Прага перамагчы

- 10:39Адукацыйная прастора

Больш за 1000 навучэнцаў прынялі ўдзел у абласным этапе рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах на Віцебшчыне.

— У Віцебску прайшлі этапы алімпіяды па матэматыцы, фізіцы, інфарматыцы, біялогіі, хіміі, геаграфіі, працоўным навучанні, замежных мовах, — паведаміла начальнік аддзела агульнаадукацыйнай падрыхтоўкі ўпраўлення адукацыі аблвыканкама Алена Багдановіч. — Орша ў гэтыя дні прымала юных знаўцаў гісторыі, грамадазнаўства, рускай мовы і літаратуры, Полацк — беларускай мовы і літаратуры.
Сярод пераможцаў абласнога этапу алімпіяды па матэматыцы — навучэнцы як гарадскіх, так і сельскіх школ. Іх геаграфія даволі шырокая, тым не менш лепшыя вынікі дэманструюць пераважна гімназіі. Хаця трэба сказаць, што сёлета асноўная канкурэнцыя была паміж віцяблянамі — вучнямі Аляксандра Шугаля з гімназіі № 2 (2 дыпломы І, па адным — ІІ і ІІІ ступені) і Наталлі Шчагловай з сярэдняй школы № 31 (па 2 дыпломы І і ІІІ ступені). Узнагароды пераможцам уручыў намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па адукацыі, навуцы і культуры Міхаіл Волкаў.— У вобласці заўсёды была якасна арганізавана падрыхтоўка да алімпіяд, — расказаў Міхаіл Мікалаевіч. — Магу гэта дакладна сцвярджаць, таму што на працягу 21 года асабіста ўдзельнічаў у алімпіядным руху і падрыхтаваў за гэты час 186 пераможцаў заключнага этапу рэспубліканскай прадметнай алімпіяды — прычым у асноўным з дыпломамі першай і другой катэгорыі, — а таксама 18 пераможцаў міжнародных алімпіяд. Нельга не згадаць вялікую работу, якую сумесна праводзяць установы адукацыі, органы кіравання адукацыяй, абласны ІРА і вышэйшая школа. У той жа час з уласнага вопыту хочацца засцерагчы калег: каб не спыніцца на адзінкавым выніку, неабходна сістэмная праца! Пакуль найчасцей так: прыйдзе таленавіты вучань, ашчаслівіць перамогай настаўніка, вобласць, рэспубліку — і ўсё, ні да, ні пасля яго “зорак” у педагога няма. Калі вы плануеце граматна працаваць з удзельнікамі алімпіяд — паглядзіце, за кошт чаго той вучань выйграў, якія артыкулы і тэмы разбіраў, што ён зрабіў для таго, каб перамагчы, як з ім працуюць тыя выкладчыкі, якія вам дапамагаюць. Пры гэтым звярніце ўвагу: сёння многія настаўнікі ўзаемадзейнічаюць у сістэме з выкладчыкамі вышэйшай школы, са сваімі калегамі праз інтэрнэт. Але тое, што перамогі іх вучняў — вынік калектыўнай працы, замоўчваюць. Лічу, што падобнае недапушчальна. Эфектыўныя індывідуальныя сістэмы падрыхтоўкі ўдзельнікаў алімпіяды па вучэбных прадметах ёсць у нашых лепшых педагогаў, вучні якіх штогод дэманструюць высокія вынікі на алімпіядах. Адразу некалькі настаўнікаў зараз выходзяць на свае сістэмы. Доўгі час Віцебшчына была першай сярод абласцей па выніках рэспубліканскай прадметнай алімпіяды, саступаючы толькі Мінску. Спадзяюся, што неўзабаве мы вернем лідарства.
Як тут не паверыць у магію лічбаў: на абласной алімпіядзе па фізіцы гімназію № 7 Віцебска прадстаўлялі сямёра навучэнцаў Алены Маруцько. І, вобразна кажучы, занялі амаль увесь п’едэстал: з чатырох “першых” дыпломаў заваявалі тры (адзін саступілі вучню Алены Грыгор’евай з сярэдняй школы № 16 Полацка Віталю Вістунову), такая ж колькасць дыпломаў ІІ і адзін ІІІ ступені.
— Заданні складаныя, але дзеці рыхтуюцца да алімпіяды і нельга сказаць, што для іх гэта быў нечакана высокі ўзровень, — пракаменціравала Алена Маруцько. — Напэўна, таму мы так і выступілі. Калі параўноўваць з вынікамі мінулага года, то я не магу сказаць, што ў нас ёсць нейкае паляпшэнне ці пагаршэнне: проста наша каманда колькасна павялічылася.
У ліку ўдзельнікаў абласнога этапу алімпіяды па фізіцы было пяцёра навучэнцаў з Масквы. Падобная практыка ўзаемных паездак (школьнікі Прыдзвіння таксама ўдзельнічаюць ва Усерасійскай алімпіядзе) склалася дзякуючы супрацоўніцтву з Маскоўскім цэнтрам дадатковай адукацыі.
— Мы ажыццяўляем сумесную комплексную работу па падрыхтоўцы адораных дзяцей. Тройчы за год арганізуем вучэбныя зборы на базе санаторыя “Жамчужына” ў Лепельскім раёне. З навучэнцамі займаюцца вядучыя педагогі-наватары і выкладчыкі ўстаноў вышэйшай адукацыі — патлумачыла намеснік дырэктара гімназіі № 7 Віцебска па вучэбнай рабоце Алена Маруцько. — Масквічы ўдзельнічаюць у абласным этапе алімпіяды пяты раз, прыязджаюць штогод. Яны зацікаўлены ў гэтым выступленні, таму што наша алімпіяда па сваім фармаце адрозніваецца ад усерасійскай і максімальна набліжана да міжнароднай — для расіян вопыт вельмі каштоўны. Выступілі яны досыць добра: пяцёра ўдзельнікаў забралі 4 дыпломы рознай вартасці.
Алімпіяда па інфарматыцы на Віцебшчыне таксама мае сваю ўнікальную спецыфіку. У педагагічнай грамадскасці на слыху гучныя перамогі вучняў Веранікі Лакціной на міжнародных алімпіядах. Але мала каму вядома, што за апошнія 9 гадоў 5 разоў абсалютнымі пераможцамі абласной алімпіяды па інфарматыцы (дзе звычайна ўдзельнічае каля 95 працэнтаў юнакоў) станавіліся вучаніцы Веранікі Паўлаўны: у 2008 годзе Дзіяна Міхасёва (гімназія № 8 Віцебска), у 2010-м — Ірына Уласенка (гімназія № 8 Віцебска), у 2013-м — Таццяна Пятрашка (гімназія № 8 Віцебска), у 2014-м — Барбара Кускова (гімназія № 1 Віцебска), у 2016-м — Марыя Ізобава (гімназія № 1 Віцебска). Ні ў адной вобласці Беларусі абсалютнымі пераможцамі алімпіяды па інфарматыцы дзяўчаты не былі.
— У сёлетнім абласным этапе алімпіяды прынялі ўдзел 20 маіх вучняў 9—11 класаў, — адзначыла Вераніка Лакціна. — З іх 17 узялі дыпломы. Таксама ў алімпіядзе паспрабавалі сілы 5 маіх сямі- і васьмікласнікаў (іх па выніках раённага этапу запрасілі на абласную алімпіяду для 9—11 класаў). На жаль, узровень алімпіяды быў занадта высокім і не дазволіў ім узяць дыплом. Раней у Віцебскай вобласці праводзілі абласныя алімпіяды для 7—8 класаў і яны вельмі спрыялі развіццю алімпіяднага руху: будучых удзельнікаў мы пачынаем рыхтаваць з 5—6 класа, таму ў 7—8 ім пара спрабаваць свае сілы на абласным узроўні, прычым менавіта для гэтых класаў (ім не па сілах ра-шаць аднолькавыя задачы з 9—11 класам). Заданні былі адназначна больш складаныя. Затое ў правільнасці выстаўлення балаў ні ў кога з нас сумненняў няма і не можа быць: пры праверцы поўнасцю выключаны суб’ектыўны фактар, выкананыя заданні ацэньваюцца аўтаматычна. Гэта добра — усе ў роўных умовах, няма апеляцый. З другога боку, адзін з нашых навучэнцаў у каментарыі паставіў сваю задачу — і згубіў 100 балаў: камп’ютар рашэнне не ўбачыў і не залічыў. І гэта не адзінкавы такі выпадак. На заключны этап рэспубліканскай алімпіяды паедуць 9 маіх вучняў. Наперадзе — 2 месяцы інтэнсіўнай падрыхтоўкі. Усё цяпер залежыць ад іх працавітасці, арганізаванасці, жадання перамагчы.

Таццяна БОНДАРАВА.