Прагматычнае супрацоўніцтва з Саветам Еўропы на карысць абодвум бакам

- 11:45Інфармацыйная гадзіна

Беларусь зацікаўлена ў развіцці прагматычнага супрацоўніцтва з Саветам Еўропы, заявіў намеснік старшыні Палаты прадстаўнікоў Баляслаў Пірштук у час сустрэчы з дакладчыкам па Беларусі камісіі Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы па палітычных пытаннях і дэмакратыі Андрэа Рыгоні.

“Мы вельмі зацікаўлены ў развіцці прагматычнага супрацоўніцтва з Саветам Еўропы, у першую чаргу ў плане далучэння да канвенцый і пагадненняў”, — падкрэсліў Баляслаў Пірштук. Ён нагадаў, што 17 лістапада Беларусь ратыфікавала дадатковы пратакол Канвенцыі супраць прымянення допінгу. “Мы бяром на сябе дадатковыя абавязацельствы і тым самым пацвярджаем, што зацікаўлены ў чысціні спорту”, — адзначыў намеснік старшыні Палаты прадстаўнікоў.

Баляслаў Пірштук заявіў, што ў адносінах з ПАСЕ намеціўся прагрэс. “Мы вельмі адказна працуем над рэалізацыяй плана Савета Еўропы для Беларусі на 2016—2017 гады, спадзяёмся, што гэты план будзе распаўсюджвацца і на 2018 год. Мы ў гэтым зацікаўлены”, — сказаў ён.

Віцэ-спікер звярнуў увагу, што Беларусь вітае рашэнне ПАСЕ аб падтрыманні кантактаў высокага ўзроўню з беларускімі ўладамі. “Упэўнены, што гэта дае магчымасць нам лепш адчуць сітуацыю і яшчэ больш зблізіць нашы пазіцыі”, — падкрэсліў Баляслаў Пірштук, дадаўшы, што Беларусь зацікаўлена ў арганізацыі ў 2018 годзе сустрэчы кіраўніцтва беларускага парламента і ПАСЕ.

“Таксама мы вельмі пазітыўна ацэньваем крок, які накіраваны на запрашэнне нашых дэпутатаў на пасяджэнні Парламенцкай асамблеі па розных тэмах”, — канстатаваў Баляслаў Пірштук.

У 2015—2017 гадах адзначаецца актывізацыя дыялогу ПАСЕ з парламентам Беларусі. Беларускія прадстаўнікі прымалі ўдзел у слуханнях аб сітуацыі ў Беларусі камісіі ПАСЕ па палітычных пытаннях і дэмакратыі, а таксама ў канферэнцыях ПАСЕ па выбарчай праблематыцы, пытаннях свабоды СМІ і аховы здароўя.

Для збору інфармацыі для падрыхтоўкі новай рэзалюцыі ПАСЕ па Беларусі Андрэа Рыгоні 23—24 сакавіка 2017 года наведаў Беларусь, а 27 чэрвеня 2017 года ПАСЕ прыняла даклад “Сітуацыя ў Беларусі”. У дакуменце адлюстравана неабходнасць “прадоўжыць дзейнасць і падтрыманне кантактаў высокага ўзроўню з беларускімі ўладамі”, рэгулярнага запрашэння парламентарыяў Беларусі на пасяджэнні камісіі ПАСЕ па палітычных пытаннях і дэмакратыі.

У сваю чаргу дакладчык па Беларусі камісіі Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы па палітычных пытаннях і дэмакратыі Андрэа Рыгоні адзначыў пазітыўныя крокі ў развіцці супрацоўніцтва Беларусі і Савета Еўропы.

“Пазітыўны крок у нашым супрацоўніцтве — гэта тэндэнцыя запрашэння беларускіх дэпутатаў на два гады прысутнічаць у ПАСЕ. Лічу, што гэта пазітыўны момант, бо ў практыцы, што існавала да гэтага, было толькі запрашэнне прадстаўнікоў Беларусі для абмеркавання аднаго пытання — пытання Беларусі. Са студзеньскай сесіі дэлегацыя, якую вы накіруеце ў Страсбург, будзе мець магчымасць удзельнічаць у абмеркаванні ўсіх пытанняў у рамках палітычнай камісіі. Гэтае рашэнне — скачок іншага ўзроўню ў нашых адносінах”, — падкрэсліў Андрэа Рыгоні.

Ён нагадаў, што ПАСЕ займаецца правамі чалавека і іх абаронай. “У чэрвеньскім дакладзе мы пералічылі ўсе пазіцыі, якія адзначылі адносна Беларусі. Мы прызналі ўсе пазітыўныя крокі, якія былі зроблены, але і адначасова падкрэслілі, што яшчэ трэба зрабіць. Наша канчатковая мэта — увесці Беларусь у Савет Еўропы”, — сказаў Андрэа Рыгоні.