Прафіцыт бюджэту Беларусі на 2018 год чакаецца ў памеры Br730 млн, паведаміў журналістам міністр фінансаў Уладзімір Амарын на палях пасяджэння Савета Міністраў Саюзнай дзяржавы.
“У праекце бюджэту прафіцыт Br730 млн, гэта 0,6—0,7 працэнта ВУП”, — адзначыў Уладзімір Амарын. Прафіцыт плануецца накіраваць на пагашэнне дзяржаўнага доўгу.
Уладзімір Амарын таксама праінфармаваў, што бюджэт павінен быць падрыхтаваны да 20 снежня.
Як паведамлялася, асаблівасцю праекта прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця на 2018 год з’яўляецца аднаўленне ўнутранага попыту. У аснову праекта прагнозу пакладзены два сцэнарыі развіцця. Першы — мэтавы, які ў асноўным забяспечвае выхад на траекторыю росту эканомікі, прадугледжаную пяцігадовай праграмай. Другі — кансерватыўны, на базе якога разлічаны праект бюджэту. Пры мэтавым сцэнарыі цана нафты прагназуецца на ўзроўні $45,9 за бараль, курс расійскага рубля — 60,5 за долар, тэмп росту расійскай эканомікі — 101,7 працэнта, кошт калійных угнаенняў — $205 за т. У адпаведнасці з праектам прагнозу, тэмп росту ВУП у 2018 годзе складзе 103,4 працэнта, тэмп росту прадукцыйнасці працы — 102,8 працэнта, тэмп росту экспарту тавараў і паслуг — 106 працэнтаў. Сальда знешняга гандлю таварамі плануецца на ўзроўні мінус $33,4 млн, прамыя замежныя інвестыцыі на чыстай аснове — $1,45 млрд.