколькі фарміруюць і выхоўваюць наша маладое пакаленне”, — адзначыў міністр адукацыі Міхаіл Жураўкоў. Паводле яго слоў, дзяржава асабліва клапоціцца аб педагогах, паколькі іх работа адносіцца да сацыяльнай сферы. “Мы цяпер вельмі дасканала прапрацоўваем далейшыя сацыяльныя гарантыі для педагога, асабліва такой катэгорыі, як маладыя спецыялісты, якія прыходзяць на работу, яшчэ не маючы добрага фінансавага базісу”, — сказаў міністр.Усім педагогам краіны міністр адукацыі пажадаў творчых, крэатыўных, працавітых вучняў, а таксама пастаяннага ўдасканалення ў сваёй прафесіі, працавітасці і здароўя.Са словамі віншавання і падзякі да настаўнікаў краіны звярнуўся і старшыня Белтэлерадыёкампаніі Генадзь Давыдзька, які з задавальненнем адзначыў, што сучасны настаўнік — гэта малады і ініцыятыўны чалавек, здольны павесці за сабой. Да слоў Генадзя Браніслававіча далучыўся дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь старшыня пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па адукацыі, навуцы і культуры Аляксандр Сягоднік, які заўважыў, што яму вельмі прыемна быць часткай такога вялікага і магутнага педагагічнага калектыву.
“Настаўнік — прафесія ад бога, а ўсе астатнія прафесіі ад яго”, — адзначыў у сваім віншаванні старшыня Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі Аляксандр Бойка.За высокія паказчыкі ў развіцці сацыяльнага партнёрства Беларускі прафсаюз работнікаў адукацыі і навукі павіншаваў больш за 20 педагагічных дынастый з усіх рэгіёнаў Беларусі. Гонар і павагу, напэўна, адчуваў кожны, калі прадстаўнікі дынастый падымаліся на сцэну. Мне ж было вельмі прыемна сярод узнагароджаных бачыць аўтараў і герояў шматлікіх публікацый нашай газеты. Віншуем!
Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.