У Беларусі ад грыпу прышчэплена ўжо 27,6 працэнта насельніцтва, паведамілі ў прэс-службе Міністэрства аховы здароўя.
Актыўная фаза кампаніі вакцынацыі супраць грыпу прадоўжыцца да канца лістапада. Перыяд кастрычніка — лістапада з’яўляецца самым спрыяльным часам для вакцынапрафілактыкі. Усяго прафілактычныя прышчэпкі супраць грыпу ў 2017 годзе плануецца зрабіць не менш як 40 працэнтам насельніцтва Беларусі, (больш як 3,8 млн чалавек).
Асаблівая ўвага ўдзяляецца слабаабароненаму кантынгенту насельніцтва. У яго ліку — медработнікі (прышчэплена больш за 60 працэнтаў), дзеці ва ўзросце да 3 гадоў, дзеці і дарослыя з рознымі хранічнымі захворваннямі, асобы старэйшыя за 65 гадоў і цяжарныя (прышчэплена больш за 30 працэнтаў). Рызыка развіцця наступстваў пасля захворвання на грып у апошніх вельмі высокая.
Вакцынапрафілактыка з’яўляецца адзінай навукова абгрунтаванай, эканамічна мэтазгоднай і сацыяльна апраўданай стратэгіяй папярэджання грыпу і зніжэння захваральнасці на ВРІ, выкліканыя іншымі рэспіраторнымі вірусамі. Дзякуючы планавай вакцынацыі, за апошнія 5—6 гадоў узровень захваральнасці на грып у Беларусі знізіўся ў 14—15 разоў. Аналіз выпадкаў часовай страты працаздольнасці сярод рабочых і служачых прадпрыемстваў паказаў, што вакцынацыя дае прыкметны эканамічны эфект. Напрыклад, на заводзе “Атлант” розніца ў захваральнасці на ВРІ сярод прышчэпленых і непрышчэпленых складае 3—5 разоў. Грып сустракаецца ў адзінкавых выпадках.
Паводле прагнозаў СААЗ, у бягучым эпідэмічным сезоне на тэрыторыі паўночнага паўшар’я будуць цыркуляваць тры штамы віруса грыпу: два аналагічныя мінулагоднім і адзін новы, які раней не цыркуляваў шырока, імунітэт у насельніцтва да яго не сфарміраваны (A/Michigan/45/2015 (H1N1) pdm09-like virus).